Першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Дзмітрый Круты пракамэнтаваў вынікі перамоваў паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным, якія прайшлі 7 лютага ў Сочы.
Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы будуць купляць нафту ў расейскіх кампаній па цэнах сусьветнага рынку, і гэта нібыта якраз тое, на чым і настойваў беларускі бок, цытуе Крутога агенцтва БелТА.
«Калі казаць пра дамоўленасьці па нафце, нафтавым рынку, то расейскі бок згадзіўся, што беларускія НПЗ будуць купляць нафту па дамоўленасьці з расейскімі нафтавымі кампаніямі па цэнах, якія ўсталёўваюцца на сусьветным рынку. Дарэчы, гэтага ж на працягу ўсіх перамоў неаднаразова патрабавалі наш прэзыдэнт, беларускі бок. Што Беларусі ня трэба ніякіх спэцыяльных эксклюзіўных умоў. Мы хочам купляць нафту па сусьветных каціроўках і ня горш», — сказаў Дзьмітры Круты.
Паводле яго, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пагадзіўся з гэтым падыходам. «Больш за тое, ён паабяцаў, што расейскі ўрад акажа ўсялякае садзейнічаньне ў нашай працы з расейскімі здабывальнымі кампаніямі. Каб пастаўкі нафты на беларускія НПЗ былі менавіта на такіх умовах, пра якія я сказаў вышэй», — цытуе БелТА першага віцэ-прэм’ера.
Круты таксама паведаміў, што Ўладзімір Пуцін прызначыў намесьніка кіараўніка сваёй адміністрацыі Дзьмітрыя Козака адказным за працу зь Беларусьсю на нафтавым рынку. «Яму спэцыфіка ўсіх нашых узаемаадносін знаёмая і ён паабяцаў на сваім узроўні, калі неабходна, каардынаваць і апэратыўна вырашаць усе пытаньні. Але мы чакаем (гэта вялікі прарыў нашых бягучых дамоўленасьцяў), што неўзабаве гэтая нафтавая праблема вырашыцца цалкам».
Паводле агенцтва ТАСС, Козак па выніках перамоваў у Сочы 7 лютага заявіў, што зьніжкі для Беларусі на нафту запатрабавалі б дзяржаўнага рэгуляваньня паставак, а на гэта Расея пайсьці ня можа.
«Мы ня можам сёньня рэзка памяняць ўмовы рэгуляваньня нашай нафтавай галіны: вы ведаеце, цэны на сырую нафту фармуюцца рынкам, а адміністрацыйна не рэгулююцца».
Напярэдадні перамоваў у Сочы прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас заявіў, што толькі падатковы манэўр Расеі ў нафтавай галіне абышоўся Беларусі ў 2019 годзе ў блізу 330 млн даляраў.
Акрамя таго, не ўрэгуляваны мэханізм кампэнсацыі расейскім бокам за пастаўленую летась у красавіку праз трубаправод «Дружба» брудную нафту. Мазырскі і Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы былі вымушаныя зьнізіць загрузку магутнасьцяў і панесьлі істотныя страты, шкода нанесена і трубаправоднай сыстэме.
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.
Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі