У сталіцы Беларусі цяпер будуюцца 27 культавых аб’ектаў, распавёў журналістам 4 сакавіка начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы і ў справах моладзі Менгарвыканкаму Сяргей Шэндзік, паведамляе БелТА.
Цяпер у Менску працягваецца будаўніцтва 17 праваслаўных культавых комплексаў і цэркваў, 9 рымска-каталіцкіх комплексаў і сацыяльнага цэнтру хрысьціян-баптыстаў у мікрараёне Сухарава-3 на вул. Гарэцкага, сказаў чыноўнік.
Усяго на сёньня ў Менску працуюць 69 культавых збудаваньняў:
- 44 праваслаўныя храмы,
- 6 каталіцкіх касьцёлаў,
- 6 капліц,
- 5 цэркваў веры евангельскай,
- 3 малельныя дамы хрысьціян-баптыстаў,
- 2 сынагогі,
- 1 малітоўны дом адвэнтыстаў сёмага дня,
- 1 новаапостальская царква,
- 1 мячэт.
Паводле Сяргея Шэндзіка, у Менску цяпер ёсьць прадстаўнікі 22 канфэсіяў з 26, зарэгістраваных у Беларусі.
Для параўнаньня, у 1984 годзе ў Менску былі ўсяго 2 праваслаўныя царквы і адна каталіцкая.