Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ведзьмару дай манэту». Беларусы сабраліся перакласьці сэрыял Netflix, зьбіраюць грошы


Плякат сэрыялу The Witcher, у галоўнай ролі — Генры Кэвіл
Плякат сэрыялу The Witcher, у галоўнай ролі — Генры Кэвіл

Перакладчыцкая суполка «RэZэрвацыя» пачала на Talaka.org збор грошай на пераклад і агучваньне па-беларуску тэлесэрыялу «Вядзьмар» (The Witcher) ад Netflix, зьняты па матывах апавяданьняў польскага пісьменьніка Анджэя Сапкоўскага.

Суполка хоча ня проста агучыць па-беларуску першы сэзон (8 сэрый, кожная па 60 хвілін, выйшаў у канцы 2019 году), але і выдаць пераклад легальна на сэрвісе Netflix, а таксама зрабіць плятформу для далейшай супрацы з Netflix. Апошняе дасьць магчымасьць пасьля перакласьці і агучыць, напрыклад, «Чорнае люстэрка» (Black Mirror) ці «Дзіўныя справы» (Stranger Things).

На пераклад менавіта «Ведзьмара» трэба сабраць 7780 рублёў — на момант публікацыі сабралі ўжо 1000. Паглядзець сэрыял па-беларуску дадуць за падтрымку на сумы ад 10 рублёў (хоць у Netflix для новых карыстальнікаў ёсьць і бясплатны тэставы пэрыяд). За большыя сумы прапануюць папяровую кнігу Сапкоўскага «Вядзьмар. Апошняе жаданьне» на беларускай мове, а таксама відэагульню «Легенды Айзэнвальда: Лістападаўская кроў», якую перакладала суполка «RэZэрвацыя».

Суполка таксама займалася перакладам і падтрымкай беларускіх вэрсіяў відэагульняў World of Tanks, World of Warships, WarThunder і іншых. У перакладзе «Ведзьмара» абяцаюць рабіць студыйны запіс, прафэсійныя зьвядзеньне і апрацоўку аўдыё. Перакладаць абяцаюць па 3–4 сэрыі на месяц.

Сьвет «Ведзьмара» падобны да сярэднявечнай Усходняй Эўропы, але населены ня толькі людзьмі, але і эльфамі, і монстрамі. Ведзьмары — адмыслова натрэніраваныя паляўнічыя на монстраў, якія перажылі фізычныя мутацыі. Яны згодныя зьнішчаць неразумных стварэньняў, што замінаюць людзям, але звычайна ня ўвязваюцца ў канфлікты людзей. Галоўны герой кніг Сапкоўскага, Геральт з Рыўі, пастаянна аказваецца ўцягнутым у людзкія войны і інтрыгі супраць уласнай волі.

Анджэй Сапкоўскі распачаў сэрыю кніг «Вядзьмар» у 1986 годзе, цяпер выйшла 5 кніг «асноўнай» сагі, 2 зборнікі кароткіх апавяданьняў і асобны «дадатковы» раман з тымі ж героямі, а таксама іншыя апавяданьні пра сьвет «Ведзьмара». Па матывах кніг ужо здымалі польскі тэлесэрыял (Wiedźmin, 2002). Польская студыя CD Projekt Red выпусьціла тры відэагульні The Witcher, і апошнюю (The Witcher 3: Wild Hunt, 2015) нярэдка называюць адной з найлепшых гульняў дзесяцігодзьдзя. Новы сэрыял стаў адным з самых папулярных тэлешоў Netflix.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG