Афіцыйна ў Паўночнай Карэі няма каранавіруснай інфэкцыі. Але, паводле інфармацыі крыніц DailyNK, колькасьць памерлых ад хваробы салдат настолькі вялікая, што было вырашана не спальваць нябожчыкаў, а адразу хаваць у зямлі.
Паўднёвакарэйскі партал са спасылкай на крыніцу паўночнакарэйскай арміі напісаў, што 6 сакавіка вайскова-мэдыцынскі корпус на просьбу камандаваньня падрыхтаваў справаздачу аб узьдзеяньні вірусу SARS-CoV-2. У студзені і лютым з сымптомамі COVID-19 памерлі 180 салдат. 3,7 тысячы знаходзяцца на карантыне.
У адказ камандаваньне загадала зрабіць «поўную дэзынфэкцыю» трупаў. Гэта адбылося насуперак папярэднім рэкамэндацыям ураду спальваць такіх нябожчыкаў. Інфарматар DailyNK тлумачыць, што целаў, якія можна спальваць, зашмат, і яны ня хочуць адпраўляць іх у шпіталі, каб інфармацыя пра пацярпелых не трапляла вонкі.
Армія загадала штодня дэзынфікаваць вайсковыя шпіталі і карантынныя ўстановы з выкарыстаньнем мэтанолу. Дзякуючы эпідэміі кожны салдат павінен атрымліваць ня менш за 800 грамаў ежы на дзень.