Новую кнігу зь «Біблятэкі Свабоды ХХІ стагодзьдзя» пра журналіста, рэдактара і палітыка Ігара Герменчука «Спадар Свабода» ўпершыню прадставілі на фэсьце «Прадмова», які пачаўся ў Горадні 7 сакавіка.
«Спадар Свабода» — драматычны аповед пра нашага сучасьніка, якога параўноўваюць з Кастусём Каліноўскім. Герой кнігі Ігар Гермянчук (1961–2002) — журналіст, рэдактар, палітык. Гісторыя беларускай незалежнай прэсы — гэта шлях ад «Мужыцкай праўды» Каліноўскага да газэты «Свабода», якой прысьвяціў сябе Гермянчук.
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў назваў яго самым гераічным рэдактарам самай гераічнай беларускай газэты. Гермянчук рэдагаваў «Свабоду» з 1991 да 1997 году, калі суд закрыў яе.
Чаму і як закрылі «Свабоду», як яна стала выходзіць зь іншай назвай, чаму і як самога рэдактара звольнілі з фармулёўкай «за непрафэсіяналізм»? Пра гэта — у кнізе.
Аўтар кнігі гарадзенец Сяргей Астраўцоў супрацоўнічае з Радыё Свабода з 1993 году. Піша апавяданьні і аповесьці, выдаў каля дзесяці кніг, прозу падпісвае як Сяргей Астравец.
Сяргей Астраўцоў і гісторык культуры Сяргей Харэўскі прадставілі кнігу ў Горадні 7 сакавіка ў рамках фэстывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Прэзэнтацыя прайшла ў Цэнтры гарадзкога жыцьця на вуліцы Кірава, 3.
Кожны ахвочы змог бясплатна атрымаць асобнік з подпісам аўтара.
«Спадар Свабода». Кніга Сяргея Астраўцова пра Ігара Герменчука
1. «Час пісталетаў»
2. Як у Менску ў канцы 1970-х ладзілі падпольную друкарню
3. Як будучыя дэпутаты незалежнасьці сустрэліся па дарозе з Салаўкоў
4. Аўтаспынам на журфак
5. Такой мовай у парлямэнце яшчэ не прамаўлялі
6. Як Лукашэнка Кебічу паціснуў два пальцы, а Пазьняк не падаў рукі
7. Пацалунак Кебіча і Чарнамырдзіна
8. «Ноч доўгіх нажэй»
9. Думкі аб прэзыдэнцтве
10. Газэта зь пятлёй на шыі
11. Газэта зь пятлёй на шыі
12. «У нашым краі пануе чужак»