Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША апублікавалі даклад аб імпічмэнце Трампа. Што закідаюць прэзыдэнту


Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

Камітэты Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу Злучаных Штатаў, якія праводзілі расьсьледаваньне аб магчымасьці імпічмэнту прэзыдэнта Дональда Трампа, апублікавалі ў аўторак даклад аб выніках расьсьледаваньня.

У дакумэнце сьцьвярджаецца, што Дональд Трамп злоўжываў прэзыдэнцкімі паўнамоцтвамі, а таксама перашкаджаў расьсьледаваньню ягоных дзеяньняў у Кангрэсе.

Абодва гэтыя абвінавачаньні могуць быць падставай для імпічмэнту прэзыдэнта.

Справаздача будзе перададзеная ў юрыдычны камітэт Палаты прадстаўнікоў, які правядзе ўласныя слуханьні і па іх выніках, як чакаецца, складзе артыкулы імпічмэнту, што будуць вынесеныя на галасаваньне Палаты.

«Дональд Трамп, 45-ы прэзыдэнт ЗША, дзейнічаў асабіста або праз сваіх падначаленых ва ўрадзе і па-за ім, выступіў пасярэднікам для ўмяшаньня замежнай дзяржавы, Украіны, у выбары прэзыдэнта ЗША ў 2020 годзе, — гаворыцца ў дакумэнце. — Прэзыдэнт паступаў такім чынам, каб дамагчыся перавыбраньня, ускладніць пэрспэктывы для свайго апанэнта на выбарах і паўплываць на выбары ў сваю карысьць.

Зрабіўшы так, ён паставіў свае асабістыя інтарэсы вышэй за нацыянальныя інтарэсы ЗША».

Аўтары дакумэнту лічаць даказаным, што Трамп чыніў ціск на ўлады Украіны, дамагаўшыся ад іх дзеяньняў, якія маглі б пашкодзіць ягонаму апанэнту, дэмакрату Джо Байдэну. Інструмэнтам ціску на Кіеў, як сьцьвярджаецца, было замарожваньне амэрыканскай вайсковай дапамогі Ўкраіне. На слуханьнях у Кангрэсе шэраг сьведак паказалі, што Трамп дамагаўся ад украінскіх уладаў расьсьледаваньня дзейнасьці сына Байдэна ва Ўкраіне.

Пры гэтым у дакладзе няма канкрэтных рэкамэндацыяў аб фармулёўцы артыкулаў імпічмэнту і нават наўпрост не гаворыцца, што Трамп павінен быць падданы імпічмэнту.

У Палаце прадстаўнікоў дэмакраты маюць бальшыню. Калі імпічмэнт будзе вынесены, рашэньне аб адхіленьні прэзыдэнта ад пасады мае прыняць Сэнат, дзе бальшыня ў рэспубліканцаў.

Рэспубліканцы і сам Трамп раней заяўлялі, што ня згодныя з абвінавачаньнямі. Белы дом заявіў, што дакумэнт больш падобны не на афіцыйную справаздачу аб расьсьледаваньні, а на «трызьненьне канапавага блогера».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG