Грамадзкая арганізацыя «Заашанец» пяць гадоў утрымлівае прытулак для бадзяжных жывёл. Кожны год валянтэры падбіраюць на вуліцы кінутых катоў і сабак, лечаць іх і перадаюць новым гаспадарам. Цягам году «Заашанец» дапамагае займець свой дом тысячам хатніх жывёл.
Кіраўніца арганізацыі Вольга Карпава кажа, што ратаваць даводзіцца ня толькі катоў і сабак:
«Некаторы час у нас былі чарапахі — нейкі вылюдак выкінуў іх у пад’езд напярэдадні Новага году. А гэта ж цеплалюбівыя жывёлы. Былі ў нас таксама папугаі, козы, казлы і нават конь. Звычайна гэткіх буйных жывёлаў кідаюць гаспадары, калі забудоўваецца прыватны сэктар. А конь, да прыкладу, быў выбракаваны на коннай сядзібе ў Ратамцы. Мы яго перадалі новаму гаспадару ў вёску, і ён там яшчэ паслужыў. Козачак таксама хутка разабралі, толькі казёл быў незапатрабаваны некаторы час, але і яму знайшоўся прытулак».
Адначасна ў «Заашанцы» жывуць каля 400 катоў, і толькі каля 20 зь іх — на найманай «кватэры», астатнія — па дамах валянтэраў. Каб утрымаць гэткую колькасьць «братоў меншых», неабходныя немалыя сродкі, кажа спадарыня Вольга:
«Грошы патрэбныя на харчаваньне, на арэнду прыватнага дому. Таму мы праводзім акцыі па зьбіраньні сродкаў на розных выставах і кірмашах. У крамах з кармамі для жывёлаў усталявалі кошыкі, куды людзі могуць складаць свае ахвяраваньні. А палову прыватнага дому арандуем на ўласныя складкі — на грошы валянтэраў. Але ільвіная доля выдаткаў — гэта лекаваньне.
Бадзяжныя жывёлы — гэта хваробы і калецтвы. Часта ім неабходная нават хірургічная дапамога. Адзін з такіх прыкладаў — агульны ўлюбёнец кот Чарныш. Каб ён застаўся жывы, давялося выдаліць вока. Лагодны і дабрадушны кот, які ўсіх любіць. Але з-за таго, што аднавокі — ніхто ня хоча яго забіраць, амаль два гады жыве ў нас».
Вольга Карпава кажа, што агульнае стаўленьне да жывёлаў у грамадзтве па-ранейшаму застаецца негуманным:
«Тут паблізу жыве мужчына, які адмыслова машынаю душыць катоў. Быў выпадак, калі нашы валянтэркі прасілі яго аддаць ката, але гэты чалавек нашых дзяўчат толькі абмацюкаў. Быў маньяк, які адсякаў катам хвасты. А аднойчы нашы валянтэркі знайшлі асьвежаванага сабаку. Яны аднесьлі яго да вэтэрынара, які высьветліў, што скуру з сабакі зьдзіралі, калі той быў жывы. Але дзякаваць Богу, што ў тым ліку і нашымі намаганьнямі зьявіўся закон аб абароне жывёл».
Паводле Вольгі Карпавай, валянтэры арганізацыі клапоцяцца пра жывёлаў на грамадзкіх асновах у свой вольны час. Гэта маладыя і самадастатковыя людзі:
«Існуе такое распаўсюджанае меркаваньне, што пра катоў клапоцяцца толькі звар’яцелыя самотныя бабулькі. Гэта няпраўда: у нас у арганізацыі валянтэры — маладыя людзі, пераважна жанчыны, якія маюць сем’і, працу і пасады. І клапоцяцца пра жывёлаў не ад самоты, а дзеля міласэрнасьці. Найчасьцей нэгатыўнае стаўленьне да нас і нашай дзейнасьці выказваюць якраз людзі сталага веку. Яны не разумеюць, што можна вось так бескарысьліва апекавацца жывёламі. Таму мы хаваем месца і адрас, дзе ўтрымліваем свой прытулак. Але ў выніку жывёлы нас вельмі радуюць — яны як дзеці, якія ніколі не сталеюць».