Раніцай 9 сакавіка на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы даляр ЗША зноў абнавіў гістарычны максімум: амэрыканская валюта падаражэла адразу на 0,0805 (+3,59%), да 2,3201 беларускага рубля.
Яшчэ больш істотны скачок зрабіў эўра — на 13 капеек, да 2,6519 беларускага. Гэта таксама абсалютны рэкорд, ранейшы быў на ўзроўні 2,5580.
На гэтым фоне таньнее толькі расейскі рубель: мінус 13 капеек да 3,1850 за 100 адзінак. Гэта адбываецца паралельна з падзеньнем цэнаў на нафту.
Пасьля таго, як у канцы мінулага тыдня краіны OPEC не змаглі дамовіцца з Расеяй аб скарачэньні здабычы нафты, сусьветныя цэны абрынуліся на 30%.
Цана ф’ючэрсаў на нафту Brent адразу пасьля адкрыцьця таргоў упала з 45 да 31 даляра за барэль. Цана нафты WTI пасьля адкрыцьця зьнізілася на 27% — да 30 даляраў. Расейская нафта Urals каштуе на некалькі даляраў меней за Brent.