Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў у Дзяржаўнай думе наконт прапанаваных паправак у расейскую Канстытуцыю.
Сьцісла
- Пуцін адмоўна выказаўся наконт датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.
- Ён заявіў, што ня варта здымаць абмежаваньне на колькасьць прэзыдэцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека.
- Пры гэтым Пуцін сказаў, што магчымы варыянт зь ягоным удзелам у наступных прэзыдэнцкіх выбарах, калі гэта ўхваліць Канстытуцыйны суд Расеі.
Раней сёньня дэпутатка ад партыі «Единая Россия» Валянціна Церашкова прапанавала ўнесьці ў законапраект пра зьмены ў расейскую Канстытуцыю папраўку пра абнуленьне прэзыдэнцкіх тэрмінаў.
Паводле Церашковай, неабходна ці ўвогуле прыбраць абмежаваньні, ці, «калі гэтага запатрабуе сытуацыя і гэтага захочуць людзі, закласьці ў законе магчымасьць для дзейнага прэзыдэнта зноў абірацца на гэтую пасаду».
Сьпікер Дзяржаўнай думы Расеі Вячаслаў Валодзін тады заявіў, што гэтую прапанову трэба абмеркаваць зь лідэрамі думскіх фракцый, а таксама даведацца, што думае з гэтай нагоды прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Пасьля гэтага ў пасяджэньні абвясьцілі перапынак.
Дзейная рэдакцыя Канстытуцыі прадугледжвае забарона аднаму чалавеку займаць прэзыдэнцкае крэсла больш за два тэрміны запар. Уладзімір Пуцін у 2018 годзе быў абраны другі раз запар (чацвёрты — усяго), яго паўнамоцтвы павінны скончыцца ў 2024 годзе.