Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма, мужчына і жанчына. Зона сустрэч: пра «гэта» і ня толькі


У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». Публікуем фрагмэнты гэтай кнігі. Сёньня працяг разьдзелу «Зона сустрэч»: Аднаполае каханьне. Пра гэта. У мужчынскай турме. Паслугі прастытутак. Хлопчыкі па выкліку. Пра гэта і ня толькі. У жаночай зоне. Лесьбійскае каханьне. «Палавінкі», прыватны досьвед. Адкуль бяруцца дзеці? «Мамкі».

Замовіць кнігу можна ТУТ

«Павальная гомасэксуальнасьць у зоне» найчасьцей абмяркоўваецца тымі, хто ніколі не сядзеў. Вакол гэтай тэмы — найбольш мітаў, яна — найвялікшая «пужалка» для тых, хто ўяўляе сабе жыцьцё за кратамі па фільмах, кнігах і анэкдотах.

Аднаполае каханьне. Пра гэта. У мужчынскай турме

«Ізаляванасьць зьняволеных паводле полавай прыкметы, адсутнасьць кантактаў з процілеглым полам спрыяе ў большай ступені, чым на волі, пашырэньню розных спосабаў самазадавальненьня і аднаполых сэксуальных кантактаў», гаворыцца ў амэрыканскім дасьледаваньні Вудэна — Паркера пра сэксуальныя паводзіны мужчын-вязьняў у турмах ЗША (Men Behind Bars: Sexual Exploitation in Prison, Wooden&Parker).

Згодна з апытаньнямі, якія праводзілі Ўэйн Вудэн і Джэймс Паркер у адной з мужчынскіх турмаў ЗША, гомасэксуальны кантакт у няволі мела прыкладна палова рэспандэнтаў, прычым каля 55% зь іх называлі сябе гетэрасэксуаламі і вызначалі гэты кантакт як вымушана замяняльны, але добраахвотны. Арыштантаў-гетэрасэксуалаў, якія засьведчылі, што іх гвалтоўна ўцягнулі ў аднаполы сэкс, было 14%.

Усе апытаныя прызналіся, што займаюцца ў турме мастурбацыяй, прычым больш-менш рэгулярна. Усё гэта, сьведчылі зьняволеныя, стварае ў вязьніцах атмасфэру сэксуальнага напружаньня.

Дасьледаваньні, падобныя да амэрыканскіх, у Беларусі, якая займае адно зь вядучых месцаў у сьвеце паводле колькасьці зьняволеных на сто тысяч насельніцтва, ніколі не праводзіліся. Але відавочна падобная тэндэнцыя не абмінула і яе.

У адкрытым друку, аднак, можна знайсьці некаторыя зьвесткі на гэты конт, прадстаўленыя Дэпартамэнтам выкананьня пакараньняў МУС Беларусі: аднаполы сэкс (дадзеныя за 2008 год) у беларускіх турмах практыкуюць ад 7 да 12% мужчын-арыштантаў. Наколькі адпавядаюць гэтыя лічбы рэальнай сытуацыі? Ці добраахвотна становяцца партнэрамі? Ці платныя ў вязьніцах сэксуальныя паслугі? Ці адбіваецца вымушанае сэксуальнае ўстрыманьне на здароўі зьняволеных?

Як мяркуюць колішнія вязьні з працяглым турэмным стажам, беларускія дасьледаваньні хутчэй за ўсё рабіліся ў сувязі з вывучэньнем праблемы ВІЧ у беларускіх турмах, якое вялося на ўзроўні ААН. Сёньня гэтая хвароба пашырылася і за кратамі, а вязьні-геі належаць да групы рызыкі.

Каб паспрыяць барацьбе з праблемай ВІЧ, у папраўчыя ўстановы Беларусі па лініі Глябальнага фонду ААН паставілі вялікія партыі прэзэрватываў. Вязьні, якія вызваліліся зусім нядаўна, адзначаюць, аднак, што цяпер на зонах прэзэрватывы ў дэфіцыце, бо арыштанты выкарыстоўваюць іх зусім у іншых мэтах — каб праносіць у прамой кішцы што-небудзь забароненае ў штрафны ізалятар. Такі спосаб называецца «тарпэда».

Паслугі прастытутак

«Мужчынская турэмная прастытуцыя існуе, і яна нават не хаваецца», — кажа Барыс А., якому няма і трыццаці. 20—30-гадовыя сёньня складаюць амаль палову кантынгенту беларускіх турмаў. З гледзішча Барыса, у закрытых мужчынскіх супольнасьцях сэкс — вострая праблема. Асабліва сярод людзей ягонага веку.

Ад Барыса А.

— Для мяне гэты недахоп быў вельмі адчувальны. І я неаднойчы думаў на гэтую тэму. Часам гэтая сытуацыя заводзіла ў тупік і выбівала з раўнавагі. Гармоны «скачуць», і ў нейкіх канфліктных сытуацыях гэта можа згуляць злы жарт. Калі ты ў спакойным стане — яшчэ цярпіма, а калі нешта ня так, то ўсё гэта гіпэртрафуе агрэсію

Барыс сядзеў двойчы, як ён кажа, за крадзеж і «дур». Першы раз, калі трапіў за краты жанатым і на кароткі тэрмін, было лягчэй, бо меў так званыя працяглыя (да трох дзён) спатканьні з жонкай. На час другой суджанасьці, як і большасьць вязьняў, Барыс быў адзінцом. Пра тое, як ратаваўся ад спакусаў, ня кажа. Што да сяброў-натуралаў, то некаторыя ішлі на нерэгулярныя аднаполыя сэксуальныя кантакты.

— Ідуць на гэта. Чаму не? Зразумела, нічога не афішуецца. Хоць, напэўна, пра такія патаемныя кантакты адміністрацыя ўсё ж ведае, а потым пры магчымасьці і шантажуе, каб зрабіць зь вязьня інфарматара. Ясна, што ўсё робіцца не за «дзякуй». За гэта плацяць — цыгарэтамі, падарункамі, заступніцтвам. Такое практыкуецца паўсюль. У тым ліку і ў СІЗА, сярод падсьледных.

Сэкс прапануюць ня толькі так званым «апушчаным», якія ад пачатку пазыцыянуюць сябе як геі, але і розным маладым ды прыгожым вязьням-гетэрасэксуалам. Ня хоча чалавек — ніхто яго гвалтаваць ня будзе. Проста тут, як і на волі, вядзецца гандаль. Ну, напрыклад, прапануюць болей цыгарэтаў. Не захоча — яшчэ болей. Усё па добрай волі.

Як кажа Барыс А., турэмныя геі-путаны ня маюць справу абы з кім:

— Увогуле, яны ня пойдуць з кожным. Шукаюць больш крутых ды багатых. Там скіраванасьць выключна матэрыяльная. Дарэчы, яны самыя розныя. Ёсьць вельмі прыгожыя, я нават такіх дзяўчат ня бачыў. Ёсьць такія, якіх пабачыш па тэліку на розных заходніх гей-парадах. У нашай калёніі яны нярэдка рабілі сваё трансвэстыцкае шоў. Калі дзяжурыла нармальная зьмена кантралёраў, яны ў цёплае надвор’е надзявалі спадніцы, парыкі і рабілі прамэнад па ўсёй зоне. Вярталіся назад зь мяхамі цыгарэтаў. З тым, што зарабілі.

Барыс кажа, што «апушчаныя» добра ведаюць свае правы. Шмат у каго зь іх ВІЧ, і зьвязанымі з гэтым правамі яны таксама карыстаюцца. Часам могуць нават маніпуляваць апэратыўнікамі. Кажа, сам назіраў, што калі ў некага ўзьнікалі праблемы з наглядчыкам, «пакрыўджаны» мог палезьці да яго цалавацца.

— А які міліцыянт захоча, каб яго пацалаваў «пятух»? З такім «мянтом» ніводзін зэк ня будзе вітацца. То бок зэкаўская ідэалёгія і на «мянтах» адбіваецца.

Ад Сяргея Парсюкевіча

Пра тое, што большая частка зьняволенай моладзі ўвесь час шукае, як зьняць сэксуальнае напружаньне, сьведчыць і былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч. Сам ён трапіў за краты, калі яму было за 40, і, як кажа, уся ягоная сэксуальная энэргія была пераключаная на маральныя перажываньні.

Сяргей Парсюкевіч, 2008
Сяргей Парсюкевіч, 2008

— Маладым пацанам на зоне цяжка. У хлопца пэрыяд гіпэрсэксуальнасьці, а яго пасадзілі ў турму. Калі я на працоўнай зоне ў Шклове аднойчы пайшоў у прыбіральню, там стаяў хлопец ля ўваходу і папрасіў мяне туды не заходзіць нейкі час. Я спытаўся: «А што здарылася?» Ён патлумачыў: там займаюцца іншымі справамі. Так, гэта практыкуецца на зонах.

Калі казаць пра так званых «апушчаных» ці «адсаджаных», то жывуць яны ня так ужо і кепска, атрымліваюць розныя падарункі. Хоць я не сказаў бы, што гэта нейкае прывілеяванае становішча. Згодна з зэкаўскімі традыцыямі, да іх ставяцца адмоўна, яны робяць самую брудную працу — напрыклад, мыюць тыя самыя прыбіральні. Жывуць паасобку. Іхняе месца ў атрадзе агароджанае фіранкай. Аднак ніхто іх ня гвалціць. Яны заўсёды могуць адмовіцца.

Хлопчыкі па выкліку

З выпадкамі такіх «выклікаў» сутыкалася колішняя мэдсястра Рэспубліканскага турэмнага шпіталю Алёна Красоўская.

Алёна Красоўская, 2012
Алёна Красоўская, 2012

— Калі я працавала ў «бальнічцы», некалькі разоў пад выглядам хворага туды прывозілі хлопца для крутых «смотрящих». У шпіталі ўсе пра гэта ведалі. Па сутнасьці, хлапчук быў заняты цэлыя суткі, у палаце яго відаць не было. Напэўна, абслугоўваў многіх. Глядзець на яго па выхадзе было цяжка.

Дарэчы, у нулявыя, як сьведчаць былыя вязьні, у калёніі, маючы грошы, можна было празь міліцыянтаў выпісаць за хабар і «традыцыйных» жанчын-прастытутак. Такі бізнэс, напрыклад, квітнеў у колішняй калёніі № 1 на Кальварыйскай.

Аднак найчасьцей турэмная моладзь ідзе на самы распаўсюджаны спосаб замены сэксуальных патрэбаў — мастурбацыю. Зразумела, ва ўмовах, дзе няма індывідуальнай прасторы, гэта ня можа быць чымсьці інтымным, кажуць былыя вязьні.

Ад лекара-уроляга

Як сьведчыць былы зьняволены Генадзь Б., лекар-уроляг паводле прафэсіі, многія з маладых сядзельцаў вельмі часта зьвярталіся да яго з пытаньнямі: а ці не адаб’ецца такое працяглае ўстрыманьне ад сэксу на патэнцыі, ці змогуць яны пасьля гэтага вярнуцца да інтымнага жыцьця?

— У размовах я спасылаўся на тысячагадовую гісторыю манаства. Будысцкія манахі з дапамогай розных усходніх мэтадаў пераводзяць сэксуальную энэргію ў фізычную і разумовую, а таму лёгка перажываюць усё. Але ж калі дарываюцца, то жанчыны на іх у крыўдзе не бываюць.

Па вялікім рахунку, патэнцыя і здольнасьць чалавека да паўнавартаснага сэксу — гэта хутчэй пытаньне псыхікі, а не фізіялёгіі. Галоўнае — не нагружаць сябе рознымі фантазіямі, менш зацыклівацца на летуценьнях, а болей працаваць фізычна. Калі ж зусім няўсьцерп, то ёсьць, урэшце, і рукі.

Пра гэта і ня толькі. У жаночай зоне

Любая жанчына на зоне мяняецца. Большасьць зэчак мала хто чакае на волі, а таму за кратамі, асабліва сярод рэцыдывістак або асуджаных на доўгія тэрміны, узьнікаюць свае «сем’і». Як сьведчаць пэнітэнцыярныя псыхолягі, сама зона падштурхоўвае жанчыну да аднаполага каханьня.

