Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што за «жэстачайшая лібэралізацыя» закону пра мітынгі? Тлумачым па пунктах


Ілюстрацыйнае фота. «Марш абураных беларусаў» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 21 кастрычніка 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. «Марш абураных беларусаў» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 21 кастрычніка 2017 году

Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытаньні зьмены і дапаўненьні да закону «Аб масавых мерапрыемствах», які сярод іншага прадугледжвае частковае ўвядзеньне ў краіне заяўнага прынцыпу правядзеньня масавых мерапрыемстваў. За гэта прагаласавалі ўсе 104 чальцы Палаты прадстаўнікоў, якія ўдзельнічаюць у пасяджэньні.

Законапраект прадставіў міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч. Ён адразу адзначыў, што асноўная навацыя гэтага заканадаўчага акту — паведамляльны прынцып.

«Паведамляльны прынцып пры арганізацыі масавых мерапрыемстваў — гэта жэстачайшая лібералізацыі заканадаўства», — сказаў міністар, назваўшы новаўвядзеньне «агульнасусьветнай нормай».

Цяпер чалавек альбо арганізацыя, якія жадаюць правесьці нейкае масавае мерапрыемства, павінны не пазьней як за 10 дзён паведаміць пра гэта ў адпаведныя органы. А яны ў сваю чаргу не пазьней як за 5 дзён мусяць даць адказ, калі захочуць адмовіць. Але адмова прадугледжаная толькі ў двух выпадках:

  1. калі нехта іншы ўжо падаў заяўку на той жа час і тое ж месца,
  2. калі заяўка не адпавядае заканадаўству.

Ігар Шуневіч спэцыяльна ўдакладніў, што паведамляльны прынцып дзейнічае толькі для тых месцаў, якія вызначаны ўладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Калі ж нехта пажадае праводзіць сваю акцыю ў іншым месцы, то ў такім выпадку паведамляльны прынцып ня дзейнічае, а вяртаецца дазвольны.

Ілюстрацыйнае фота. Мітынг супраць дэкрэту аб дармаедах у Бабруйску, на вызначаным уладамі месцы. 9 красавіка 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Мітынг супраць дэкрэту аб дармаедах у Бабруйску, на вызначаным уладамі месцы. 9 красавіка 2017 году

На чым акцэнтаваў увагу міністар?

  1. Заяву на правядзеньне масавага мерапрыемства ня могуць падаваць асобы, у якіх ёсьць нязьнятыя або непагашаныя судзімасьці паводле некаторых артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
  2. Вызначаецца пералік прадметаў, якія катэгарычна забараняецца прыносіць на мерапрыемства, уключаючы, напрыклад, піва.
  3. Павышаецца адказнасьць палітычных партый за правядзеньне мерапрыемстваў.
  4. Журналісты, якія асьвятляюць гэтае мерапрыемства, павінны мець пасьведчаньне, а замежныя журналісты — абавязкова быць акрэдытаванымі ў МЗС Рэспублікі Беларусь.
  5. Аплата паслуг за правядзеньне мерапрыемства арганізатарамі будзе праводзіцца постфактум. То бок плату за мэдычнае абслугоўваньне, прыборку тэрыторыі і г.д. арганізатары будуць уносіць пасьля правядзеньня мерапрыемства, а не загадзя, як гэта робіцца цяпер.
  6. Арганізатарам мерапрыемстваў забараняецца перадаваць у СМІ, уключаючы інтэрнэт, інфармацыю пра месца і час правядзеньня акцыі загадзя.

«Лібэралізаваны» закон аб мітынгах не засьцеражэ ад пакараньня глуханямых за «палітычныя лёзунгі»

Ілюстрацыйнае фота. Жорсткі разгон удзельнікаў мітынгу на Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Жорсткі разгон удзельнікаў мітынгу на Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2017 году

Пра што казалі дэпутаты?

Уладзіслаў Шчэпаў зьвярнуў увагу, што журналістам патрэбна на гэтых акцыях мець нейкі ясна бачны знак. Ён лічыць, што гэта недакладная фармулёўка і трэба больш дакладна прапісаць, што павінна быць: напрыклад, камізэльку альбо нейкую павязку, інакш, як думае дэпутат, праз гэта могуць быць спрэчкі ў судах.

Дэпутат Аляксандар Старавойтаў сказаў: а што будуць рабіць улады, калі арганізатары мерапрыемства адмовяцца аплочваць паслугі пасьля правядзеньня? На гэта міністар адказаў, што падобная сытуацыя будзе прапісаная ў спэцыяльнай пастанове ўраду.

Алена Анісім запыталася ў міністра, якім чынам МУС узгадняе дзеяньні з палітычнымі партыямі па арганізацыі мерапрыемстваў. Міністар сказаў, што ў такіх выпадках рыхтуецца плян правядзеньня мерапрыемства, міліцыя прымае пад увагу колькасьць удзельнікаў, магчымы маршрут і г.д. Ёсьць спэцыяльная схема выкарыстаньня супрацоўнікаў міністэрства, і тут, як сказаў Шуневіч, больш арытмэтыкі, чым палітыкі. Што тычыцца непасрэдных кантактаў з палітычнымі партыямі, то міністар запэўніў, што калі хтосьці з арганізатараў мерапрыемства запросіць у МУС нейкую кансультацыю альбо дадатковую дапамогу, то міністэрства заўжды гатова дапамагчы.

Дэпутатка Ганна Канапацкая запыталася, наколькі новы прынцып будзе дзейнічаць у правапрымяняльнай практыцы. Міністар сказаў, што жыцьцё пакажа:

«Мы ня можам адразу адкрыць гэты шлюз і цалкам рэалізаваць паведамляльны прынцып. Мы спрагназавалі наступствы і аддаём сабе справаздачу ў тым, што ў дадзеным аб’ёме гэтыя захады, якія мы прапаноўваем, можна ўжываць».

Дэпутат Андрэй Рыбак запытаўся, як міліцыя адрозьнівае ўдзельнікаў мерапрыемства ад выпадковых мінакоў. На гэта міністар сказаў, што ў міліцыі ёсьць адпаведны досьвед, і тут памылак звычайна ня робіцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG