Пра гэта падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо, перадае карэспандэнт Радыё Свабода з Палацу незалежнасьці.
Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам анансаваў прызначэньне амбасадара ЗША ў Беларусі.
«Мы ўсе працуем сумесна для барацьбы з тэрарызмам і высока цэнім вашую працу. Спадзяюся, мы можам разьвіваць стасункі ў пытаньнях інвэстыцыяў, каб у Беларусі былі магчымасьці мець суверэнітэт і незалежнасьць. Я так разумею, гэта тое, што вы хочаце. Мы разумеем, што вы суседзі, у вас доўгая гісторыя з Расеяй, але мы ня кажам пра выбар паміж вамі і імі, мы кажам пра дыпляматычныя дачыненьні. Неўзабаве мы прызначым амбасадара», — заявіў Пампэо ў Менску.
Майк Пампэо зазначыў, што для ЗША пытаньне правоў чалавека важнае і яны занепакоеныя іх станам. ЗША будуць працягваць працу ў галіне абароны правоў чалавека.
Беларусь выслала амбасадара ЗША ў 2008 годзе, пасьля таго як Вашынгтон наклаў на яе санкцыі за парушэньні правоў чалавека. З таго часу амбасада ЗША працуе ў Беларусі ў скарочаным складзе. Дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.
Другі ў гісторыі візыт дзяржаўнага сакратара ЗША ў Беларусь
Пампэо наведвае Беларусь у рамках эўрапейскага турнэ. Перад Менскам ён ужо пабываў у Лёндане і Кіеве, пасьля наведае Нур-Султан (Казахстан) і Ташкент (Узбэкістан).
Спачатку плянавалася, што Пампэо прыляціць у Беларусь раней, 4 студзеня. Аднак усё эўрапейскае падарожжа давялося адкласьці з прычыны падзей у Іране.
Анансуючы візыт, дзяржаўны дэпартамэнт адзначыў, што яго мэта — «падкрэсьліць прыхільнасьць ЗША сувэрэннай, незалежнай, стабільнай і квітучай Беларусі і пацьвердзіць нашае жаданьне нармалізаваць нашыя двухбаковыя адносіны».
Майк Пампэо — другі за гісторыю дзяржаўны сакратар ЗША, які наведвае Рэспубліку Беларусь. Да яго на пачатку 1990-х у Беларусь прыяжджаў Уорэн Крыстафэр. Але гэта ня самыя высокія амэрыканскія госьці ў гісторыі Беларусі: у 1994 годзе Беларусь наведаў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.
17 верасьня летась у Беларусь прыляцеў намесьнік дзяржаўнага сакратара Дэйвід Гэйл. На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ён паведаміў пра рашэньне вярнуць у Беларусь амэрыканскага амбасадара.
Як разьвіваліся адносіны Беларусі і ЗША. Галоўнае
- ЗША прызналі Беларусь у 1992 годзе.
- У 1994 годзе ЗША, разам зь Вялікай Брытаніяй і Расеяй, падпісалі Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі для Беларусі ў абмен на перадачу Беларусьсю ядзерных узбраеньняў Расеі.
- Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан быў зь візытам у Беларусі ў 1994 годзе, падчас візыту ён наведваў Курапаты.
- Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу ня быў з афіцыйным візытам у ЗША.
- Таваразварот гандлю паміж Беларусьсю і ЗША ў 2018 годзе склаў 711 мільёнаў даляраў.
- Аляксандар Лукашэнка неаднойчы казаў, што без ЗША канфлікт ва Ўкраіне ня можа быць вырашаны.
- У 2016 годзе кіраўнік Беларусі заяўляў, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША выйграе Дональд Трамп.
- У 2010-я гады Беларусь была адным са шляхоў невайсковага транзыту грузаў для амэрыканскай вайсковай групоўкі ў Аўганістане.
- У ЗША ў 2004 годзе быў прыняты закон «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», які абмяжоўвае гандаль паміж дзьвюма краінамі і забараняе ўраду ЗША галасаваць у міжнародных фінансавых арганізацыях за выдзяленьне Беларусі крэдытаў.
- З 2006 году адносна беларускіх чыноўнікаў дзейнічаюць амэрыканскія візавыя санкцыі.
- У 2007 годзе ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў беларускага канцэрну «Белнафтахім».
- У 2008 годзе Менск запатрабаваў ад‘езду з краіны пасла ЗША Карэн Ст’юарт.
- Адначасова штат амбасады быў скарочаны з 35 супрацоўнікаў да пяці.
З таго часу і дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.
11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю
- У 2015 годзе ЗША віталі вызваленьне палітвязьняў у Беларусі і высілкі Менску па спрыяньні ўрэгуляваньню канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
- У 2015 годзе ўлады ЗША прыпынілі дзеяньне эканамічных санкцый адносна Беларусі. У далейшым дзеяньне санкцый прыпынялася кожныя паўгода.
- У 2019 годзе Менск і Вашынгтон дамовіліся аднавіць паўнавартасныя дыпляматычныя адносіны.