Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці памруць ад каранавірусу 50 мільёнаў чалавек?


На сёньня, 14 лютага, паводле афіцыйных зьвестак, каранавірусам COVID-19 заразіліся каля 65 тысяч чалавек, памерлі ад яго — каля 1,5 тысячы.

Пакуль што ні лекары, ні навукоўцы, ні адказныя палітыкі не знайшлі надзейнага спосабу спыніць пашырэньне эпідэміі. Новы каранавірус штодня спараджае шмат думак наконт таго, як зь ім змагацца, у чым прычыны яго пашырэньня і наколькі ён небясьпечны для ўсяго чалавецтва. Вось некаторыя зь іх.

Чорны прагноз

Калі распаўсюджаньне новага каранавірусу не спыніць, ім можа заразіцца 60 адсоткаў насельніцтва сьвету. І калі вірус, паводле цяперашніх тэмпаў сьмяротнасьці, будзе забіваць аднаго чалавека з кожнай сотні заражаных, то гэта значыць, што ў глябальным маштабе ад яго могуць памерці каля 50 мільёнаў чалавек.

Пра гэта газэце The Guardian заявіў эпідэміёляг Габрыэль Льёнг, загадчык катэдры грамадзкага здароўя ў Ганконскім унівэрсытэце.

Сам Габрыэль Льёнг прызнае, што на сёньняшні дзень пытаньняў вакол эпідэміі каранавірусу значна больш, чым адказаў: «Няўжо 60%-80% насельніцтва плянэты заразіцца? Можа, і не. Можа, гэта будзе адбывацца хвалямі. Магчыма, вірус паменшыць сваю сьмяротнасьць, таму што гэта, безумоўна, не дапаможа яму, калі ён заб’е ўсіх на сваім шляху, бо такім чынам ён таксама заб’е самога сябе».

Чорны прагноз Льёнга падтрымаў кансультант Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Айра Ланджыні, які лічыць, што каранавірусам COVID-19 могуць заразіцца дзьве траціны чалавецтва. На яго думку, ізаляцыя хворых і карантын ня змогуць спыніць каранавірус. Аднак у Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя лічаць, што захады Кітаю па спыненьні эпідэміі даюць астатняму сьвету час для падрыхтоўкі да барацьбы з інфэкцыяй.

Каранавірус пашыраецца таму, што чалавецтва становіцца здаравейшым

Такі на першы погляд парадаксальны тэзіс ставіць амэрыканскі экспэрт службы аховы здароўя Томас Болікі ў часопісе The Atlantic, які кажа, што «новаўзьніклыя інфэкцыі, такія як Эбола і COVID-19, маюць цяпер лепшую плятформу для распаўсюджаньня, таму што людзі, як ні дзіўна, наагул больш здаровыя, чым калі-небудзь раней». Болікі ў гэтым кантэксьце нагадвае, што чалавецтва цяпер можа вылечваць усе бактэрыйныя і вірусныя інфэкцыі, якія не далей чым паўстагодзьдзя таму лічыліся сьмяротна небясьпечнымі. І тлумачыць:

«Тыя, якія перажываюць звычайныя інфэкцыйныя захворваньні, такія як малярыя ці тубэркулёз — альбо ніколі не заражаюцца імі, — могуць свабодна шукаць працу ў складанай эканамічнай сыстэме, жыць у гарадах ці міграваць за мяжу ў пошуках большых магчымасьцяў, ствараць сем’і і старэць зь імі, і рабіць усё астатняе, што робяць здаровыя людзі. Ды ўсё ж велізарны прагрэс чалавецтва ў барацьбе з канкрэтнымі інфэкцыйнымі захворваньнямі значна перасягнуў тэмпы інвэстыцый у добрыя сыстэмы аховы здароўя, спагадлівае кіраваньне, надзейную інфраструктуру і іншыя больш надзейныя гаранты здароўя. Гэтыя асноўныя фактары маюць вырашальнае значэньне, калі раптам зьяўляецца новая хвароба, напрыклад, COVID-19, у вызначэньні, як хутка і як далёка яна будзе распаўсюджвацца і як шмат можа памерці празь яе».

Каранавірус і «няздольная» кітайская дзяржава

Сюй Чжанжунь, прафэсар канстытуцыйнага права ва Ўнівэрсытэце Цінхуа ў Пэкіне, не пабаяўся пакрытыкаваць Камуністычную партыю Кітаю і самога кітайскага кіраўніка Сі Ціньпіна за тое, што яны пачаткова спрабавалі схаваць ад сьвету інфармацыю пра пачатак эпідэміі новага каранавірусы і стараліся заткнуць рот тым, якія хацелі сказаць праўду людзям і асьцерагчы іх.

«Ад дзяржавы, якая так яўна няздольная лячыць свой народ адпаведным чынам, наўрад ці можна чакаць, каб яна добра ставілася да астатняга сьвету. Якім чынам дзяржава, якая так зацята адмаўляецца весьці сучасную цывілізаваную палітыку, можа разьлічваць на тое, каб стаць часткай сапраўднай супольнасьці?», — напісаў Сюй Чжанжунь у сваім эсэ «Вірусная трывога», апублікаваным у інтэрнэце.

Летась улады Кітаю забаранілі прафэсару Сюй Чжанжуню выехаць з Кітаю за мяжу.

Ёсьць нешта горшае за эпідэмію каранавірусу?

Аказваецца, сёлетняя эпідэмія грыпу пакуль што зьяўляецца непараўнальна горшай немарасьцю за COVID-19. Толькі ў ЗША ў гэтым зімовым пэрыядзе на грып захварэлі 19 мільёнаў чалавек, 180 тысяч зь іх шпіталізавалі, а 10 тысяч памерлі ад інфэкцыі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG