На 1 сакавіка золатавалютныя рэзэрвы Беларусі склалі 8,8049 млрд даляраў у эквіваленце, паведамляе Нацыянальны банк.
Гэта на 438,2 млн даляраў, або 4,7% менш за тое, што было на 1 лютага. А за студзень рэзэрвы зьменшыліся на 150,4 млн, або 1,6% адносна пачатку году.
Падобныя і нават большыя зьніжэньні на пачатку году бывалі і раней. За студзень 2018 году золатавалютныя рэзэрвы зьмяншаліся на больш як 800 млн даляраў, але за студзень-2019 — толькі на 140 млн. Бывала, што рэзэрвы за студзень і не зьмяншаліся: у 2017-м, наадварот, вырасьлі за студзень на амаль 58 млн даляраў.
Цяперашняе зьніжэньне Нацбанк тлумачыць як плянавым пагашэньнем абавязкаў і выплатамі за крэдыты (агулам на 385,5 млн даляраў), так і продажам валюты на біржы. Гэтыя фактары істотна перакрылі паступленьні валюты ў бюджэт і росту цэнаў на золата.
А продаж на біржы ня менш як 54 млн даляраў (магчыма, істотна больш) не спыніў падзеньня беларускага рубля: за люты рубель патаньнеў да даляра на 13 капеек або 6,2%. Беларусы за люты накупілі валюты на 128 млн даляраў больш, чым прадалі (у студзені — на 44,8 млн больш).
Ды ўлады плянуюць, што золатавалютныя рэзэрвы могуць зьменшыцца яшчэ на 17% — на 1 студзеня 2021 году рэзэрвы павінны быць ня меншымі за 7,3 млрд.