Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны інфэкцыяніст краіны: «Існуе 37 відаў каранавірусу»


Ігар Карпаў на брыфінгу 2 сакавіка
Ігар Карпаў на брыфінгу 2 сакавіка

Галоўны няштатны інфэкцыяніст Міністэрства здароўя прафэсар Ігар Карпаў расказаў, што 8 з 37 відаў каранавірусаў могуць выклікаць хваробы, прычым ня толькі рэсьпіраторныя, але і кішачныя інфэкцыі. У трох беларусаў, у якіх пацьвердзіўся дыягназ, тыповых сымптомаў каранавірусу няма, яны пачуваюцца добра.

«У каранавірусу шмат падставаў для мутацыяў, таму ён знойдзены і ў птушак, і ў рэптыліяў, і ў чалавека»

Вірусы бываюць розныя і вельмі моцна розьняцца адзін ад аднаго нават сваёй структурай.

«Каранавірус мае найдаўжэйшы РНК, генэтычная структура яго надзвычай шырокая ў параўнаньні зь іншымі вірусамі, і ў яго шмат падставаў для мутацыяў. А мутацыя — гэта магчымасьць пэўнай адаптацыі да іншых жывых арганізмаў. Каранавірусы знайшлі ня толькі ў сысуноў, але і ў птушак. Пішуць, што знойдзены каранавірус у рэптыліяў. То бок у іх даволі вялікі арэал фаўны», — адзначае спадар Карпаў.

Вось гэтыя розныя мутацыі, абмены фрагмэнтаў генаў робяць вірусы больш прыстасаванымі да вонкавага асяродзьдзя, да іншых гаспадароў, тлумачыць прафэсар.

«Вось чаму мы часам сутыкаемся з каранавірусамі, якія трапляюць у чалавечы арганізм. Усяго апісана 37 відаў каранавірусаў. 8 зь іх могуць выклікаць захворваньні рознай ступені цяжкасьці. І ня толькі рэсьпіраторныя захворваньні. Ёсьць вірус, які выклікае кішачныя інфэкцыі. Іх добра ведалі яшчэ да ХХІ стагодзьдзя. Гэта дастаткова старыя вірусы, адсачылі іх гісторыю — калі яны ўвайшлі ў папуляцыю сысуноў — выявілася, некалькі соцень гадоў таму», — кажа Ігар Карпаў.

У пацыентаў з каранавірусам у Беларусі хвароба працякае бессымптомна

Паводле прафэсара-інфэкцыяніста, ёсьць тры фактары, якія ўплываюць на хаду хваробы — асяродзьдзе, тэмпэратура, вільготнасьць. Другі кампанэнт — сам каранавірус.

«А трэці — рэактыўнасьць чалавека, імунітэт, як канкрэтны арганізм рэагуе на прысутнасьць вірусу, на разьвіцьцё клінічнай карціны. У адных хвароба працякае даволі лёгка, у іншых — цяжэй. Як правіла, пры каранавірусе акцэнт робіцца перш за ўсё на сымптаматыку кашлю.

Але ў трох выпадках каранавірусу ў Беларусі пацыенты не кашлялі. Натуральна, калі чалавек ня кашляе, ён менш заразны.

У першага пацыента быў невялікі катаральны сындром, які працякае ў яго даволі лёгка.

У пацыенткі зь Віцебску выявілі частковае РНК-супадзеньне, гэта азначае фрагмэнт, які сьведчыць пра наяўнасьць каранавірусу», — патлумачыў Ігар Карпаў.

Толькі на аснове назіраньняў і дадатковых тэстаў інфэкцыяністы могуць вызначыць, ці пацыенты ўжо перанесьлі інфэкцыю, ці ў іх рэшткавыя зьявы, ці яны зараз ёсьць носьбітамі інфэкцыі.

Лябараторныя тэсты — расейскай і беларускай вытворчасьці

Самі тэсты вырабленыя ў Беларусі і Расеі, але пад кантролем Усясьветнай арганізацыі здароўя.

«Тэсты стандартызаваныя. Іх робяць якасна. Робяць хутка — уся працэдура займае ня больш за содні. Калі трэба вельмі хутка, мы пішам „Cito“, і тады тэст робяць за некалькі гадзін», — расказаў Ігар Карпаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG