Жанчына сама зьвярнулася да мэдыкаў пасьля таго, як прыбыла з Італіі ў Горадню. Першы тэст пацьвердзіў у яе наяўнасьць новага каранавірусу.
Як паведаміла «Гродзенскай праўдзе» прадстаўніца галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму, жанчына прыбыла з Італіі ў Горадню ў ноч з панядзелка на аўторак і ніякіх праяваў рэсьпіраторнай інфэкцыі ня мела.
Пазьней зьвесткі пра Горадню пацьвердзілі ў Мінздароўя. Паводле міністэрства, тэст яна зрабіла яшчэ на мяжы, таму «ўсе ейныя кантакты першага ўзроўню выяўленыя».
Цяпер 62-гадовую пацыентку шпіталізавалі, яна пад наглядам мэдыкаў. Таксама выяўляюць людзей, якія маглі зь ёй кантактаваць. Гэта ўжо 12-ы чалавек з COVID-19 у Беларусі.
Раней 11 сакавіка Мінздароўя Беларусі паведамляла, што першы тэст на COVID-19 пацьвердзіў інфэкцыю ў мужчыны, шпіталізаванага ў Гомлі пасьля паездкі ў Партугалію. Таксама каранавірус падазраюць у мужчыны ў Менску, які прыбыў зь Нямеччыны, але быў таксама ў Паўночнай Італіі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.