Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«Трамп стварыў „карупцыйную схему“ для падману на выбарах 2020 году». Дэмакраты агучылі довады на карысьць імпічмэнту

«Трамп стварыў „карупцыйную схему“ для падману на выбарах 2020 году». Дэмакраты агучылі довады на карысьць імпічмэнту


Слуханьні ў Сэнаце ЗША
Слуханьні ў Сэнаце ЗША

Мэнэджэры дэмакратаў па імпічмэнце завяршылі першы дзень прадстаўленьня сваіх абвінавачваньняў супраць прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і довадаў на карысьць яго зьняцьця з пасады.

Перадгісторыя

У сьнежні Палата прадстаўнікоў падвергла Трампа імпічмэнту па двух артыкулах: злоўжываньне паўнамоцтвамі і перашкода працы Кангрэсу.

У мэнэджэраў па імпічмэнце, якія выконваюць ролю пракурораў, ёсьць тры дні на тое, каб прадставіць свае аргумэнты, перш чым слова будзе дадзена камандзе адвакатаў прэзыдэнта.

Што адбылося ў сераду

У сераду дэмакраты абвінавацілі Трампа ў стварэньні «карупцыйнай схемы» па аказаньні ціску на Ўкраіну, з тым каб яна расьсьледавала дзейнасьць яго палітычнага суперніка, былога віцэ-прэзыдэнта Джо Байдэна. На думку абвінаваўцаў, гэта рабілася з адзінай мэтай — «падманам» дамагчыся перавыбраньня ў гэтым годзе.

«Прэзыдэнт прадэманстраваў, што ён лічыць сябе вышэй за закон і з пагардай ставіцца да абмежаваньняў», — заявіў сэнатарам кіраўнік камітэта Палаты прадстаўнікоў па выведцы Адам Шыф, прадстаўляючы справу.

Шыф заявіў, што прэзыдэнт заблякаваў ухваленую Кангрэсам ваенную дапамогу Ўкраіне, «краіне, якая знаходзіцца ў стане вайны з Расеяй», у памеры 391 мільён даляраў, адначасова патрабуючы ад прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага пачаць расьсьледаваньне ў дачыненьні да Байдэна — аднаго зь вядучых апанэнтаў Трамп на выбарах.

Адам Шыф
Адам Шыф

Трамп таксама запатрабаваў правесьці расследаваньне ў дачыненьні да сына Байдэна, Хантэра, у сувязі зь яго працай ва ўкраінскай газавай кампаніі.

Шыф заявіў, што Трамп прасіў замежнага лідэра «зрабіць для яго палітычную брудную працу», у выглядзе расьсьледаваньня дзеяньняў Байдэна.

«Ніякіх сур’ёзных спрэчак з нагоды асноватворных фактаў няма», — заявіў Шыф, дадаўшы, што замест гэтага адвакаты Белага дома настойваюць на тым, што Трамп проста ня можа быць адхілены ад пасады за злоўжываньне паўнамоцтвамі прэзыдэнта.

У выніку Трамп разблякаваў ваенную дапамогу Ўкраіне, хоць Зяленскі так і не пачаў расьсьледаваньне ў дачыненьні да Байдэна. На думку рэспубліканцаў, гэта даказвае, што Трамп не ўступаў ва ўгоду з Украінай па прынцыпе «паслуга за паслугу».

Пасьля Шыфа перад сэнатарамі выступілі іншыя мэнэджэры па імпічмэнце.

Старшыня юрыдычнага камітэта Джэральд Надлер казаў пра «брудную кампанію», нібыта разгорнутай Трампам ў дачыненьні да былога пасла ЗША ў Украіне Мары Іванавіч, якая адмовілася падтрымліваць намаганьні па арганізацыі расьсьледаваньня ў дачыненьні да Байдэна.

Слуханьні без гаджэтаў

Заканадаўцам, якія ўдзельнічаюць у шматгадзінных слуханьнях з нагоды імпічмэнту, цалкам забаранілі карыстацца электроннымі гаджэтамі, уключна з мабільнымі тэлефонамі.

Правілы правядзеньня слуханьняў, якія абавязваюць сэнатараў слухаць выступленьні сьпікераў у поўнай цішыні, былі створаны з мэтай засяродзіць увагу заканадаўцаў на вырашэньні найважнейшай задачы, якая цяпер знаходзіцца ў іх руках.

Слова за абаронай Трампа

У адпаведнасьці з рэглямэнтам, вакол якога таксама вяліся спрэчкі, дэмакраты і абарона Трампа атрымаюць па 24 гадзіны на працягу трох дзён на прадстаўленьне сваіх аргумэнтаў.

Чакаецца, што абарона Трампа пачне прадстаўляць свае аргумэнты ў суботу.

Тым ня менш, Трамп амаль напэўна будзе апраўданы. Для адхіленьня яго ад пасады патрабуецца дзьве траціны галасоў 100-мясцовага Сэната. Але рэспубліканцы валодаюць большасьцю ў 53 галасы, і пакуль ніхто зь іх не заклікаў да яго адхіленьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG