Міністар юстыцыі Беларусі Алег Сьліжэўскі на прэс-канфэрэнцыі 13 лютага расказаў, што асноўныя пункты і канцэптуальныя падыходы да зьменаў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях ужо падрыхтаваныя, але законапраекту яшчэ няма.
Як піша БелаПАН, у ліку гэтых пунктаў такія:
- падзел парушэньняў на тры катэгорыі: правіны, значныя парушэньні і грубыя парушэньні;
- пакараньне за правіны — папярэджаньне, вусная заўвага або штраф да 10 базавых велічыняў (сёлета гэта значыць — да 270 рублёў);
- тэрмін прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці: за правіны — нулявы, за значныя парушэньні — паўгода, за грубыя — год (цяпер адносна любога адміністрацыйнага правапарушэньня толькі пасьля году лічыцца, што асоба не прыцягвалася да адказнасьці);
- калі асоба плаціць штраф адразу або цягам тыдня пасьля выраку, то, паводле міністра, «зьніжка можа складаць 25–50%» (цяпер наадварот: ня зьніжкі за датэрміновую сплату, а пеня за пратэрміноўку).
Міністар падкрэсьліў, што «ўсе агучаныя прапановы яшчэ будуць абмяркоўвацца».
Адзін з аспэктаў штрафаваньня ўжо зьмяніўся: ад 1 студзеня ў Беларусі пачала працаваць «аўтаматызаваная інфармацыйная сыстэма выкананьня грашовых абавязаньняў»: цяпер грошы за штраф могуць пасьля рашэньня суду аўтаматычна сьпісваць з банкаўскіх рахункаў парушальнікаў.