Пакуль у «Сталічным транспарце і сувязі» разглядаюць розныя альтэрнатывы аплаце гатоўкай і «хочуць прапрацаваць варыянт, які прымуць і пасажыры, і прыватны бізнэс». А мабільная праграма з раскладам руху маршрутак неўзабаве ўжо запусьціцца.
Дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь» Валерый Шкуратаў расказаў агенцтву «Минск-новости», што для менскіх маршрутных таксі «хочуць прапрацаваць» варыянт безнаяўнай аплаты праезду і «спыніліся пакуль на смартфоне», каб не выдаткоўваць грошы на новае абсталяваньне.
Зараз прадпрыемства будзе абмяркоўваць ідэю аплаты смартфонам зь перавозчыкамі і распрацоўнікамі праграмаў, разглядаць тэхнічныя і юрыдычныя аспэкты.
Неўзабаве, паабяцаў Шкуратаў, мае пачаць працу мабільная праграма з раскладам руху маршрутак і часам іхнага прыбыцьця на прыпынак. Адзначаюць, аднак, што такая праграма ня зможа прадказаць, ці спыніцца маршрутка на канкрэтным прыпынку і ці будзе ў ёй вольнае месца.
Праўда, такі функцыянал ужо ёсьць у староньняй мабільнай праграме «Транспорт BY» (Android, iOS) і на сайце «Сталічнага транспарту».
У Берасьці ўжо год дзейнічае пілётны праект аплаты праз мабільную праграму ва ўсім грамадзкім транспарце, ад 1 лютага 2020 году яна працуе на аўтобусах №7 і №16.
У Барысаве, як піша БелТА, у лютым запусьцілі падобную сыстэму: у аўтобусах робяць налепкі з QR-кодамі, якія трэба сканаваць смартфонам для аплаты праз праграму пад назвай «Оплати» (Android, iOS). Такую сыстэму, як чакаецца, будуць уводзіць і ў іншых гарадах. Таксама ў Барысаве плянуюць запусьціць у першай палове бягучага году аплату бескантактнымі банкаўскімі карткамі.
Тым часам у менскім трамваі №6 «Менсктранс» адключае пілётны праект аплаты бескантактнымі банкаўскімі карткамі і прыладамі з NFC-чыпам. Экспэрымэнт палічылі няўдалым, бо разышліся з банкам у статыстыцы пра колькасьць пасажыраў, якія перавялі грошы. Пэтыцыя за вяртаньне бескантактнай аплаты сабрала на момант публікацыі 2400 подпісаў.
«Менсктранс» зьбіраўся таксама ўвесьці забарону на аплату праезду падчас руху: даваць толькі каля 15 сэкундаў на аплату і пасьля адключаць валідатары і кампостэры. Ды пасьля абурэньня менчукоў адмовіліся ад ідэі. Адна пэтыцыя супраць гэткіх зьменаў за шэсьць з паловай гадзінаў набрала 1000 подпісаў і была адасланая, другая пэтыцыя, за адстаўку кіраўніцтва «Менсктрансу», яшчэ на стадыі збору подпісаў — на момант публікацыі яе падпісалі 4765 карыстальнікаў.