Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сіўчыка трэці раз асудзілі на 15 сутак за сьнежаньскія акцыі пратэсту


Вячаслаў Сіўчык на акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 29 сьнежня 2019 году
Вячаслаў Сіўчык на акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 29 сьнежня 2019 году

Судзьдзя Партызанскага раёну Менску Натальля Дзядкова прысудзіла лідэру руху салідарнасьці «Разам» Вячаславу Сіўчыку новыя 15 сутак арышту, піша актывістка Алена Талстая.

Сіўчыка абвінавацілі ў «парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства» за акцыю пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі, якая прайшла 21 сьнежня 2019 году

Гэта ўжо трэція 15 сутак арышту, якія Сіўчыку прысудзілі ў Партызанскім раённым судзе за леташнія сьнежаньскія акцыі (мінулыя два прысуды — ад судзьдзі Анатоля Барысёнка). Але магчыма, што гэтыя суткі не апошнія: наступнае паседжаньне адбудзецца там жа 24 лютага.

Мінулыя два прысуды Сіўчыку адкладалі больш як на месяц, бо падсудны знаходзіўся за мяжой. Але ў выніку актывіста ўсё роўна асудзілі завочна. Ён лічыў, што пракурор сам мусіў бы абскардзіць такія прысуды.

У пачатку мінулага тыдня ў дачыненьні Сіўчыка спынілі дзьве адміністрацыйныя справы за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах — выйшлі тэрміны даўнасьці правапарушэньняў.

Раней за сьнежаньскія акцыі прысудзілі сумарна больш як год арыштаў, звыш 100 тысяч рублёў штрафаў. Кампанія #BY_help 10 студзеня абвясьціла збор сродкаў на дапамогу аштрафаваным і арыштаваным удзельнікам акцыяў супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG