З 19 лютага 2020 году стаўка рэфінансаваньня зьніжаецца з 9 да 8,75 % гадавых, паведаміла прэс-служба Нацбанку. Гэта самы нізкі ўзровень за часы незалежнасьці Беларусі.
Зьнізілі таксама стаўку ў крэдыце овэрнайт — з 10 да 9,75 % гадавых, стаўку па дэпазыце овэрнайт — з 8 да 7,75 % гадавых.
Адпаведныя рашэньні прыняла праўленьне Нацбанку Беларусі ў вынікц пасяджэньня аб грашова-крэдытнай палітыцы 12 лютага 2020 году, нягледзячы на тое, што інфляцыя ў студзені была высокай — 0,9%.
На папярэднім пасяджэньні праўленьня Нацбанку 6 лістапада 2019 году стаўку рэфінансаваньня зьнізілі з 9,5 да 9% гадавых, што таксама было рэкордам. Папярэдні гістарычны мінімум стаўкі рэфінансаваньня 10% гадавых дзейнічаў цягам 2006–2008 гадоў і з жніўня 2018 году да жніўня 2019-га.
Згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі, стаўка рэфінансаваньня ў 2020 годзе ў сярэднім павінна скласьці 9,5% гадавых.