Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыя тэлевізара. Віталь Портнікаў — пра каранавірус і крызіс папулізму Зяленскага


Самалёт з Уханя ў Барыспалі, 20 лютага
Самалёт з Уханя ў Барыспалі, 20 лютага

Тэлевізійныя кадры, якія ілюструюць страх і пратэсты жыхароў мястэчка Новыя Санжары, занепакоеных прыбыцьцём у мясцовы санаторый эвакуаваных з каранавіруснага Кітая, шакавалі частку ўкраінскага грамадзтва.

У дзень, які ўспрымаецца ва Ўкраіне як дата памяці і салідарнасьці (менавіта 20 лютага шэсьць гадоў таму ад стрэлаў сілавікоў Януковіча ў цэнтры Кіева загінулі дзясяткі ўдзельнікаў пратэсту) украінцы сутыкнуліся з незадаволенасьцю суайчыньнікаў, якія не хацелі прымаць эвакуаваных і гатовыя былі перакрываць дарогі. Прычым у розных частках краіны: спачатку ў Львоўскай і Цярнопальскай абласьцях, калі зьявіліся чуткі аб разьмяшчэньні эвакуаваных у гэтых рэгіёнах, а затым і ў Палтаўскай, калі месца разьмяшчэньня было канчаткова вызначана.

Але мяне зьдзіўляе не рэакцыя занепакоеных грамадзян. Мяне зьдзіўляе зьдзіўленьне палітыкаў, журналістаў, грамадзкіх дзеячаў, якія чарговы раз прадэманстравалі, якая дыстанцыя аддзяляе іх ад народу, пра цудоўныя якасьці якога яны не стамляюцца нагадваць, калі знаходзяцца ў добрым настроі ці калі набліжаюцца чарговыя выбары.

Віталь Портнікаў
Віталь Портнікаў

Уласна, аб выбарах. Тое, што адбылося ў Новых Санжарах — натуральны працяг трыюмфальнага посьпеху Ўладзіміра Зяленскага. Украінцы — першая нацыя, якая на сумленных дэмакратычных выбарах выбрала прэзыдэнтам тэлевізійнага пэрсанажа, практычна Мікі-Маўса. Чалавека, пра якога ня ведалі практычна нічога, ад якога чулі толькі напісаныя іншымі тэксты рэпрызаў; які за ўвесь час перадвыбарнай кампаніі практычна не зьяўляўся на публіцы і нават на дэбатах на стадыёне зачытваў суперніку пытаньні з інтэрнэту.

Зяленскі, помніцца, падчас гэтага выступу назваў сябе «прысудам

Тое, што адбылося ў Новых Санжарах — натуральны працяг трыюмфальнага посьпеху Ўладзіміра Зяленскага


Парашэнку», не разумеючы, што на самой справе падпісвае прысуд свайму ўласнаму панаваньню. Ён выступаў ад імя «нацыі тэлевізара». І вось цяпер гэтая нацыя тэлевізара ўзьелася супраць яго ўлады.

У людзей, якія выйшлі на мітынгі ў Новых Санжарах, ёсьць для гэтага прычыны. Некалькі тыдняў тэлевізар расказвае ім пра новае небясьпечнае захворваньне, пра тое, што прычыны і магчымасьці заражэньня да гэтага часу да канца ня высьветленыя, што лекі не знойдзеныя, што краіны, якія вывозяць сваіх грамадзян з Кітая, імкнуцца зьмяшчаць іх на час карантыну ў ізаляваных памяшканьнях, што пік эпідэміі ня пройдзены, што ва Ўкраіне няма тэстаў для выяўленьня захворваньня... Хто ня будзе хвалявацца? Магчыма, толькі той, хто давярае ўласнай дзяржаве.

Але ніякага даверу да дзяржавы ва Ўкраіне (як, уласна, і ў іншых былых савецкіх рэспубліках) ніколі не было. І не зьявілася. Высокі рэйтынг даверу Зяленскага аказаўся яго ўласным рэйтынгам, рэйтынгам любові да тэлевізійнага пэрсанажу, а не да кіраўніка краіны. Дзяржаве ўкраінцы па-ранейшаму ня вераць, ад яе чакаюць горшага. І практычна не сумняваюцца: месца, куды прывязуць эвакуаваных, стане ўкраінскім Уханем.

Для таго, каб разьвеяць страхі, чыноўнікі павінны былі б працаваць з грамадзянамі: загадзя выбраць месца, дзе разьмесьцяць эвакуаваных, прадэманстраваць яго ізаляванасьць і абароненасьць, растлумачыць, што людзі, якіх прывозяць з Кітая, ня хворыя, што іх эвакуююць дзеля іх жа ўласнай бясьпекі.

Дзяржаве ўкраінцы па-ранейшаму ня вераць, ад яе чакаюць горшага


Замест гэтага мы сталі сьведкамі недарэчнай спэцапэрацыі з самалётамі, якія кружляюць над краінай, і атрадамі Нацыянальнай гвардыі, якія прарываюць кардоны пратэстоўцаў. Да гэтай спэцапэрацыі быў ня менш недарэчны выступ самога прэзыдэнта, які прыгразіў разьмясьціць эвакуаваных у рэзыдэнцыях сваіх палітычных апанэнтаў у прэстыжным мястэчку Конча-Заспа пад Кіевам.

І што павінен быў падумаць тэлеглядач з Новых Санжараў, гледзячы гэтую рэпрызу з удзелам свайго любімага героя? Ці павінен ён быў вырашыць, што эвакуаваныя не ўяўляюць небясьпекі, калі сам прэзыдэнт гатовы выкарыстоўваць іх як «біялягічную зброю»? Чаму ён павінен быў узрадавацца, даведаўшыся, што гэтую «зброю» вязуць не да багацеяў у Конча-Заспу, а ў ягоны ўласны маленькі дом — дом, дзе ніколі не выключаюць тэлевізар, калі паказваюць «95 квартал»? Чым ён правініўся?

Гэтая гісторыя не пра каранавірус і нават не пра давер да дзяржавы. Яна пра тое, што папулізм добры, калі палітык куражыцца на стадыёне. Але сутыкненьне зь любым сапраўдным крызісам імгненна агаляе слабасьць, неэфэктыўнасьць і беспэрспэктыўнасьць любой папулісцкай улады, нават той, якая прыйшла наўпрост з тэлевізара.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG