Беларускія мытнікі выявілі буйную партыю кантрабандных цыгарэтаў на пункце мытнага афармленьня «Верхні Церабяжоў» (блізу Рэчыцы Столінскага раёну, на мяжы з Украінай), паведамляе Мытны камітэт.
Грузавікі Scania і Volvo кіраваліся на выезд зь Беларусі, везьлі нібыта бульбу. Але пад мяхамі з бульбай мытнікі знайшлі 450 кардонных каробак з цыгарэтамі — 224 тысячы пачкаў цыгарэтаў коштам каля 221 тысячы рублёў.
Акрамя цыгарэтаў канфіскавалі таксама паўпрычэпы-рэфрыжэратары, ацэненыя ў 65 тысячаў рублёў.
За «перамяшчэньне тавараў праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу з утойваньнем ад мытнага кантролю» распачалі адміністрацыйную справу. Паводле ч. 2 арт. 14.1 КаАП РБ за гэта пагражае штраф да 30 базавых велічыняў (810 рублёў) фізычнай асобе, да 100 базавых (2700 рублёў) індывідуальнаму прадпрымальніку або да 500 базавых (13 500 рублёў) юрыдычнай асобе, канфіскацыя ўтоеных тавараў і транспартных сродкаў.
Тыдзень таму на літоўскай мяжы затрымалі беларуса з кантрабанднымі цыгарэтамі амаль на 1 мільён эўра — фура нібыта везла дошкі. У студзені польскія мытнікі спынілі кантрабанду цыгарэтаў зь Беларусі на 1,5 мільёна даляраў. Часам кантрабандысты ня проста прыкрываюць груз дошкамі або мяхамі з бульбай, а хаваюць яго ў нечаканыя месцы — напрыклад, у фальшывую падлогу ці жалезабэтонныя блёкі.