Паводле дасьледаваньняў мэдычных псыхолягаў з Маскоўскага навуковага цэнтру псыхічнага здароўя, якія праводзіліся ва ўстановах расейскай пэнітэнцыярнай сыстэмы, з прычыны адсутнасьці эмацыйных сувязяў ды тактыльных кантактаў з блізкімі жанчына ў турме «ломіцца» яшчэ хутчэй, чым мужчына. Жаночая псыхіка не вытрымлівае ўжо пасьля двух гадоў прымусовага адрыву ад сям’і, дому, родных, а ў мужчыны гэта здараецца пасьля трох — пяці гадоў.

Нярэдка ў тых умовах замест сапраўднага пачуцьця жанчына, якая мае ў ім патрэбу, пачынае шукаць нейкі сурагат. Як лічаць расейскія дасьледнікі, вымушаным лесьбійскім каханьнем ахоплена больш за палову сядзеліц турмаў.

Ад Марыі П.

«Гэткая карціна характэрная і для беларускіх жаночых папраўчых установаў», — кажа былая асуджаная Марыя, маладая жанчына, якая пасьля трохгадовай адседкі вярнулася ў сям’ю, дзе яе чакалі муж і дачка. Як падаецца Марыі, такія нетрадыцыйныя сувязі маюць многія асуджаныя жанчыны.

— Асабліва гэта тычыцца тых, хто сядзіць доўга. Тыя, у каго кароткія тэрміны, могуць крыху толькі паспрабаваць гэткае каханьне. Хтосьці абыходзіцца ўвогуле бяз сэксу. Але сярод тых, хто сядзіць доўга, гэткія сувязі маюць больш за палову. Усе гэтыя стасункі ўзьнікаюць добраахвотна. Ніхто нікога ня гвалціць.

Марыя мяркуе, што 90% аднаполых пар не былі гомасэксуальнымі да таго, як трапілі за краты. І, напэўна, ніколі б імі і ня сталі. Калі маладая жанчына села гадоў на 20, і ў яе гэта атрымліваецца, то чаму б не?
Паводле былой асуджанай, у жаночым турэмным сьвеце распаўсюджаныя два віды такога партнэрства:


— Адзін зь іх — калі партнэркі выконваюць жаночую і мужчынскую ролю. Гэтыя апошнія вельмі падобныя да мужчын. Калі я ўпершыню ўбачыла такую жанчыну ў камэры СІЗА, я падумала, што да нас памылкова пасадзілі нейкага хлопца.

Гэтых жанчын называюць «каблы».Твары ў іх у шрамах, валасы кароткія, голас грубы. Ня ведаю, як такое атрымліваецца, што жанчына мяняецца цалкам. Яны аказваюць знакі ўвагі той або іншай дзяўчыне. І гэта сапраўдная сямейная пара. Яны жывуць паасобку, харчуюцца паасобку.

Так званы «мужчына» аберагае сваю каханку, раўнуе яе. Сцэны рэўнасьці праходзяць канкрэтныя, бойкі-спрэчкі. Тыя самыя «каблы», ведаю выпадкі, пасьля вызваленьня з зоны нярэдка рабілі ўсё, каб вярнуцца на яе. Бо там заставалася так званая жонка. Такое было моцнае каханьне. Калі абедзьве на волі, я гэта ведаю, яны працягваюць жыць разам.

Ёсьць выпадкі, калі пары, вяртаючыся на волю, працягваюць свае стасункі на сталай аснове. Калі адна з жанчын мае на волі мужа, то сыходзіць ад яго. Нярэдка пара супольна выхоўвае дзіця адной з жанчын. Бывае, што і народжанае ў калёніі.

Былая асуджаная адзначае, што «каблы» звычайна маюць вельмі добрыя адносіны з адміністрацыяй, іх прызначаюць на пасады брыгадзіраў, іншых нізавых начальнікаў. У брыгадзе яна можа як сьлед і гаркнуць на работніц. На некаторых гэта ўзьдзейнічае.​

«Палавінкі», прыватны досьвед

Другі від аднаполых сувязяў — калі ў пары абедзьве выглядаюць па-дзявочаму і абедзьве ідэнтыфікуюць сябе як жанчыны. Іх на зоне завуць «палавінкамі».

Сваю «палавінку» мела за кратамі і Марыя. Гэты абсалютна новы ў яе жыцьці сэксуальны досьвед цягнуўся два гады і скончыўся з вызваленьнем.

Прайшоўшы вязьніцу, жанчына ня лічыць такія стасункі капрызам ды распустай, хоць распусты за кратамі хапае, як, дарэчы, і на волі, кажа яна.

Паводле Марыі, сустрэча з «палавінкай» Кацяй стала для яе сапраўдным ратункам. На жаночай зоне, каб выжыць і не звар’яцець, прынята аб’ядноўваюцца ў так званыя «сем’і».

Жаночая калёнія ў Гомелі. Здымак Віктара Стралкоўскага
Жаночая калёнія ў Гомелі. Здымак Віктара Стралкоўскага

Галоўнае ў такім саюзе — зусім не лесьбійскі сэкс, можна абысьціся і безь яго, а падтрымка адна адной. Гэта супольнае харчаваньне, лепшая арганізацыя вольнага часу, паколькі ўдзень нельга ляжаць на ложку, спаць або проста чытаць кніжку. Бо за кратамі з прычыны незанятага вольнага часу нават кароткія тэрміны ў два-тры гады часам падаюцца вечнасьцю. І жанчыны прыстасоўваюцца, вучацца ў такіх умовах адчуваць, сябраваць, кахаць.

Каця была маладая, прыгожая, сэксуальная. Жанчыны расказвалі адна адной пра сябе. У Каці рана ня стала бацькоў, і яна выхоўвалася ў інтэрнаце, дзе аднаполая эротыка сярод дзяўчат была распаўсюджанай. Маша вырашыла паспрабаваць гэта зь цікавасьці.

Ці можна назваць гэта каханьнем? Ва ўсялякім разе захапленьне было ўзаемным і моцным. Каця вельмі раўнавала, калі на працяглыя спатканьні да сяброўкі прыяжджаў муж. А сама Марыя падчас трох дзён разлукі лічыла хвіліны, каб хутчэй вярнуцца да Каці. Мужу свой настрой тлумачыла стомленасьцю.

З калёніі Марыя вызвалілася раней за сяброўку. Напачатку сумавала, чакала лістоў, ледзь не штодзень пісала сама. Потым усё пакрысе сьцішылася. Нават калі Каця выйшла на волю, жанчыны так больш ніколі і не сустрэліся.

Як глядзіць на такія стасункі адміністрацыя? Афіцыйна гэта забаронена. Тым ня менш, устойлівыя пары імкнуцца не чапаць, бо інакш могуць узьнікнуць канфліктныя сытуацыі, а на зоне гэта нікому ня трэба. Распусьніц, якія мяняюць партнэрак — «ганяюць». Жанчыны-опэры маюць дакладную інфармацыю, хто ёсьць хто, да таго ж яны някепскія псыхолягі. ​


Адкуль бяруцца дзеці?

Гомельская калёнія — адзіная ў краіне, дзе ва ўмовах беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы ёсьць дом для дзяцей асуджаных мацярок. Колькасьць малых выхаванцаў (дзеткі да трох гадоў) кожны год розная. Часам яна дасягае паўсотні. Часам істотна меней.

Дом дзіцяці. Жаночая калёнія
Дом дзіцяці. Жаночая калёнія

Паводле Марыі, характэрныя для грамадзтва дэмаграфічныя праблемы ніколькі не закранулі жаночых зонаў. Зэчкі ня робяць абортаў, добра ведаючы, якія льготы могуць мець на зоне як маці. Большасьць зацяжарвае яшчэ на волі. Некаторыя — пасьля працяглых спатканьняў з мужамі. Бываюць і іншыя варыянты.

Ці здараюцца сэксуальныя сувязі з мужчынамі на зоне? Марыя кажа, што чула пра такое. Напрыклад, гэта было з вольнанаёмнымі рабочымі. Калі на тэрыторыі дзесьці ішла будоўля. Праўда, гэткія выпадкі найчасьцей засякаліся. У выніку тых рабочых звальнялі, жанчыны атрымлівалі розныя штрафныя спагнаньні.

Марыя памятае, што калі ў калёніі будавалася мэдычнае памяшканьне, то дзяўчатам забаранялася нават блізка падыходзіць да тых рабочых, надзяваць кароткія спадніцы і такім чынам правакаваць мужчын.

Марыя згадвае, як некаторыя дзяўчаты спрабавалі уступіць у кантакт на швачнай фабрыцы калёніі з так званымі «хімікамі». Стараліся арганізаваць званок, каб сустрэцца ў нейкіх падсобных памяшканьнях. Але апошнім часам на фабрыку набралі вельмі маладых і напалоханых, якія ад гэтых дзяўчат літаральна ўцякалі.

Раней, як расказвалі зэчкі са стажам, у СІЗА ў асобнай камэры можна было сустрэцца з мужчынам-вязьнем за 50 у. е. Цяпер гэта практычна немагчыма — усё пад відэаназіраньнем.


«Мамкі»

Вялікая частка асуджаных нараджае дзіця дзеля розных прывілеяў, зазначае Марыя. Гэта прагулкі без абмежаваньняў на сьвежым паветры, палепшанае харчаваньне — малочныя прадукты, больш сьвежай гародніны і садавіны. Плюс рэгулярнае мэдычнае абслугоўваньне. Такое, праўда, можна сказаць пра зону. У СІЗА цяжарным нашмат складаней — яны жывуць, як і ўсе астатнія.

Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky
Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky

— Акрамя таго, маці малых могуць нават разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае. Пры вызваленьні яны атрымліваюць матэрыяльную дапамогу — рэчы, грошы, цацкі. А самі, калі выходзяць, нярэдка проста кідаюць сваіх дзетак... Найчасьцей на вакзалах. Такое здараецца ў першыя гадзіны пасьля вызваленьня.

Марыя не прыгадвае, каб некаторыя з гісторый турэмнага мацярынства мелі шчасьлівы канец. Сама сыстэма ў краінах былога СССР пабудавана так, што для чалавека, які вызваліўся з турмы, няма ўмоваў, каб знайсьці месца ў жыцьці. Таму звычайна былыя асуджаныя жанчыны, у якіх разьвітыя мацярынскія пачуцьці і якія нікому не зьбіраюцца аддаваць сваё народжанае ў вязьніцы дзіця, з настальгіяй узгадваюць на волі час, праведзены разам з малым у калёніі. Няхай гэта была несвабода, але ў іх маленькай сям’і было ўсё неабходнае.

Ад спонсара калёніі

Менская прадпрымальніца Тацяна зналася цягам некалькіх гадоў з жанчынамі з гомельскай «чацьвёркі», паколькі спансіравала некаторыя праекты калёніі. З ацэнкамі былой асуджанай Марыі яна пагаджаецца часткова:

— Сапраўды, ёсьць за кратамі і такая катэгорыя жанчын, якім па вялікім рахунку не патрэбныя іх дзеткі. У калёніі яны маглі нават дрыжаць над сваімі малымі, а выходзілі — і спакойна прапівалі ўсе дзіцячыя рэчы. Бо калі маці зь дзіцем вызваляюць з калёніі, дзіця забясьпечваюць і вазком, і адзеньнем, і харчаваньнем на першыя тыдні. Бываюць такія маці, якія адразу прапіваюць гэта.

А што — хіба на волі некаторыя мамашы не нараджаюць, каб атрымаць сацыяльную дапамогу? А потым адмаўляюцца ад гэтых дзяцей, прадаюць іх. За алькаголь, наркотыкі. Хіба мы ня ведаем выпадкаў, калі яны зацяжарваюць толькі дзеля таго, каб утрымаць мужа? А потым муж кідае яе, а яна кідае дзіця. Бо непатрэбнае.

Аднак усё ж, адзначае Тацяна, Дом малюткі стымулюе жанчыну. Каб стаць адказнай за яго лёс, вызваліцца, працягваць жыцьцё разам зь ім, бо нічога іншага добрага, акрамя як гэтае малое, у яе няма.

Папярэднія публікацыі

Зона сустрэч: раманы і спатканьні

Агентурная зона

Зона Х. Пажыцьцёвае

Зона Х. Расстраляныя і нерасстраляныя

Зона падтрымкі

Наркаманская зона

Палітзона

Зона хвароб. Турэмная псыхіятрыя

Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць

Зона хвароб. Тэрапія, хірургія, стаматалёгія

Штрафная зона

Прамзона

Жылая зона

Дзіцячая зона

Жаночая зона

Мужчынская зона

Тэрыторыя эзкаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG