9 лютага ў Галівудзе адбудзецца 92-я цырымонія ўручэньня прэміі «Оскар» Амэрыканскай кінаакадэміі за 2019 год. (Паводле беларускага часу цырымонія пачнецца 10 лютага а 4-й гадзіне раніцы).
«Аднойчы ў... Галівудзе»
Рэжысэр Квэнтын Тарантына, ЗША — Вялікая Брытанія
Намінацыі: 10, у тым ліку:
- «Найлепшы фільм»
- «Найлепшая рэжысура»
- «Найлепшы актор»
- «Найлепшы актор другога пляну»
- «Найлепшы арыгінальны сцэнар»
«Аднойчы ў... Галівудзе» пагружае ў маляўнічую атмасфэру Амэрыкі 1960–1970-х. Жыхары Каліфорніі круглы год езьдзяць на кабрыялетах, плаваюць у басэйнах і любуюцца Ціхім акіянам.
Паказанае ў фільме мястэчка ўвасабляе амэрыканскую мару.
Але праз падзеньне інтарэсу да вэстэрнаў актор Рык (Леанарда Дзі Капрыё) і ягоны дублёр Кліф (Брэд Піт) мусяць шукаць сябе ў новых жанрах.
Рэжысэр Квэнтын Тарантына ладзіць экскурсію ў эпоху Новага Галівуду, калі росквіт тэлевізіі спрычыніўся да развалу студыйнай сыстэмы. У выніку абрынуўся інстытут «зорак», якія стабільна зьбіралі студыям касу на шаблённых стужках.
«Аднойчы ў... Галівудзе» — сакавітая карціна-рэфлексія з шэдэўральнай акторскай гульнёй.
«Маленькія жанчыны»
Рэжысэр: Грэта Гервіг — ЗША
Намінацыі: 6, у тым ліку:
- «Найлепшы фільм»
- «Найлепшая актрыса»
- «Найлепшая актрыса другога пляну»
- «Найлепшы адаптаваны сцэнар»
«Маленькія жанчыны» — фільм пра сямейнае жыцьцё на фоне грамадзянскай вайны ў ЗША. На пярэднім пляне — праблемы небагатай сямʼі з маці і чатырох дачок, якія чакаюць вяртаньня з фронту мужа і бацькі. Жанчыны розныя па характары, непадобныя і іхнія мары.
Фільм Грэты Гервіг поўны яскравых эмоцый, шчырых пачуцьцяў, цёплых гутарак, моцных абдымкаў і жаноцкіх перажываньняў.
Гераіні «Маленькіх жанчын» падрабязна абмяркоўваюць, ці варта лічыць беднасьць заганай, як яе пазбыцца і наколькі этычна разьлічваць пры гэтым на дапамогу мужчын. Зрэшты, кожная дзяўчына павінна сама вырашыць, ці зьмяняць пачуцьці на матэрыяльны камфорт — ці каханьне ўсё ж перадусім.
Стужка Грэты Гервіг не эксплюатуе тэму фэмінізму: за выключэньнем пары эпізодаў, у «Маленькіх жанчынах» няма гучных разваг пра жаночую долю.
«Паразыты»
Рэжысэр: Пон Чжун Хо — Паўднёвая Карэя
Намінацыі: 6, у тым ліку:
- «Найлепшы фільм»
- «Найлепшая рэжысура»
- «Найлепшы арыгінальны сцэнар»
- «Найлепшы замежны мастацкі фільм»
Бедная сямʼя жыве ў цесным паўпадвале (мэтафара становішча, якое яны займаюць у грамадзтве), перабіваюцца падзённай працай, ловяць дармовы Wi-Fi.
«Новыя карэйцы» працуюць у карпарацыі, жывуць у дызайнэрскім катэджы зь вялізным садам і перасыпаюць сваю гаворку ангельскімі словамі.
Фільм, у якім зьмяшаліся камэдыя і трылер, урэшце пакідае пытаньне, хто ж тут паразыты. Ці жабракі, якія таемна ратуюцца ад крэдытораў у багатым катэджы — ці ягоныя гаспадары, якім матэрыяльны камфорт дазваляе расслабіцца. Карысна паназіраць, як прага шчасьлівай заможнасьці ўплывае на людзкую прыроду.
«Божае Цела»
Рэжысэр: Ян Камаса — Польшча
Намінацыя: «Найлепшы замежны мастацкі фільм»
Фільм Яна Камасы дэманструе: нават у душы забойцы можа тлець агеньчык веры і жаданьне тварыць дабро.
А сьвятары — такія ж людзі, як і парафіяне, і могуць мець такія самыя заганы. І ўчорашні «зэк» часам праяўляе больш высакароднасьці, чым рэспэктабэльныя месьцічы зь небездакорным сьветапоглядам.
Простае жыцьцё польскай глыбінкі паказвае, якімі супярэчлівымі могуць быць уяўленьні пра дабро і зло — і як складана ў мястэчку захоўваць раўнавагу.
«Трусік Джоджа»
Рэжысэр: Тайка Вайціці — ЗША
Намінацыі: 6, у тым ліку:
- «Найлепшы фільм»
- «Найлепшая актрыса другога пляну»
- «Найлепшы адаптаваны сцэнар»
Антываенная сатыра новазэляндзкага рэжысэра Тайка Вайціці, які ў сваім фільме сыграў ролю Гітлера, «найлепшага сябра» нямецкага хлопчыка Джоджа.
На першым пляне — стасункі між 10-гадовым Джоджа і крыху старэйшай за яго габрэйкай Эльзай, якую хавае Джоджава маці. Малы — фанатычны прыхільнік нацызму, аднак ягоны фанатызм сутыкаецца з рэчаіснасьцю і сапраўднымі пачуцьцямі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.