У порце Ёкагама праводзіцца эвакуацыя больш за 400 грамадзянаў ЗША, якія знаходзіліся да цяперашняга часу на борце круізнага ляйнэра Diamond Princess ва ўмовах строгага карантыну з прычыны верагоднасьці іх заражэньня каранавірусам.
На адмыслова абсталяваных аўтобусах эвакуяваныя пасажыры будуць дастаўленыя да самалёта, які перавязе іх у ЗША, паведамляе CNN. Падарожнікаў чакае яшчэ адзін карантын — ужо пад наглядам амэрыканскіх лекараў у стацыянарных умовах.
Першая эвакуацыя пасажыраў круізнага ляйнэра праходзіць ва ўмовах, калі на борце Diamond Princess расьце колькасьць заражаных. На цеплаходзе застаюцца больш за 3 тысячы чалавек — каля дзьвюх тысяч пасажыраў і тысяча маракоў і пэрсаналу абслугі.
Самалёт «Боінг-747» транспартнай мадыфікацыі ня мае звычайных для авіяпасажыраў умоваў, таму пацыентаў чакае ня самы камфортны пералёт у ЗША. Яны павінны ўзяць з сабой з круізнага цеплахода запас ежы. Арганізатары пералёту папярэдзілі, што ў самалёце можа не выконвацца звычайны для пасажырскіх рэйсаў тэмпэратурны рэжым.