Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя ІТ-шнікі расказалі, чаму пераехалі ў Беларусь. МЗС выдаў пра гэта кнігу


Старонкі кнігі
Старонкі кнігі

У Менску прэзэнтавалі «Taste IT in Belarus» — сумеснае выданьне Міністэрства замежных спраў Беларусі і беларускай кампаніі Wargaming. У ёй IT-спэцыялісты расказваюць, чаму яны пераехалі ў Менск. Кніга будзе распаўсюджвацца на профільных канфэрэнцыях, у беларускіх прадстаўніцтвах у розных краінах.

«Новы трэнд у іміджы і пазыцыяваньні Беларусі»

«Прыйшоў час зрабіць новы крок і гаварыць пра Беларусь ня толькі як пра гасьцінную краіну з сур’ёзным турыстычным патэнцыялам, але і як пра дзяржаву для інвэстыцый, для камфортнага жыцьця і прафэсійнага станаўленьня кожнага, незалежна ад полу, узросту і краны паходжаньня. Аб’ектыўна ў Беларусі сёньня можна жыць і атрымліваць прыстойны даход», — сказаў начальнік упраўленьня інфармацыі і лічбавай дыпляматыі МЗС Беларусі Анатоль Глаз, прадстаўляючы выданьне.

Прадстаўнік МЗС пагаджаецца, што камфорт і высокі даход сёньня больш характэрныя для ІТ-галіны.

Пры прыняцьці рашэньня застацца ў Беларусі сур’ёзную ролю грае інфраструктура, сацыяльная абароненасьць, вольны час.

«Яшчэ некалькі гадоў таму Беларусь успрымалася як белая пляма на мапе Эўропы. Пра нас меркавалі па наборы састарэлых стэрэатыпаў. Але ўжо ў гэтым дзесяцігодзьдзі мы маем вынік — штогод 5 мільёнаў турыстаў. Гэта без уліку тых, хто ўяжджае празь беларуска-расейскую мяжу».

Паводле Анатоля Глаза, значную ролю ў гэтым адыграла палітыка адчыненых дзьвярэй. Гэта ўвядзеньне бязьвізавага рэжыму, лібэралізацыя і дэбюракратызацыя ў галіне працоўнай міграцыі.

За 2019 год у Беларусь прыехала на працу каля 19 тысяч чалавек, пераважна з Расеі. Але ў дзясятку краін уваходзяць Турэччына, Кітай, Літва, Азэрбайджан, Армэнія, Украіна, Узбэкістан і Казахстан.

«Сёньня на зьмену ўцёкам мазгоў прыйшла іх цыркуляцыя. Беларусь гатовая ў гэтым працэсе браць удзел, прымаць высокакваліфікаваныя кадры. Мы гатовыя вучыць і вучыцца. У краіне ёсьць неабходныя магутнасьці і рэсурсы, і прыйшоў час іх правільна пазыцыянаваць. І гэтым праектам мы пачынаем гэта рабіць», — сказаў Анатоль Глаз.

«Як правіла, усе застаюцца»

Аўтарка праекту Taste IT in Belarus, Хрысьціна Міхалёва з кампаніі Wargaming сказала, што колькасьць замежнікаў, якія хочуць працаваць у менскай студыі распрацоўкі, павялічваецца з кожным годам, і цяпер там больш за 2200 супрацоўнікаў. Зь іх больш за 15% — спэцыялісты зь іншых краін, сярод якіх ЗША, Бразылія, Італія і Ізраіль. «Гэта дазваляе нам рабіць гульнявыя прадукты, якія могуць знаходзіць водгук у любой частцы сьвету», — сказала Хрысьціна Міхалёва.

Анатоль Глаз і Хрысьціна Міхалёва
Анатоль Глаз і Хрысьціна Міхалёва

Паводле аўтаркі, калі чалавек прымае рашэньне перабрацца на жыхарства ў іншае месца, то для яго важныя брэнд і рэпутацыя гораду. У мінулым годзе кампанія наняла каля ста спэцыялістаў і цяпер мае больш за сто вакансій. А ці ёсьць такія замежнікі, якія не прыжыліся ў Беларусі?

«Я думаю, што яны, безумоўна, былі. І гэта часта зьвязана зь сямейнымі абставінамі, альбо некаму цяжка прыняць клімат. Але ў нас няма статыстыкі, які працэнт зьехаў. Як правіла, усе застаюцца і пускаюць карані, жэняцца», — кажа Міхалёва.

«Блізка да Эўропы»

Большая частка гісторый, прадстаўленых у кнізе, — пра выхадцаў з Расеі. Сярод іх Вячаслаў Гладышаў з Санкт-Пецярбургу. Ён сказаў карэспандэнту Свабоды, што раней быў у Менску і ў яго «не было нейкага страху». Ужо 5 гадоў як жыве ў Беларусі зь сям’ёй.

«Ніводнага разу не пашкадаваў. Праца цікавая, горад не стамляе. Я жыву ў цэнтры — і можна некуды даехаць за 20 хвілін, няма такога, што трэба ехаць праз заторы. Таксама блізка да Эўропы, можна зьезьдзіць у Вільню».

Трое з герояў кнігі з Расеі і Казахстана разам з Анатолем Глазам і Хрысьцінай Міхалёвай
Трое з герояў кнігі з Расеі і Казахстана разам з Анатолем Глазам і Хрысьцінай Міхалёвай

Што кажа статыстыка:

Паводле афіцыйных дадзеных за 2019 год, колькасьць працоўных мігрантаў, якія прыехалі ў Беларусь, склала 20 862. Гэта болей, чым у 2018 годзе, калі было 16 172.

Большасьць працоўных мігрантаў мелі рабочыя спэцыяльнасьці. Высокакваліфікаваных спэцыялістаў зь іх — усяго 3051. Найчасьцей працаваць у Беларусь прыяжджаюць з Расеі (6741 чалавек), Кітаю (4318), Украіны (3145) і Ўзбэкістану (1336).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG