Сэнат ЗША правёў канчатковае галасаваньне ў справе аб імпічмэнце прэзыдэнта Дональда Трампа. Большасьць сэнатараў прагаласавала за тое, каб апраўдаць прэзыдэнта ЗША.
Па першым абвінавачаньні, у злоўжываньні ўладай, 48 сэнатараў прагаласавалі за тое, каб прызнаць прэзыдэнта ЗША вінаватым, а 52 — прагаласавалі за апраўданьне. Па другім абвінавачаньні, у перашдкоджваньні працы Кангрэсу, 53 сэнатары прагаласавалі за апраўданьне прэзыдэнта, а 47 — падтрымалі абвінавачаньне.
Для зьняцьця з пасады патрэбныя былі дзьве траціны галасоў сэнтараў. Большасьць у Сэнаце належыць Рэспубліканскай партыі, ад якой быў абраны Трамп.
Адзіным сэнатарам ад Рэспубліканскай партыі, які падтрымаў адно з абвінавачаньняў супраць Трампа — у злоўжываньні ўладай — стаў Міт Ромні ад штату Юта. Ромні быў кандытатам ў прэзыдэнты ЗША на выбарах 2012 году.
Расьсьледаваньне аб магчымасьці імпічмэнту Трампа пачалося ў верасьні, пасьля таго, як супрацоўнік спэцслужбаў, імя якога афіцыйна да гэтага часу не названае, напісаў скаргу на ціск, які прэзыдэнт, паводле ягончых дадзеных, рабіў на Ўкраіну з мэтай перашкодзіць свайму магчымаму суперніку на выбарах 2020 году дэмакрату Джо Байдэну.
19 сьнежня 2019 году Дональд Трамп стаў трэцім прэзыдэнтам ЗША пасьля Эндру Джонсана і Біла Клінтана, якому Палата прадстаўнікоў абвясьціла імпічмэнт. Трампа абвінавацілі ў злоўжываньні ўладай і перашкоджаньні працы Кангрэсу.