Праз 20 гадоў пасьля зьнікненьня былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі ягоная дачка Алена сустрэлася з былым байцом СОБРу Юрыем Гараўскім, які прызнаўся ва ўдзеле ў забойстве апазыцыйнага палітыка.
Як перадае Deutsche Welle, перад сустрэчай у Цюрыху Алена Захаранка казала: «Ніколі ня думала, што сустрэну саўдзельніка забойства майго бацькі».
Аб сустрэчы з Гараўскім яна папрасіла сама: казала, хоча паглядзець у вочы, каб зразумець, ці кажа ён праўду. Гараўскі пагадзіўся не адразу — спачатку баяўся, што дачка Захаранкі «накінецца, пачне вінаваціць», але пасьля ўбачыў, як тая казала, што вінаваты ня ён, а сыстэма.
«Мы доўгі час думалі, што бацьку забівалі павольна, расчлянялі яго, — казала Алена Захаранка. — Гэта было невыносна. Мне трэба ведаць, што гэта адбылося хутка. Я хоць неяк супакою сваю душу».
Гараўскі сярод іншага расказаў Алене, што ў час забойства Юрыю Захаранку ніхто не глядзеў у вочы:
«Яго паклалі тварам уніз. Яму стралялі ў сьпіну, вашаму бацьку, як і Ганчару, і Красоўскаму. Ім усім стралялі ў сьпіну», — казаў Гараўскі.
На пытаньне Алены, калі б разам зь ейным бацькам у той дзень была і ейная маці, ці было б зь ёй тое самае, Гараўскі, крыху падумаўшы, адказаў: «Хутчэй за ўсё, так».
Пасьля больш як дзьвюх гадзінаў размовы Алена Захаранка засталася ўпэўненая, што Гараўскі ня хлусіць:
«Я глядзела яму ў вочы, і ён мне таксама, — казала яна пасьля. — Я адчувала бязьмежнае пачуцьцё віны зь яго боку».
Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў
- 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
- 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.
- Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
- У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
- На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
- 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.
- 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
- 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
- Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.