У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць кніга Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». Публікуем фрагмэнты гэтай кнігі. Сёньня разьдзел «Зона хвароб: турэмная псыхіятрыя»: Судова-псыхіятрычная экспэртыза. «Дысацыятыўнае расстройства асобы». Адэкватныя «чыкацілы». «Рэкамэндаваны расстрэл». Неадэкватныя. Суіцыды за кратамі. «Замах на жыцьцё — справа звыклая». Форма барацьбы. Перамовы з галадоўнікамі.
Замовіць друкаваны асобнік можна тут.
ЗОНА ХВАРОБ: ТУРЭМНАЯ ПСЫХІЯТРЫЯ
Нават у здаровага чалавека зона можа падарваць псыхіку. Што ўжо казаць пра тых, хто трапляе за краты з душэўнымі хваробамі.
Кіраўнік «ТаймАкту», дыплямаваны лекар-псыхіятар Васіль Завадзкі называе псыхічныя разлады адной з галоўных праблемаў стану здароўя вязьняў. Апошнім часам колькасьць асобаў з такімі праблемамі ўзрасла за кошт хворых на алькагалізм, а таксама нарказалежных.
У прынцыпе, лічыць Васіль Завадзкі, любое злачынства, тым больш асабліва цяжкае, трэба разглядаць з гледзішча асаблівасьці псыхікі таго, хто яго ўчыніў.
Судова-псыхіятрычная экспэртыза
17-гадовы на момант здарэньня мянчук Улад, вядомы з крымінальнай хронікі як «хлопец з бэнзапілой», у адзін з выходных учыніў крывавую бойню ў менскім гандлёвым цэнтры. У выніку з асаблівай жорсткасьцю была забітая адна жанчына, параненая другая. На судзе, які прызнаў хлопца адэкватным і прызначыў яму як непаўналетняму пятнаццаць гадоў калёніі, той з жалем сказаў: «Як мала я забіў», — і паабяцаў, што калі выйдзе на волю, то і далей будзе забіваць.
За год знаходжаньня ў калёніі хлопец шэсьць разоў сядзеў у ШЫЗА. Падчас адной з прагулак, выцягнуў схаваны ў рукаве нож і напаў на двух кантралёраў. Сьледчыя высьветлілі, што малады чалавек распрацаваў плян, каб забіць начальніка турмы і такім чынам адпомсьціць яму за дысцыплінарныя пакараньні. За напад на турэмных кантралёраў вязьня засудзілі на дваццаць два гады: 5 у турме, астатнія 17 — у калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Калі б на момант злачынства хлопцу споўнілася 18, то, сыходзячы зь беларускіх законаў, яго хутчэй за ўсё засудзілі б на расстрэл. Паводле ацэнак судова-псыхіятрычнай экспэртызы ён учыняў сваё злачынства пры сьвядомасьці.
Ад псыхіятра
У практыцы псыхіятра Васіля Завадзкага былі выпадкі, калі хворыя на розныя псыхіятрычныя захворваньні, тым ня менш, прызнаваліся здаровымі:
— Наяўнасьць гэткіх захворваньняў яшчэ не азначае неадэкватных дзеяньняў падчас злачынства. Што асабіста ў мяне выклікала пытаньні ў справе «хлопца з бэнзапілой» (ягоныя бацькі зьвярталіся да праваабаронцаў — аўт.), дык гэта праца судова-псыхіятрычных экспэртаў. З майго гледзішча, зыходзячы з той інфармацыі, якую мы маем, падлетак мусіў быць прызнаны вар’ятам. Але ж ацэнкі экспэртаў зробленыя хутчэй на бытавым, чым на прафэсійным узроўні.
Экспэрты абапіраюцца на высновы, якія зробленыя сьледзтвам. Але ж у іх ніхто не пытаецца, вінаваты чалавек ці не. Як на маю думку, дык хлопца трэба лячыць у турэмнай псыхіятрыі. Хоць калі сыходзіць з нашых рэаліяў, то з гледзішча захаваньня асобы трапіць у калёнію ўсё ж лепш, чым у турэмную вар’ятню.
«Дысацыятыўнае расстройства асобы»
У справе асуджанага на 25 гадоў Міколы С., пра якую расказала «Свабодзе ў турмах» кіраўніца «Рэгіёну119» Алёна Красоўская, стаіць заключэньне: «дысацыятыўнае расстройства асобы». Гэта калі ў чалавека назіраюцца ігнараваньне розных сацыяльных нормаў, уласнай ды чужой бясьпекі, схільнасьць да падману ды маніпуляваньня іншымі людзьмі, няздольнасьць раскайвацца і адначаснае задавальненьне ад сваіх асацыяльных, амаральных ды неэтычных паводзінаў.
Асуджаных з такім заключэньнем далёка не адзінкі. Уражвае ня столькі надзвычайная жорсткасьць іх асобы, колькі ўстойлівая ўпэўненасьць, што менавіта ахвяра сама вінаватая ў тым, што зь ёй здарылася.
30-гадовы Мікола С. адседзеў за кратамі амаль палову жыцьця. Яго арыштавалі неўзабаве пасьля вызваленьня зь дзіцячай калёніі, дзе ён адбываў двухгадовы тэрмін за хуліганства. Выйшаўшы на волю, хлопец пайшоў адзначаць падзею ў бар, а потым на дыскатэку. Падчас танцаў займеў віды на адну дзяўчыну, але тая адмовіла яму ва ўзаемнасьці. Хлопец выйшаў за ёй на вуліцу, дзесьці ў кустах паваліў, пачаў гвалтаваць, адчуўшы яе супраціўленьне, забіў ударамі нажа і, як паказала пазьней экспэртыза, гвалтаваў ужо мёртвую.
Паводле Алёны Красоўскай, ён не раскаяўся.
Ад праваабаронцы
— Як і дванаццаць гадоў таму, Мікола па-ранейшаму лічыць, што зрабіў усё правільна. Маўляў, ня мела яна права адмовіць яму, такому «крутому». Ніякага раскаяньня за ўчыненае, ніякіх спробаў папрасіць прабачэньня ў бацькоў забітай...
Яго не прызналі неадэкватным, не накіравалі ў вар’ятню. Як ні дзіўна, але жыцьцё з такім артыкулам у зьняволеньні склалася найлепшым чынам. Асуджаны ня мае канфліктаў ні зь вязьнямі, ні з адміністрацыяй. Добра працуе. Прычым на ня самых нізкіх турэмных пасадах.
За час адседкі Мікола зрабіўся вельмі рэлігійным. Ня так даўно ён ажаніўся па перапісцы. Жонка яму дасталася добрая. Тэарэтычна, калі ён захоча стаць нармальным чалавекам, то база для гэтага ў яго ёсьць. Нейкіх аптымістычных прагнозаў адносна таго, што можа стацца зь ім далей, ніхто даць ня можа. Увогуле на зьняволеных з «дысацыятыўным расстройствам асобы» зьвяртаюць увагу тады, калі хваравітыя асаблівасьці іх псыхікі праяўляюцца на поўную моц.
Адэкватныя «чыкацілы»
Кандыдат псыхалягічных навук Аляксандар Прудзіла, які доўгі час працаваў на катэдры экспэрымэнтальнай і прыкладной псыхалёгіі Горадзенскага ўнівэрсытэту, можа толькі на падставе крымінальных здарэньняў на ягонай роднай Горадзеншчыне расказаць нямала гісторый, калі выканаўцаў самых нялюдзкіх забойстваў без выразных матываў ды мэтаў прызнавалі «псыхічна нармальнымі». Большасьці прысудзілі расстрэл, толькі адзінкам удалося яго пазьбегнуць.
Ад псыхоляга
Паводле Аляксандра Прудзілы, садызм «адэкватных» мясцовых «чыкацілаў», «чысьцільшчыкаў», іншых злачынцаў такога самага кшталту ідзе ад комплексу непаўнавартасьці, які ў свой час апісаў аўстрыйскі псыхааналітык Альфрэд Адлер.
— Ва ўсіх нас ёсьць пачуцьцё непаўнавартасьці, мы зь ім нараджаемся. Але калі яго замацаваць, пастаянна казаць: ты дурны, ты крывы — то тады пачуцьцё непаўнавартасьці любога чалавека можа перарасьці ў комплекс. А комплекс — гэта ўжо фактычна нэўратычны стан, які кампэнсуецца толькі комплексам перавагі. Якім чынам — няважна. Або гэта будзе такі ціхі «чыкаціла», або іншыя прыдуркі. Ну вось чаму той студэнт, які забіў жонку зь яе каханкам, потым насіў у торбе яго галаву? Таму што гэтая галава была разумнейшая, ён так лічыў.
Больш за дваццаць пяць гадоў таму вядомы савецкі і расейскі псыхіятар, які першы «вылічыў» Чыкацілу, Аляксандар Буханоўскі (1944–2013) прадказаў цяперашні ўсплёск садызму на постсавецкай прасторы сярод народжаных у 1990-я ды пазьней. На думку навукоўца, разьвязаць праблему барацьбы з сэрыйнымі злачынцамі-маньякамі ды іншымі псыхапатамі шляхам расстрэлу ці пажыцьцёвай турэмнай ізаляцыі немагчыма.
Дасьледуючы псыхіку злачынцаў, якія адзначаліся надзвычайнай жорсткасьцю, у тым ліку такіх, як Чыкаціла, лекар вылучыў некалькі фактараў, якія прыводзяць да расстройства асобы. Гэта магчымыя генэтычныя пашкоджаньні ды родавыя траўмы, слабая сэксуальная канстытуцыя ды, безумоўна, уплыў сям’і.
Паводле прафэсара Буханоўскага, «рознага кшталту вычварэнствы — гэта ня толькі праблема крыміналістаў ці псыхатэрапэўтаў. Гэта сыгнал аб хваробе сям’і ды грамадзтва ў цэлым. Пра нашчадкаў яшчэ загадзя павінны клапаціцца бабулі і дзядулі. Ім трэба гарманічна выхоўваць уласных дзяцей — бацькоў сваіх унукаў, аддаваць ім дастаткова ўвагі, гадаваць іх у любові, вучыць будаваць адносіны зь людзьмі. А гэтага ў многіх сем’ях няма».
«Сваіх» вязьняў прафэсар лічыў глыбока хворымі людзьмі, рэкамэндаваў прызнаваць іх «абмежавана адэкватнымі» і ў якасьці прысуду прызначаць прымусовае лячэньне ва ўмовах зьняволеньня.
Паводле яго, такіх людзей трэба лячыць за дзяржаўны кошт і ўсё жыцьцё, як хворых на дыябэт. Тут ня толькі мэдыкамэнты, але і дакладная дыягностыка з дасьледаваньнямі мозгу, рознага кшталту псыхатэрапія, уключна з працоўнай, сацыяльная адаптацыя хворых.
Незадоўга перад сьмерцю Буханоўскаму ўдалося распрацаваць тэорыю выяўленьня псыхапатаў ды маньякаў на раньніх стадыях захворваньня, а таксама спосабы карэкцыі іхніх паводзін, часам вельмі істотнай, каб яны маглі мець сувязь з соцыюмам. Працы растоўскага прафэсара аказаліся больш запатрабаваныя на Захадзе, чым на бацькаўшчыне. Свайго часу яго запрасілі ў ЗША па лініі ФБР як экспэрта пры распрацоўцы закону аб сэрыйных забойствах.
«Рэкамэндаваны расстрэл»
Чаму з абсалютнай большасьці экспэртызаў вынікае, што відавочна неадэкватныя злачынцы ўчынялі свае забойствы ў стане псыхічнага здароўя, як кажуць, пры поўнай памяці? Спэцыялісты спасылаюцца на спэцыфічную прафэсійную клясыфікацыю.
А на ўмовах ананімнасьці кажуць, што яшчэ ад савецкіх часоў існуе ўнутраны дакумэнт закрытага карыстаньня для судзьдзяў. У ім рэкамэндуецца, асабліва ў «рэзанансных» выпадках, выносіць гэткім абвінавачаным (пры наяўнасьці доказаў) самыя суровыя з магчымых прысудаў. То бок прызнаваць іх «псыхічна нармальнымі» і прысуджаць ім расстрэл або, у скрайнім выпадку, пажыцьцёвае зьняволеньне.
Мэта — ня выклікаць масавай незадаволенасьці сярод насельніцтва, не «падаграваць» розныя пратэставыя настроі супраць сьмяротнага пакараньня.
Неадэкватныя
Тым ня менш экспэрты часам усё ж прызнаюць злачынцаў «неадэкватнымі». У двух-трох выпадках з сотні.
Адзін з такіх выпадкаў — калі менскі бізнэсовец пратараніў на сваёй машыне пяць аўтамабіляў, у выніку чаго загінула сямейная пара, а незадоўга да таго нанёс некалькі нажавых раненьняў жонцы і двум сваім дзецям. Суд прызнаў, што злачынствы былі ўчыненыя «бяз памяці», абвінавачанага вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці і накіравалі на прымусовае лячэньне ў «Навінкі». Некаторыя былыя сукамэрнікі, якія сядзелі разам зь ім у СІЗА, казалі пра «сымуляванае вар’яцтва» ды пра нечае заступніцтва.
Ад Лявона В.
Асуджаны на працяглае турэмнае зьняволеньне Лявон В. кажа, што за шмат гадоў за кратамі бачыў нямала «хворых на галаву», асуджаных за жорсткія злачынствы:
— Зэкі ня любяць псыхапатаў. Яны псуюць людзям нэрвы. Але шмат хто, напэўна дзеля боязі, імкнецца паводзіць сябе ціха, прыстойна. Тады яны сядзяць разам з усімі. Калі ж хто заікнецца пра сваё нейкае, скажам, людажэрскае жаданьне, то яго паб’юць ды адсадзяць куды далей. Усё ж хворых на галаву нельга прызнаваць нармальнымі. Ім дакладна ў вар’ятню трэба.
Суіцыды за кратамі
Турэмны псыхоляг Віталь больш за дзесяць гадоў працуе ў адной з папраўчых установаў Беларусі, да таго ж вядзе спэцкурс ва ўнівэрсытэце. Кажа, што сёньня ў калёніях да самагубства схільны прыблізна кожны пятнаццаты. Але, удакладняе ён, гэта тычыцца тых, хто паводле розных крытэраў пастаўлены на прафіляктычны ўлік. Калі ж чалавек на ўлік не пастаўлены, то ён лічыцца псыхічна нармальным. Але такія вызначэньні вельмі ўмоўныя.
Як кажа Віталь, дэпрэсія за кратамі — самы верны спадарожнік суіцыдальных паводзін. Чалавек ня бачыць ніякага прасьвету ў жыцьці. Да таго ж атмасфэра цеснай камэры, парушэньні сну, страта ўласьцівай раней энэргіі, празьмерная самакрытычнасьць або пастаяннае пачуцьцё віны. Чалавек «стамляецца жыць». Асаблівая група рызыкі — дэпрэсіўныя інтравэрты, якія ўсё носяць у сабе.
Ад турэмнага псыхоляга
— Бывае нармальны-нармальны, а раптам атрымае ліст з дому, дзе жонка ад яго адмаўляецца, і ўсё. Для арыштантаў-сядзельцаў страціць нешта на волі, згубіць апошнюю нітачку — гэта ўсё, катастрофа. Пралічыць адхіленьні нельга. Адмысловага кантролю за іхнімі дзеяньнямі мы ўсталяваць ня можам.
Чалавек прыходзіць у калёнію, у атрад, ужо ў статусе асуджанага. Атрад — гэта 100–150 чалавек. Там толькі адзін начальнік атраду, найчасьцей ня вельмі ў гэтых пытаньнях дасьведчаны. А кожны самагубца да свайго ўчынку грунтоўна рыхтуецца. Робіцца ўсё так, каб ніхто перашкодзіць ня змог. Спосабы — самыя розныя. Напрыклад, уначы пад коўдрай, калі ўсе сьпяць.
Памятаю такі выпадак, калі я праходзіў стажыроўку на курсах псыхолягаў. Месяц вучысься — месяц практыка. Прыяжджаю — вешаецца адзін. Зьяжджаю — вешаецца другі. Лежачы на нарах. Спачатку зробяць пяцельку, якую чапляюць за ложак, і так задушваюцца. Калі раніцай усе прачынаюцца, то бачаць, што ён ужо задушыўся. Абодва былі залежныя ад гульняў, прайграліся ў карты і не змаглі разьлічыцца. Хоць карты за кратамі строга забароненыя. Увогуле прычыны скончыць жыцьцё ў асуджаных самыя розныя.
Віталь прыводзіць і такі выпадак — зэк працаваў так званым «агентам» у адміністрацыі. Не сакрэт, што для падтрымкі правапарадку адміністрацыя мае сярод зьняволеных сваіх «агентаў». У выпадку выкрыцьця гэты чалавек трапляе ў самую ненавісную катэгорыю зьняволеных. Як правіла, або сам чалавек сябе забівае, або яго забіваюць іншыя, а потым выдаюць гэта за суіцыд.
І, нарэшце, прычынай самагубства зьняволенага можа стаць сама адміністрацыя турмы. Натуральна, ускосна. Наўпрост зьняволенага ніхто не прымусіць лезьці ў пятлю.
«Замах на жыцьцё — справа звыклая»
Былы палітвязень Ігар Аліневіч кажа, што час ад часу перад яго вачыма паўстае выпадак, які здарыўся ў калёніі «Віцьба» літаральна за пару месяцаў да яго вызваленьня.
Ад Ігара Аліневіча
— Хлопец з майго атраду зьбіраўся на доўгае спатканьне з маці. Але ўзьніклі нейкія праблемы. Ён вельмі хацеў маме патэлефанаваць, але ня меў карткі. У яго быў прафіляктычны ўлік: суіцыд. Псыхолягі яго прызналі схільным да самагубства. А начальнік атраду званок яму не зрабіў. Хлопец прыйшоў на прамзону і застаўся там увечары. Паціхеньку зайшоў у закутак і задушыўся дротам.
І нікому нічога не было, ніякага спагнаньня, кажа Ігар Аліневіч: «Усім пляваць, насамрэч». Для адміністрацыі гэта проста непрыемнасьць, ня больш.
Палітвязень згадвае выпадак, які адбыўся ў Наваполацку, у калёніі № 10, дзе ён сядзеў да «Віцьбы». Цяпер тая ўстанова перапрафіляваная ў ЛТП.
— Там хлопец таксама павесіўся. Прыбег апэратыўнік: вой, ё-маё! Колькі ж мне цяпер папяровай работы будзе! Ён падумаў у першую чаргу, што яму цяпер давядзецца бегаць з дакумэнтамі, а не займацца нейкімі больш прыемнымі яму рэчамі. Вось такое стаўленьне. Нічога не каштуе чалавек у зоне, у гэтай краіне. Замах на жыцьцё за кратамі — справа звыклая.
У тым самым Наваполацку на працягу 2012 году самагубства ўчынілі тры чалавекі. Хтосьці павесіўся, знаходзячыся ў ПКТ, гэта ўнутраная турма ў зоне. За месяц да вызваленьня. Хтосьці, можа, асэнсаваў свой вялікі тэрмін — больш за дзесяць гадоў — і ня змог зьмірыцца з тым, што яму і надалей год за годам належыць гніць у гэтым лягеры безь ніякіх зьменаў, і вырашыў так скончыць свой тэрмін. Нехта разьбіў кавалак шкла і вострым — у кадык. Такое бывае.
Форма барацьбы
У турэмнай біяграфіі былога двойчы палітвязьня Міколы Аўтуховіча — два цяжкія «ўскрыцьці» (вены на руцэ і жывот), пасьля якіх ён ляжаў ў мэдчастках Івацэвіцкай калёніі ды ў Горадзенскай турме, таксама некалькі галадовак, у тым ліку і сухіх, падчас сьледзтва, самыя працяглыя зь якіх, паводле Аўтуховіча, доўжыліся 70–90 дзён:
Ад Міколы Аўтуховіча
— Я меў на мэце зрабіць акцыю пратэсту, а зусім ня спробу самагубства. Толькі праз такія пратэсты злоўжываньні сьледзтва, турэмнай адміністрацыі робяцца публічнымі.
Напачатку палітвязень папярэджваў адміністрацыю, што пры тых абставінах, якія склаліся, пойдзе на крайні крок. Пераканаўшыся, што зрухаў няма, ён ужо ня думаў, што можа стацца зь ягоным жыцьцём. Кажа што калі на нешта настроены, то ідзе да канца.
