На электронным сьветлавым табло будынка Нацыянальнай бібліятэкі ў Менску зьявіўся бягучы радок «Кітай, змагайся! Ухань, трымайся! Беларусь з табою! Zhongguo jiayou, Wuhan jiayou, Bailuosi zhan zai yiqi!»
Такі бягучы радок вышынёй 9 мэтраў (максымальная вышыня) будзе відаць на будынку бібліятэкі з 19 па 23 лютага.
У адміністрацыі Нацыянальнай бібліятэкі карэспандэнту Свабоды паведамілі, што гэта акцыя салідарнасьці з Кітаем у яго барацьбе з каранавірусам. Яна праводзіцца на ініцыятыву амбасады Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. У лісьце з амбасады гаворыцца, што ініцыятыва і тэкст узгодненыя зь Міністэрствам замежных спраў Беларусі.
«У сувязі з распаўсюджаньнем пнэўманіі новага тыпу COVID-2019 у Кітаі склалася цяжкая сытуацыя. Рэспубліка Беларусь аказвае гуманітарную дапамогу: дае сродкі абароны і лекі, неабходныя для барацьбы зь вірусам», — гаворыцца на сайце Нацыянальнай бібліятэкі.
У бібліятэцы сказалі, што гэта сацыяльная рэкляма, таму яна бясплатная. Але звычайна 1 хвіліна тэкставай рэклямы каштуе 4 рублі 20 капеек.
Раней падобных акцый салідарнасьці зь іншымі краінамі з выкарыстаньнем бягучага радка на Нацыянальнай бібліятэцы не праводзілася.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.