Паводле праваабаронцаў, у беларускіх вязьніцах утрымліваюцца каля 3400 жанчын, у тым ліку і тыя, хто ў няволі нарадзіў дзіця.
У студзені 2019 году ў папраўчай калёніі № 4 у Гомлі адкрылі інтэрнат для жанчын з малымі дзецьмі.
«Тагачасны міністар унутраных спраў урачыста адкрываў інтэрнат, казаў, што створаныя ўсе ўмовы для адпачынку маці з малымі дзецьмі. Але, па нашых дадзеных, большасьць пакояў інтэрнату дагэтуль пустыя», — сказаў праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка.
Паводле праваабаронцы, праблема ў тым, што зьняволеным жанчынам па нараджэньні дзіцяці не даюць дэкрэтнага адпачынку, і адміністрацыя калёніі прымушае іх працаваць.
«А значыць — проста няма кім напоўніць інтэрнат, які з такой помпай адкрываў спадар Шуневіч», — кажа Сапелка.
Аўтары маніторынгу «Месцы несвабоды ў Беларусі» заклікаюць дзяржаву зьмяніць заканадаўства, каб рэальна забясьпечыць правы зьняволеных цяжарных жанчын і кормячых маці.