Падчас адной з галадовак, калі за семдзесят дзён страціў сорак кіло і яго насілі на насілках, ён нават адчуў, што зь яго сыходзіць жыцьцё. Страціўшы прытомнасьць, быў зьмешчаны ў мэдчастку, дзе праляжаў дваццаць дзён. Прымусовага кармленьня не было. Трымалі на глюкозе і на нейкіх растворах. Толькі так і выцягнулі.
Перамовы з галадоўнікамі
З гледзішча мэдыцыны працяглая галадоўка за кратамі нясе вязьню значна больш шкоды, чым ён можа сабе ўявіць. Адрозна ад лячэбнага галаданьня, адмова ад ежы адбываецца на фоне рэзка нэгатыўных эмоцый, наймацнейшага стрэсу, у сьмярдзючай камэры. Яна так ці інакш абавязкова «ўдарыць» па ўнутраных органах, і гэты ўдар будзе нагадваць пра сябе ўсё жыцьцё.
Ад кіраўніка мэдычнай службы ДВП
Васіль Завадзкі кажа, што як лекару і як кіраўніку мэдычнай службы ДВП яму даводзілася весьці перамовы з галадоўнікамі, каб тыя ўсё ж прынялі рашэньне спыніць іх пратэстную акцыю. Зразумела, гэта ўласны выбар асобы, але...
— Часам сытуацыя выглядала вельмі трывожнай. У чалавека ў сувязі з працяглай адмовай ад ежы назіраліся як саматычныя, так і псыхічныя парушэньні. Я спрабаваў пераканаць галадоўніка спыніць сваю пратэстную акцыю. Казаў чалавеку: «Хіба можна нешта даказаць ворагу сваёй сьмерцю? Нешта некаму даказваць, весьці барацьбу можа толькі жывы». Часам чалавек пагаджаўся, часам — не, вырашаў працягваць свой страйк. У любым выпадку, на маёй памяці, памерці ад голаду чалавеку не давалі.
Мы ніколі не кармілі галадоўніка прымусова — такое ўрэшце забаронена законам. Але заўсёды маніторылі, бралі аналізы крыві на біяхімію. На момант рэзкага пагаршэньня і страты вязьнем прытомнасьці ў нас былі напагатове неабходныя ін’екцыі глюкозы ды бялку.
У 2006-м Васіль Завадзкі адмыслова езьдзіў у «Віцьбу», дзе на той момант больш за месяц галадаў экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, асуджаны на 5 з паловай гадоў за арганізацыю пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Палітык тады схуднеў на 20 кіляграмаў, аналізы сьведчылі пра загусьценьне крыві, ад цела ішоў пах ацэтону. Ад шпіталізацыі ў вольную лякарню, як і ў «бальнічку», асуджаны ехаць адмовіўся, аднак пагадзіўся з ужываньнем да яго ў выпадку страты прытомнасьці мэтадаў інтэнсіўнай тэрапіі. Гэтак сама, як іншыя галадоўнікі, палітык знаходзіўся пад сталым наглядам мэдыкаў.
У калёніі Казуліну было дазволена часьцей за іншых зьняволеных прымаць душ, бо гэта адно з асноўных правілаў працяглага галаданьня. Практычна ўвесь сьветлы час сутак ён быў на сьвежым паветры ў адмыслова адведзеным месцы на тэрыторыі калёніі. Зразумела, не працаваў. Былы палітвязень спыніў сваю галадоўку на 53-ці дзень, паколькі дасягнуў пастаўленай мэты — прыцягненьня ўвагі Рады бясьпекі ААН да сытуацыі ў Беларусі.
Папярэднія публікацыі
Турма, мужчына і жанчына. Зона хвароб. Гінэкалёгія, інваліднасьць, сьмяротнасьць
Турма, мужчына і жанчына. Зона хвароб. Тэрапія, хірургія, стаматалёгія
Турма, мужчына і жанчына. Штрафная зона
Турма, мужчына і жанчына. Прамзона
Турма, мужчына і жанчына. Жылая зона
Турма, мужчына і жанчына. Дзіцячая зона
Турма, мужчына і жанчына. Жаночая зона