Гэтая папраўка дазволіць цяперашняму расейскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну балятавацца яшчэ на два тэрміны.
У тэксьце папраўкі гаворыцца, што прапанаванае ў законапраекце абмежаваньне для адной і той жа асобы ў выглядзе двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў «не перашкаджае асобе, якая займала і (або) займае пасаду прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі на момант уступленьня гэтай папраўкі ў сілу, удзельнічаць у якасьці кандыдата на выбарах прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі пасьля ўключэньня названай рэдакцыі ў тэкст Канстытуцыі РФ на усталяваную папраўкай дапушчальную колькасьць тэрмінаў, незалежна ад колькасьці тэрмінаў, на працягу якіх азначаная асоба займала і (або) займае гэтую пасаду на момант уступленьня гэтай папраўкі ў сілу».
Як паведаміла Meduza, тэкст дэпутатам раздалі літаральна за 20 хвілін да галасаваньня.
Перад гэтым прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў у Дзяржаўнай думе наконт прапанаваных паправак у расейскую Канстытуцыю.
- Пуцін адмоўна выказаўся наконт датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.
- Ён заявіў, што ня варта здымаць абмежаваньне на колькасьць прэзыдэцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека.
- Пры гэтым Пуцін сказаў, што магчымы варыянт зь ягоным удзелам у наступных прэзыдэнцкіх выбарах, калі гэта ўхваліць Канстытуцыйны суд Расеі.
Раней сёньня дэпутатка ад партыі «Единая Россия» Валянціна Церашкова прапанавала ўнесьці ў законапраект пра зьмены ў расейскую Канстытуцыю папраўку пра абнуленьне прэзыдэнцкіх тэрмінаў.
Паводле Церашковай, неабходна ці ўвогуле прыбраць абмежаваньні, ці, «калі гэтага запатрабуе сытуацыя і гэтага захочуць людзі, закласьці ў законе магчымасьць для дзейнага прэзыдэнта зноў абірацца на гэтую пасаду».
Дзейная рэдакцыя Канстытуцыі прадугледжвае забарона аднаму чалавеку займаць прэзыдэнцкае крэсла больш за два тэрміны запар. Уладзімір Пуцін у 2018 годзе быў абраны другі раз запар (чацвёрты — усяго), яго паўнамоцтвы павінны скончыцца ў 2024 годзе.