Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах Беларусі даражэе грамадзкі транспарт. Першай стала Берасьцейшчына

абноўлена

У Беларусі пачалі павышаць кошт праезду ў гарадзкім і прыгарадным грамадзкім транспарце. Першай вобласьцю, у якой паднялі кошт праезду, стала Берасьцейская. Да канца году праезд падаражэе таксама ў Віцебскай.

Паводле рашэньня Берасьцейскага аблвыканкаму ад 3 сьнежня, праезд у звычайных і хуткасных тралейбусах і аўтобусах Берасьцейскай вобласьці падаражэе з 55 да 60 капеек, а на экспрэсных маршрутах — з 65 да 70 капеек.

Зьмяніўся і кошт месячных праязных: праязны на аўтобус або тралейбус у Берасьці цяпер каштуе 27 беларускіх рублёў, на абодва віды транспарту — 36,03 рубля. У Баранавічах, Пінску і Кобрыне аўтобусны праязны абыдзецца ў 26,28 рублёў, іншых гарадах вобласьці — у 22,95 рубля.

Да канца 2019 году праезд падаражэе і ў Віцебскай вобласьці, паведамілі БелТА ў «Віцебскаблаўтатранс». Кошт паездкі на звычайных маршрутах павялічыцца з 55 да 60 капеек. Таксама павысіцца кошт экспрэсных маршрутаў і праязных.

11 сьнежня стала вядома, што да канца году да 60 капеек падаражэе праезд і ў гарадзкіх аўтобусах і тралейбусах Магілёўскай вобласьці. Тарыф у прыгарадным транспарце стане вышэй на 1 капейку за 1 км праезду.

Чакаецца, што ў бліжэйшы час мае быць прынятае рашэньне аб павышэньні кошту праезду ў гарадзкім і прыгарадным транспарце і ў іншых рэгіёнах, а таксама ў Менску.

Апошні раз кошт праезду ў рэгіёнах Беларусі павышалі ў лістападзе 2018 году: праезд падаражэў на 5 капеек. У Менску кошт праезду тады вырашылі не падвышаць.

У красавіку 2019 году галоўны інжынэр «Менсктрансу» Алег Дзюбенка казаў, што цяпер менчукі аплочваюць толькі 40–50% сабекошту праезду ў залежнасьці ад віду транспарту, але, каб праезд акупляўся, ён мае каштаваць 2,10–2,85 рубля.

Намесьнік гендырэктара «Менсктрансу» Віктар Тозік заяўляў. што ў краінах Балтыі праезд каштуе 1–1,2 эўра, у Расеі каля пяці гадоў таму — каштаваў прыкладна 1 даляр, і столькі ж ён павінен каштаваць у Беларусі, каб транспарт акупляўся.

Да 2020 году ўлады плянуюць падняць узровень кампэнсацыі насельніцтвам затрат на гарадзкі аўтатранспарт да адзнакі ня менш за 80%, у тым ліку ў абласьцях — ня менш за 90% і ў Менску — ня менш за 70%, а на прыгарадны аўтатранспарт — ня менш за 65%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG