Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску агучылі першыя вынікі перапісу-2019


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле папярэдніх дадзеных, 95% жыхароў Беларусі паўдзельнічалі ў леташнім перапісе насельніцтва Беларусі. Пра гэта 20 лютага паведаміла на прэс-канфэрэнцыі ў Менску старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Іна Мядзьведзева.

Перапіс насельніцтва праходзіў у Беларусі з 4 па 30 кастрычніка 2019 году.

Па дадзеных на 4 кастрычніка 2019, у Беларусі пражывае 9 413 446 чалавек. Зь іх 46,2% мужчыны і 53,8% жанчыны.

Паводле Мядзьведзевай, у параўнаньні зь бягучым улікам насельніцтва Беларусі скарацілася на 0,4%, і гэта зьвязана з працоўнай міграцыяй.

Паводле кіраўніцы Белстату, у Беларусі «натуральнае зьмяншэньне насельніцтва, яно старэе».

95% удзельнічалі ў перапісе. Зь іх 22% праз інтэрнэт, 28% — на стацыянарных участках, 48% былі апытаныя дома. 2% адмовіліся ад удзелу ў перапісе.

У перапісе ўзялі ўдзел 20 тысяч іншаземцаў.

Менск упершыню дасягнуў адзнакі 2 мільёны чалавек. Усяго ў гарадах Беларусі жыве 77,5% (7,2 мільёна) насельніцтва. У вёсцы — 22%, ці 2,1 мільёна. Пры гэтым у раёнах, блізкіх да Менску, назіраецца прырост сельскага насельніцтва. Найбольш насельніцтва вырасла ў Менскім раёне.

Паводле папярэдніх вынікаў перапісу, найменшае беспрацоўе ў Менску і Менскай вобласьці, таму што гэтыя раёны ўцягваюць у сябе людзей, туды едуць на працу.

Іна Мядзьведзева, старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту
Іна Мядзьведзева, старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту

Як паведаміла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, падлік вынікаў перапісу будзе працягвацца да ліпеня. Канчатковыя вынікі агучаць увосень.

Белстат: Чакаем, што беларускамоўных па выніку перапісу будзе больш, чым у 2009 годзе

Карэспандэнтка Радыё Свабода спытала, ці магло паўплываць на вынікі перапісу тое, што перапісчыкі часам не адказвалі па-беларуску, ня ведалі, дзе ў пляншэтах беларуская мова, не задавалі пытаньняў пра мову.

Кіраўніца Белстату Іна Мядзьведзева адказала, што «навучыць усіх перапісчыкаў беларускай мове хутка і на добрым узроўні цяжка».

Яна прызнала, што былі выпадкі, калі людзі адмовіліся перапісвацца, бо перапісчык не валодаў беларускай мовай. Але, на думку кіраўніцы Белстату, «паўплываць на вынікі перапісу» гэта не магло.

Па яе словах, колькасьць беларускамоўных па выніках перапісу-2019 можа быць большай, чым пасьля перапісу 2009 году. Канкрэтныя ж лічбы Белстат зможа агучыць увосень.

Чатыры Алы Пугачовы і людзі, якім 120 гадоў. У Белстаце расказалі пра жарты перапісу

Кіраўніца Белстату расказала, што адзін чалавек ня мог двойчы прыняць удзел у перапісе, а ўсе спрэчныя зьвесткі пераправяраліся. Так, па выніках перапісу чатыры чалавекі назваліся Алай Пугачовай, а сотня чалавек пазначылі, што ім больш за 120 гадоў. Усе гэтыя зьвесткі не пацьвердзіліся і былі выдаленыя.

Часам яны былі зьвязаныя з памылкамі ў перапісчыкаў.

Колькі ў Беларусі доўгажыхароў, у Белстаце паабяцалі паведаміць у верасьні. У ведамстве прызналі, што былі «адзінкавыя» выпадкі, калі перапісчыкі «дрэнна спрацавалі» і не дайшлі да грамадзян.

З гісторыі беларускіх перапісаў

Першы афіцыйны перапіс насельніцтва на землях сучаснай Беларусі адбыўся ў 1897 годзе, калі «Северо-Западный край» уваходзіў у склад Расейскай імпэрыі.

Пасьля далучэньня Беларусі да Савецкага Саюзу перапісы праводзіліся ў 1926, 1937, 1939 гадах. Ад 1959-га такія кампаніі ладзяцца раз на 10 гадоў.

Апошні перапіс праводзіўся ў кастрычніку 2009 году. Згодна зь яго вынікамі, у краіне пражывалі 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек, беларусаў зь іх — 7 мільёнаў 957 тысяч (83,7% ад агульнай колькасьці).

Тады беларускую мову назвалі роднай 53,2% насельніцтва краіны, дома на ёй гаварылі ўсяго 23%. У часе папярэдняга перапісу 1999 году сытуацыя выглядала нашмат лепш: беларуская была роднай для 73,6% жыхароў.

Вынікі перапісу 2009 году
Вынікі перапісу 2009 году
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG