Буйную партыю кантрабандных цыгарэт зь Беларусі выявілі ў порце Новарасійску, што на поўдні Расеі, на беразе Чорнага мора.
Як расказвае «Інтэрфакс» са спасылкай на тамтэйшае памежнае ўпраўленьне ФСБ, кантрабандныя цыгарэты спрабавалі правезьці ў бочках нібыта з абразіўнай сумесьсю. 10,5 тысячы блёкаў цыгарэт зь беларускімі акцызнымі маркамі былі замаскаваныя абразіўнай сумесьсю зьверху.
Памежнікі ацанілі партыю, у якой было больш як два мільёны цыгарэт, у звыш 3 млн расейскіх рублёў — гэта больш за 101 тысячу беларускіх рублёў, або звыш 45 тысяч даляраў. Цыгарэты канфіскавалі.
Ці выявілі саміх кантрабандыстаў і ці пагражае ім суд, невядома. У лютым за кантрабанду цыгарэтаў на падобную суму (2,8 млн расейскіх рублёў) у суседнім Сочы 46-гадовага мужчыну, які прыехаў з Абхазіі, асудзілі на штраф у 400 тысяч расейскіх рублёў — каля 6 тысяч даляраў.
У сёлетнім студзені кантрабандныя беларускія цыгарэты выявілі ў амаль усіх рэгіёнах Расеі: і ў Смаленску, і ў Дагестане, і ў Чалябінску.