Затрыманаму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад чатырох да васьмі гадоў.
Украінскія памежнікі затрымалі грамадзяніна Беларусі ў часе перадачы хабару супрацоўніку Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны за дапамогу ў арганізацыі сталага каналу кантрабанды тытуню празь мяжу. Як паведамілі Свабодзе ў адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, беларус быў затрыманы ў момант перадачы 200 даляраў — першай часткі з абяцанага хабару ў тысячу даляраў.
Ішлося аб арганізацыі каналу незаконнага перамяшчэньня тытунёвых вырабаў зь Беларусі праз украінскую мяжу ў Ровенскай вобласьці.
Супраць затрыманага беларуса завялі крымінальную справу паводле факту даваньня хабару службовай асобе — цяпер яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад чатырох да васьмі гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або безь яе.
У канцы лістапада ўкраінскія памежнікі прадухілілі дзьве спробы незаконна ўвезьці беларускія цыгарэты ва Ўкраіну — каб выявіць схованку з кантрабандай у грузавых аўтамабілях, яны выкарыстоўвалі бэнзапілу і шліфавальную машыну.
У кастрычніку ў Валынскай вобласьці зьнішчылі 562 954 пачкі цыгарэт беларускай вытворчасьці, сканфіскаваныя пры спробах іх незаконна ўвезьці на ўкраінскую тэрыторыю.