Прагаласаваць на першых у гісторыі Гарадка палітычных праймэрыз прыйшлі 8 чалавек.
Перамог старшыня руху «За Свабоду» Юры Губарэвіч.
«Колькі ў нас разумных людзей!»
Першыя праймэрыз пяцёрка кандыдатаў ад апазыцыйнай правацэнтрысцкай кааліцыі вырашыла правесьці на Віцебшчыне, у Гарадку.
Зь невялікага выбару мясцовых памяшканьняў спыніліся на актавай залі дзіцячай мастацкай школы побач з помнікам Леніну.
Раяль, які стаяў на сцэне, прыкрылі партыйнымі банэрамі і сьцягамі. За арэнду заплацілі 50 рублёў, удзельнікаў галасаваньня запрашалі праз сацыяльныя сеткі і мясцовых актывістаў.
Пачаліся выступы кандыдатаў на паўгадзіны пазьней заплянаванага часу — людзі на сустрэчу спазьняліся, і кандыдаты на «адзінага» вырашылі прайсьціся па Гарадку экскурсіяй. Пабачыўшы скульптуру «Тарас на Парнасе», нехта зь іх прапанаваў зрабіць агульнае фота на манэр ужо неактуальнага супольнага здымку з Ганнай Канапацкай. Апазыцыянэры ахвотна пагадзіліся.
Агітаваць за сябе патэнцыйныя «адзіныя» пачалі яшчэ да выступаў. Мікалай Казлоў зь Юрыем Губарэвічам раздавалі ўлёткі са сваімі партрэтамі (Казлоў меў нават два варыянты), Павал Севярынец — буклеты БХД. Вольга Кавалькова з Аляксеем Янукевічам прамацыйных матэрыялаў пры сабе ня мелі, таму актыўна знаёміліся з мясцовымі актывістамі асабіста.
«Колькі ў нас разумных людзей!», — захоплена вымавіла адна з гарадоцкіх актывістак на задніх шэрагах. «І прыгожых!», — дадала яе каляжанка.
Імпрэзу вёў Віталь Рымашэўскі. Прапанаваў пачаць з уручэньня імянных пасьведчаньняў кандыдатам. Прагучалі воплескі.
«Галасаваць можна толькі маючы мясцовую прапіску», — папярэдзіў Рымашэўскі. І дадаў, што заля арандаваная да 20.00. Кожнага на ўваходзе заносілі ў сьпіс і правяралі дакумэнты. Бюлетэні выдавалі тым, хто з пашпартам.
«Стратэгіі перамогі ў 2020 годзе я ня маю»
Першым змагацца за права стаць «адзіным» стаў сустаршыня БХД Павал Севярынец.
«Добры дзень, дарагія землякі, — пачаў ён. — Крыніцай улады зьяўляецца народ. Тыя людзі, якія за 20 з гакам гадоў ужо стаміліся... Тое, што будзе адбывацца ў 2020 годзе, — гэта чарговы спэктакль, які ладзяць Лукашэнка і Ярмошына».
Сказаў Севярынец таксама пра вялікую колькасьць абортаў, самагубстваў, разваленую эканоміку, жабрацкія пэнсіі, мільён беларусаў, якія працуюць за мяжой, адсутнасьць беларускамоўнага універсытэту ды іншыя несправядлівыя, на думку Паўла, рэчы. Заявіў, што гатовы пачынаць масавыя мірныя акцыі пратэсту ўва ўсёй Беларусі. І заклікаў дамагацца адстаўкі Лідзіі Ярмошынай. «Будзем ладзіць байкот, — казаў Павал. — Жыве Беларусь!». Прамаўляў пяць хвілін, выклікаў гучныя аплядысменты.
Пасьля Севярынца мікрафон далі Юрыю Губарэвічу. «Я як прэтэндэнт на гэтую пасаду (прэзыдэнта Беларусі. — РС) ведаю, што трэба рабіць, — сказаў Губарэвіч. — Я маю адпаведную адукацыю, я атрымліваў перамогі пры гэтай уладзе... Я родам з такога ж невялікага гарадка, мястэчка, зь Белаазёрску. Я ведаю, як цяжка, калі ты выступаеш супраць мясцовых чыноўнікаў. Як цяжка знайсьці тут працу».
Расказаў Губарэвіч пра тое, што арыентуецца на заходнюю дэмакратыю і верыць у перамогу на выбарах. «Я перакананы, што Беларусь зьменіцца, і я гатовы ўзяць за гэта адказнасьць», — скончыў Губарэвіч. Таксама пачуў воплескі.
Трэцім выступіў старшыня АГП Мікалай Казлоў. Сказаў, што ў палітыцы нядаўна, але ўжо гатовы выступіць у якасьці адзінага кандыдата. Паведаміў, што 17 гадоў працаваў у крымінальным вышуку, займаўся пераважна раскрыцьцём крадзяжоў.
«На чым стаіць Лукашэнка? Лукашэнка стаіць на карупцыі, — паведаміў Казлоў жыхарам Гарадка. — Што такое Дразды? Дразды — гэта карупцыя. Калі мы паглядзім на чыноўнікаў, то мы адразу зразумеем, што зарабіць на такое нельга. Карупцыя — гэта галоўнае. У гэтай сфэры я прафэсіянал. Я насамрэч добры апэратыўнік».
Дадаў таксама, што мае вялікую прафэсійную каманду, якой няма ні ў воднай апазыцыйнай сілы на гэты момант. «Жыве Беларусь!», — выгукнуў Казлоў на завяршэньне выступу. Воплескі выклікаў куды менш актыўныя.
«Скажу шчыра, што я ня маю стратэгіі перамогі ў 2020 годзе, — адразу прызнаўся намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які выступаў пасьля Казлова. — Зараз нашай задачай павінна быць тое, каб нарасьціць і захаваць наш патэнцыял. Гэта сапраўды будзе моц. Людзі, якія пабачаць нашую моц, — яны пабачаць альтэрнатыву».
Янукевіч прапанаваў прасоўваць ідэі свабоды, нацыянальнае адраджэньне і рух у кірунку эўраатлянтычнай супольнасьці. А таксама прыцягнуць на свой бок інтэрнэт-супольнасьць і беларускі бізнэс.
«Нацыянальная рэканкіста пачынаецца тут, у Гарадку. Жыве Беларусь!», — скончыў Янукевіч. Уклаўся ў дзьве хвіліны, выклікаў авацыі.
Вольга Кавалькова, якая адзіная з кандыдатаў на «адзінага» вылучалася шляхам збору подпісаў, прамаўляла апошняй. «Улада нас ня чуе, — сказала сустаршыня БХД. — Трэба вярнуць справядлівыя выбары. Мая стратэгія — гэта вяртаньне выбараў. Што можа зрабіць кожны беларус? Стаць сябрам выбарчай камісіі. Гэтую сілу будзе складана зрушыць. Заклікаю ўсіх трапіць у камісіі. Кожны з нас павінен зразумець, што нам патрэбныя зьмены, і кожны з нас зьяўляецца гэтымі зьменамі». Воплескі Кавалькова выклікала прыкладна на ўзроўні Мікалая Казлова.
«Ня трэба папулізму!»
Пасьля выступаў кандыдатаў пачаліся пытаньні з залі. Першым выйшаў Леанід Гаравы, сябар руху «За Свабоду».
«Пытаньняў у мяне няма, — сказаў ён. — Я вам прачытаю верш». І прачытаў. А пасьля яшчэ прамаўляў, не зважаючы на рэглямэнт.
«Я 30 гадоў усім гэтым займаюся, каб вам усё сказаць», — паведаміў Гаравы Віталю Рымашэўскаму, які марна спрабаваў адабраць у яго мікрафон. Пасьля жыхары Гарадка пыталі ў кандыдатаў, колькі павінна быць у Беларусі праваахоўнікаў, пра канкурэнцыю паміж кандыдатамі, спрашчэньне працэдуры выдачы расейскіх пашпартоў, пракрамлёўскага кандыдата і гатоўнасьць супрацьстаяць Ганьне Канапацкай, калі яна ўсё ж вырашыць вылучацца на выбары самастойна.
«Ня трэба папулізму, — заклікаў кандыдатаў мясцовы актывіст партыі БНФ. — З папулізмам мы зойдзем вядома куды!».
Старшыня партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук запытаўся пра лёс Астравецкай атамнай электрастанцыі.
Адказвалі кандыдаты таксама па чарзе. Кожны па пяць хвілін. Севярынец прапанаваў перабудаваць АЭС у транспартна-лягістычны цэнтар. Губарэвіч паабяцаў, што ніякага папулізму ня будзе. І адразу дадаў, што Памежны камітэт, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і МУС трэба абʼяднаць, а Камітэт дзяржаўнага кантролю — распусьціць.
Казлоў выказаў ідэю адправіць усіх амапаўцаў у войска замест таленавітай моладзі. Янукевіч прапанаваў змагацца з расейскімі пашпартамі для беларусаў праз інтэрнэт, а Кавалькова прызналася, што ня ведае, як будзе пасьля Лукашэнкі. І дадала, што краіне патрэбны парлямэнт. Разам з кандыдатамі адказаць на пытаньні жыхароў Гарадка намагаўся Леанід Гаравы, але яму слова больш не далі.
Галасавалі адразу, безь перапынку. Перамог з вынікам 4 галасы Юры Губарэвіч. На другім месцы з трыма галасамі апынуўся Павал Севярынец. Яшчэ нехта прагаласаваў за Аляксея Янукевіча. Казлоў з Кавальковай галасоў не атрымалі.
«Заўтра будзе больш галасоў», — сказаў на разьвітаньне Рымашэўскі. — Усіх запрашаю на праймэрыз у Віцебск".
Пасьля гарадоцкіх заплянавана яшчэ 55 мясцовых этапаў праймэрыз. Наступнымі будуць сустрэчы ў Віцебску, Полацку і Наваполацку. З словаў Юрыя Губарэвіча, пакуль улады ў працэс не ўмешваюцца, праблемаў з арэндай заляў няма. Прагаласаваць за некага зь пяцёркі апазіцыянераў праз інтэрнэт можна будзе з канца наступнага тыдня.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.