Міністэрства аховы здароўя Ірану паведаміла пра яшчэ 12 памерлых ад новага каранавірусу SARS-CoV-2 («уханьскага каранавірусу»). Паводле афіцыйных паведамленьняў, агулам памерлі 66 чалавек, а захварэлі 1,501.
Экспэрты кажуць, што такі працэнт памерлых — каля 5.5% — значна вышэйшы, чым у іншых краінах, і можа сьведчыць, што сапраўдная колькасьць захворваньняў нашмат вышэйшая за афіцыйныя лічбы.
2 сакавіка дзяржаўная тэлевізія Ірану паведаміла, што сярод памерлых ад каранавірусу быў 71-гадовы Мухамад Мірмухамадзі — дарадца вярхоўнага лідэра Ірану, аяталы Хамэнэі.
Сярод захварэлых таксама віцэ-прэзыдэнтка Ірану ў справах жанчын і сям’і Масумэх Эбтэкар і намесьнік міністра аховы здароўя Ірадж Харырчы. Менавіта ён узначальвае ўрадавую групу па змаганьні з каранавірусам. Да сваёй хваробы Харырчы спрабаваў прыменшыць маштабы эпідэміі.