Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі 2 з 16 фігурантаў «справы Ўцюрына» не прызналі сваёй віны


Гэта кіраўнік упраўленьня Нацыянальнага банку Ігар Кудасаў і суўладальнік кампаніяў «Салідэкс ПІ» і «Салідэкс» Сяргей Пакрышкін. Іншыя 14 абвінавачаных пагадзіліся з агучанымі пракурорам матэрыяламі справы.

Ігар Кудасаў затрыманы 31 студзеня 2019 году, за кратамі ён больш за год. Да арышту ўзначальваў галоўнае ўпраўленьне платнай сыстэмы і лічбавых тэхналёгіяў Нацыянальнага банку. Паводле матэрыялаў справы, яго абвінавачваюць у атрыманьні хабару на агульную суму ня менш за 30 тысяч даляраў, а таксама ў даваньні хабару.

Падчас агучваньня матэрыялаў абвінавачваньня пракурор згадаў, што паводле вынікаў расьследаваньня Кудасаў за грошы спрыяў заключэньню кантрактаў паміж кампаніяй ІВА і Нацыянальным банкам. Дамовы тычыліся ў тым ліку паставак і мантажу абсталяваньня для сэрвэраў банку.

На пытаньне судьдзі, ці прызнае ён сваю віну ў агучаных дзяржаўным абвінаваўцам злачынствах, Кудасаў адказаў, што цалкам яе адмаўляе. Ён стаў адзіным з 16 фігурантаў «справы Ўцюрына», які не пагадзіўся з высновамі сьледчых КДБ.

Да Кудасава матэрыялы абвінавачваньня часткова аспрэчыў толькі грамадзянін Расеі Віталь Гарбачоў, якога вінавацяць у даваньні хабару намесьніку сакратара Савету бясьпекі Андрэю Ўцюрыну. Гарбачоў заявіў суду, што ў адным з эпізодаў прызнае сваю віну часткова. Сам Уцюрын з абвінавачваньнем пагадзіўся цалкам, аднак зазначыў, што ня цалкам згодны з кваліфікацыяй яго дзеяньняў.

Андрэй Уцюрын
Андрэй Уцюрын

Іншым фігурантам справы, які не прызнаў сваёй віны, стаў суўладальнік кампаніяў «Салідэкс ПІ» і «Салідэкс» Сяргей Пакрышкін. Паводле матэрыялаў справы, яго вінавацяць у перадачы як мінімум 125 тысяч даляраў хабару былому старшыні праўленьня ААТ «Беларускі міжбанкаўскі разьліковы цэнтар» Феліксу Касьпяровічу і былому намесьніку начальніка галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгіяў Нацыянальнага банку Андрэю Падгорнаму, а таксама 70 тысяч даляраў кіраўніку «Белтэлекаму» Сяргею Сівадзедаву.

Сяргей Сівадзедаў
Сяргей Сівадзедаў

Зачытваць матэрыялы абвінавачваньня скончылі толькі на другі дзень працэсу. У справе 47 тамоў матэрыялаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG