«Мы ў самым пачатку эпідэміі каранавірусу»,— заявіў прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон, заклікаўшы французаў да «прагматызму». На гэты момант хвароба выяўленая ў 1784 чалавек, 33 зь іх памерлі.
Як паведамляе Міжнароднае францускае радыё, Макрон наведаў цэнтар хуткай дапамогі пры парыскай лякарні Нэкер.
Прэзыдэнт заклікаў суграмадзянаў «ясна і цьвяроза» усьведамляць небясьпеку і падкрэсьліў, што «поўная празрыстасьць» інфармацыі пра разьвіцьцё эпідэміі павінна суправаджацца грамадзкім спакоем.
Макрон паўтарыў тое, што гавораць эпідэміёлягі: 85% тых, хто заразіцца каранавірусам, перахварэюць у бяскрыўднай форме. Паводле прэзыдэнта Макрона, эпідэмія ня прывядзе да радыкальнай зьмены жыцьця краіны.
Візыт у шпіталь — чацьвёртая за 10 дзён публічная сустрэча Эмануэля Макрона, прысьвечаная распаўсюду вірусу COVID-19.
10 сакавіка каранавірусная інфэкцыя была выяўлена ў міністра культуры Францыі Франка Рыстэра. У папярэднія дні ён некалькі разоў наведваў Нацыянальны сход, дзе, як высьветлілася, захварэлі пяць дэпутатаў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