Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускія хлопцы гінулі ў Чачні


Грозны, люты 2000
Грозны, люты 2000

Падзеі, прагнозы, спадзяваньні, посьпехі і паразы 20 гадоў таму — як яны гучалі ў эфіры Радыё Свабода. Тыя, якія назаўсёды засталіся ў архіве гісторыі, і тыя, што вызначаюць нашае сёньня, а магчыма і заўтра — у новай рубрыцы «На Свабодзе 20 гадоў таму».

Чалавек рэдка цэніць тое, што мае ад нараджэньня, і шкадуе пра гэта толькі калі страчвае.

Беларускія мужчыны, маладзейшыя за 45 гадоў, ня ведаюць, як гэта — служыць на Ціхаакіянскім ці Паўночным флётах, часам па некалькі месяцаў ня бачачы зямлі (а то і неба, калі на падводнай лодцы), ці на сопках Далёкага Ўсходу, ці ў горах Каўказу. І два гады, а то і болей (у флёце служылі тры) не сустракацца з бацькамі і зь сябрамі.

Ды і на адносінах з каханымі доўгае растаньне адбівалася, не бяз гэтага.

«Я закахалася ў іншага. Зразумей і прабач...» — колькі разоў пад час службы афіцэрам пасьля такіх лістоў да салдатаў мне даводзілася выступаць у ролі псіхатэрапэўта ды весьці зь імі размовы «за жыцьцё» (з тымі, хто прасіў парады). Потым некалькі месяцаў, а то і болей, іх ня ставілі ў каравул, каб ня мелі справу са зброяй (у суседняй частцы быў выпадак самагубства).

Цяпер блізкіяі хлопца з Воршы, які служыць у Берасьці, могуць наведаць яго за якія пяць-шэсьць гадзінаў. А калі ў Віцебску — цягам гадзіны.

Але дзесяцігодзьдзямі было інакш: як правіла, беларускія прызыўнікі не служылі ў Беларусі.

Летам 1990 года дэпутаты БНФ прапанавала Вярхоўнаму Савету прыняць закон, які б забараняў накіроўваць беларускіх прызыўнікоў за межы Беларусі; тады яшчэ існаваў СССР, было адзінае савецкае войска, і такая прапанова большасьці дэпутатаў падалася абсурднай.

Але паседжаньне сэсіі ішло ў прамой радыётрансьляцыі, людзі дпаведаліся пра прапанову, і ў Вярхоўны Савет пайшлі тысячы лістоў і тэлеграмаў ад бацькоў, якія не жадалі атрымліваць труны з «гарачых кропак». Парлямэнт прыняў рашэньне, якое забараняла накіроўваць вайсковыя падразьдзяленьні, што дыслякуюцца ў Беларусі, у зоны вайсковых канфліктаў па-за межамі рэспублікі. Аднак для міністэрства абароны СССР рашэньні рэспубліканскіх парлямэнтаў законамі не былі — яно кіравалася саюзнымі законамі, і цэнтар прыняцьця рашэньняў заставаўся ў Маскве.

25 жніўня 1991 года Беларусь стала незалежнай краінай, 20 верасьня 1991 года Вярхоўны Савет прыняў рашэньне аб утварэньні ўласнага войска, і ад 1992 году грамадзяне Беларусі, якім споўнілася 18 (1974 г.н. і маладзейшыя ) і якіх прызывалі ў войска, служаць толькі ў Беларусі.

А галоўнае — беларускія хлопцы ня гінулі пад час канфліктаў, якія ўжо былі не «гарачымі крокамі», а сапраўднымі войнамі — яку Чачні. Паводле толькі афіцыйных зьвестак, у першай (1994-1996) і другой (1999-2009) чачэнскіх войнах загінула, адпаведна, 5732 і 7425 фэдэральных вайскоўцаў (прыблізна як і ў Аўганістане ў часы СССР). Гэта афіцыйна, але расейскі Камітэт салдацкіх мацярок толькі ў першай чачэнскай вайне называе лічбу ў 15 тысяч. Гэта — без уліку тых, хто загінуў з чачэнскага боку, тут лічбы большыя ( 17 391 і 162 99 адпаведна). Колькасьць жа загіблых сярод мірнага насельніцтва наўрад ці калі будзе дапкладна падлічаная — Amnesty International лічыць, што толькі ў другой чачэнскай вайне іх было да 25 тысяч чалавек.

Войны, якія вяла і вядзе Масква, ужо абыходзяцца без беларускіх вайскоўцаў.

Але — ня без удзелу беларусаў, тых, хто з тых ці іншых прычынаў паехаў у Расею, прыняў грамадзянства РФ. Ня ўсе яны вярнуліся з тых войнаў жывымі. Пра гарадзенца Дзьмітрыя Мардзіловіча, які загінуў у Чачні, 28 лютага 2000 на хвалях Свабоды распавёў наш карэспандэнт Сяргей Астраўцоў.

Цікава, колькі 45-46 гадовых беларусаў і маладзейшых увайшлі ў тыя 11%, якія, паводле сацыёляга Вардамацкага, хочуць аб’яднаньня з Расеяй у адну дзяржаву? І колькі зь іх гатовыя паслаць сваіх сыноў на чужую вайну?

Сяргей Астраўцоў, эфір 28 лютага 2000

Падзеі на Паўночным Каўказе адбіваюцца рэхам у Беларусі. Ад кулі снайпэра ў Чачні загінуў ураджэнец і жыхар Горадні Дзьмітры Мардзіловіч. Зьвесткі пра яго падае наш карэспандэнт у Горадні Сяргей Астраўцоў.

Так склаліся сямейныя абставіны, што маці Дзьмітрыя забрала яго і малодшага сына ды зьехала ў Расею да сябе на радзіму, у Ленінградзкую вобласьць. У Горадні Дзьмітры вучыўся ў ПТВ, куды паступіў пасьля заканчэньня дзевяці клясаў сярэдняй школы. У Расеі ён ізноў пайшоў у школу, каб атрымаць поўную сярэднюю адукацыю, а ў хуткім часе яго забралі ў войска.

Хлопец паслужыў у Піцеры, а потым трапіў у Чачню і неўзабаве загінуў. Пахавалі яго ў ленінградзкай вобласьці. Было яму толькі 19 гадоў.

Канешне, узьнікаюць пытаньні. Памяняць грамадзянства — не такая хуткая справа. Але, напэўна, ня вельмі шмат знаходзіцца ахвочых служыць у расейскай арміі, таму Дзьмітрыя адразу і забралі служыць.

У вучылішчы яго памятаюць. Вучыўся на сьлесара-рамонтніка, але марыў пра вайсковую вучэльню. Адзнакі меў добрыя, займаўся спортам. Калі зьехаў, перапісваўся зь дзяўчынай, будаваў пляны на будучыню.

Рэхам чачэнскай вайны, якое дасягнула Гарадзеншчыны, можна таксама лічыць яшчэ два нядаўнія здарэньні. Грамадзяне Чачэнскай Рэспублікі Баргішаў і Мудзееў спрабавалі нелегальна перайсьці беларуска-літоўскую мяжу, мелі пры сабе па дзьве тысячы даляраў, але былі схопленыя ды засуджаныя Воранаўскім судом і апынуліся ў калёніі строгага рэжыму на год і два месяцы.

А на польскай мяжы, на КПП «Брузгі» была затрыманая група з 13 жыхароў Інтгушэтыі, якія мелі, аднак, даведкі аб тым, што яны, нібыта, уцекачы з Грознага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG