Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Малое ня ведае слова «карандаш» — і яму ставяць «затрымку псыхічнага разьвіцьця». Іна Кулей аб працы беларускамоўнага лягапэда

Малое ня ведае слова «карандаш» — і яму ставяць «затрымку псыхічнага разьвіцьця». Іна Кулей аб працы беларускамоўнага лягапэда


Іна Кулей
Іна Кулей

Летась Іна Кулей вярнулася ў Берасьце і разам з тым да сваёй першай прафэсіі — дэфэктоляг-лягапэд. Займаецца зь беларускамоўнымі дзецьмі. Пачытайце, як вядомая грамадзкая дзяячка і паплечніца палітычнага лідэра крута памяняла сваё жыцьцё.

View this post on Instagram

Калі патрэбен лагапед? Дзіця не нараджаецца са сфарміраванай гаворкай. Паступова, крок за крокам, яно вучыцца правільна і выразна прамаўляць гукі, звязваць паміж сабой словы, будаваць прамовы, ясна і паслядоўна выкладаць свае думкі. Але, на жаль, часам маўленчае развіццё адбываецца са спазненнем або з асаблівасцямі развіцця. Варта звярнуцца да спецыяліста лагапеда-дэфектолага ў наступных выпадках: - калі па дасягненні 2 гадоў дзіця не пачало размаўляць.У адпаведнасці з узроставай нормай першыя словы і простыя фразы з'яўляюцца ў дзяцей ва ўзросце ад 1 да 2 гадоў. Калі ў 2 гады дзіця не пачало казаць - вельмі важна звярнуцца да кваліфікаванага лагапеда-дэфектолага, каб прадухіліць затрымку маўленчага развіцця ў дзіцяці. - калі ва ўзросце 3 гадоў гаворка маляняці нечытэльная, невыразная, незразумелая навакольным. - калі па дасягненні 4 гадоў дзіця невыразна прамаўляе гукі, няправільна ўзгадняе словы ў сказе, няслушна ўжывае род назоўнікаў і займеннікаў, мае маленькі слоўнікавы запас. - калі да 6 гадоў дзіця не авалодала сістэмай роднай мовы, перакручвае словы, у ягонай гаворцы захоўваюцца дэфекты гукавымаўлення, маюцца цяжкасці ў навучанні чытанню, падрыхтоўцы да школы. - калі дзіця пакутуе ад маўленчых курчаў, заікання (логоневроза) гаворыць з запінкамі. - калі дзіця расце ў білінгвістычным або полі лінгвістычным асяроддзі і, на Вашую думку, спазняецца з пачаткам фарміравання выказванняў альбо змешвае словы з розных моваў пры фарміраванні выказвання - калі Вашаму дзіцяці пастаўлены дыягназ «ОНР» (агульнае недаразвіццё гаворкі), «ЗРР» (затрымка маўленчага развіцця), «маторная алалия», «Сенсо-маторная алалия», «ЗПР» (затрымка псіхічнага развіцця), «ДЦП» (дзіцячы цэрэбральны параліч), «ринолалия», «РДА» (ранні дзіцячы аўтызм). Чым раней пачаць лагапедычныя заняткі, тым хутчэй будзе фармавацца чыстая і прыгожая гаворка.

A post shared by Ina Kuley (@lagaped_pa_belarusku) on

Іна мае тры вышэйшыя адукацыі: дэфэктоляг-лягапэд, бакаляўр эканамічнай кібэрнэтыкі і бізнэс-права, магістар паліталёгіі. Доўгі час Кулей ведалі найбольш як грамадзкую дзяячку, паплечніцу і жонку экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Але летась яна вярнулася ў Берасьце, каб дапамагаць старой маці. Цяпер зноў працуе лягапэдам.

«Дзіця кажа „дзякуй“, а бацькі саромеюцца і гавораць: „Гэта бабуля навучыла“»

«У мяне нарадзілася маленькая ўнучка, і мне вельмі цікава, чым жывуць і як разьвіваюцца маленькія дзеці, — тлумачыць яна. — Той, хто працаваў зь дзецьмі, ведае, што гэта вельмі ўдзячная справа. Калі ты бачыш, як дзіця робіць маленькую перамогу над сабой, над сваімі магчымасьцямі, — гэта вялікая асалода. Гэта сонечнае цяпло. Проста сілкуесься гэтай цудоўнай энэргіяй, якая акурат дае магчымасьць працаваць. І хочацца нешта зрабіць для іх».

Іна Кулей з унучкай
Іна Кулей з унучкай

А для беларускамоўных дзяцей трэба зрабіць шмат. Няма беларускіх падручнікаў і мэтадычак, дзіцячых садкоў і школ. Нават камісію зь лягапэдаў беларускамоўнаму дзіцяці знайсьці амаль немагчыма.

«Уся лягапэдыя, дэфэкталёгія ў Беларусі фактычна на расейскай мове. Усе падручнікі, усе мэтадычныя матэрыялы, усе камісіі працуюць на расейскамоўным матэрыяле, — кажа Іна. — І калі дзіця прыводзяць да спэцыяліста на праверку перад дзіцячым садком, а яно не разумее слова „карандаш“, а разумее слова „аловак“ і ня можа адказаць на пытаньне, то бывае, што яму акурат ставяць дыягназ — затрымка псыхічнага альбо моўнага разьвіцьця. А гэтае дзіця абсалютна нармальна інтэлектуальна разьвітае».

Іна сама сутыкалася з такімі выпадкамі. Да яе зьвярталіся, каб згарманізаваць беларускі слоўнік дзіцяці з расейскім. Большасьць такіх дзяцей былі зь Менску. Разважаць пра рэгіёны ёй пакуль не выпадае, у Берасьце Іна вярнулася зусім нядаўна. Але заўважае адно: у буйных гарадах беларускую мову паважаюць, у малых яе саромеюцца.

«У Берасьці сярод маіх кліентаў ёсьць тыя, хто прыяжджае з малых раённых цэнтраў Берасьцейскай вобласьці, — кажа Іна. — Калі я чую, што дзіця паміж расейскімі словамі ставіць „дзякуй“ ці яшчэ штосьці, то бацькі найчасьцей саромеюцца і кажуць: „Гэта бабуля навучыла“. Ёсьць такая непатрэбная сарамлівасьць. Тая, якая была ў савецкія часы, калі казалі, што гэта вясковая мова і на ёй размаўляць непрыемна».

View this post on Instagram

Дыслексія і дісграфія Што гэта? Гэтыя дзве праблемы - парушэнне чытання і пісьма - часта з'яўляюцца разам, ці адно парушэнне цягне за сабой іншае. Для пазначэння парушэння чытання выкарыстоўваюцца тэрміны «алексія» (пры поўнай адсутнасці ўмення чытаць) і «дыслексія» (пры частковым парушэнні працэсу чытання, якое выяўляецца ў памылках, якія паўтараюцца); па аналогіі спецыфічнае і ўстойлівае парушэнне пісьма называюць дісграфіяй, а поўную няздольнасць ім авалодаць - аграфіяй. Хто вінаваты? Людзі, якія пакутуюць дыслексіяй, з цяжкасцю апазнаюць літары. Ім складана суадносіць літару і гук, які яна перадае на пісьме, зліваць іх у склады, а затым у словы. Дісграфіка жа можна вызначыць па змешванню, прапусках або ўстаўках непатрэбных літар і скажоным напісанні апошніх. І ў тым і ў іншым выпадку часам сустракаецца з'ява «люстэркавасці»: чытанне або пісьмо справа налева. У людзей, якія пакутуюць дыслексіяй і дисграфией, нармальна развіты інтэлект. Больш за тое, наяўнасць у чалавека падобных парушэнняў часам лічыцца прыкметай геніяльнасці! Прычыны ўзнікнення гэтых дэфектаў вагаюцца ў залежнасці ад асаблівасцяў у развіцці мозгу, леварукасці і праблемах перавучвання, але ў дакладнасці іх назаве толькі спецыяліст на прыёме. Што рабіць? Карэкцыю дісграфіі і дыслексіі варта давяраць выключна лагапеду. Лагапед парэкамендуе практыкаванні на развіццё маўленчага слыху і аналізу. Таксама неабходна прайсці абследаванне ў неўролага, оталарынголага і акуліста. Хто яшчэ? Альберт Эйнштэйн, Кіану Рыўз, Дастын Хофман, Том Круз, Уолт Дысней, Уладзімір Маякоўскі.

A post shared by Ina Kuley (@lagaped_pa_belarusku) on

«Інтэрнэт напоўнены расейскамоўнымі прапановамі, але Беларусь па сваёй унутранай сямейнай культуры іншая»

Сама Іна паўсюль вучылася на расейскай мове. Але ў сям’і размаўлялі па-беларуску. Маці — выкладчыца беларускай мовы і літаратуры. А бацька — сьледчы ў Ляхавічах — у 1990-я нават праводзіў у міліцыі і пракуратуры заняткі па беларускай мове.

Галоўная яе прафэсійная парада маладым бацькам — увечары вашыя вусны павінны балець ад размоваў. Бацькі павінны ўвесь час размаўляць з малым дзіцем, апісваць любыя прадметы. Менавіта так дзіця навучыцца правільна гаварыць.

«На жаль, бывае так, што сёньня дзіця бавіць час альбо з пляншэтам, альбо гледзячы мульцік, альбо з пустышкай, — кажа Іна. — І потым, калі спаўняецца маленькаму тры гады, бацькі прыходзяць на кансультацыю і кажуць: „Дзіця ня хоча гаварыць“. А дзіця проста ня ўмее».

View this post on Instagram

Ці шкодная пустышка? Пакінем пытанне “пустышка-гігіена” адмысловым спецыялістам, засяродзімся на “пустышка-гаворка ”, “пустышка-псіхічнае развіццё”. Дзіцячыя стаматолагі ўпэўнена заяўляюць аб тым, што соска-пустышка здольная сапсаваць прыкус ў дзіцяці і дэфармаваць яшчэ толкам не сфармаваныя дзіцячыя зубкі. А што лагапеды? Соска-пустышка адзін з асноўных ворагаў лагапеда. Гэты маленькі і на выгляд зусім нявінны прадмет валодае велізарнай разбуральнай сілай. Яму па сілах нават змяніць анатомію, будынак органа! Ад працяглага смактання пустышкі змяняецца прыкус, фармуецца высокае гатычнае нёба, гіпертрафіруецца корань языка і атрафіруецца ягоны кончык. Усё гэта вядзе да цяжкіх парушэнняў гукавымаўлення . Нажаль, гэта не страшылкі, а рэальныя факты. Больш за тое, калі дзіця актыўна смокча соску падчас няспання - у галаўным мозгу актывізуюцца працэсы тармажэння, дзіця не так актыўна даследуе свет, ня даследуе яго праз рот - асноўны канал у груднічковым узросце. Здавалася б, як добра - ўсякі бруд у рот не цягне! Але супраць прыроды ісці немагчыма - калі малы павiнен пазнаваць свет праз рот, яму так пакладзена прыродай, а вы гэты канал перакрылі - значыць свет ён не спазнае. Значыць - не развіваецца. Ён спакойны, трохі млявы й, зразумела, маўчыць - калі ласка, вось вам дыягназ затрымка развіцця мовы. Ці значыць гэта што пустышка мусіць быць адразу выкінутая ў сметнік? Канешне не. Пустышка суцяшае маленькага крыкуна, асабліва пры штучным гадаванні. Яна выратавальніца падчас доўгага засынання, падчас боляў і хваробы дзіцяці, бо смактальны рэфлекс закладзены прыродай і, як мы ўжо ведаем, ўключае працэсы тармажэння і малое заспакойваецца. Прытрымлівайцеся правілаў: - пустышка толькі на засынанне. Заснула дзіця моцна - асцярожна выцягніце пустышку з рота. - ніякага смактання падчас няспання, ніколі. Спустошыла дзіцятка бутэлечку і усміхаецца - соску далоў, давайце лепш бразготку абсмоктваць. - пустышка мусіць выйсці з ужытку да двух гадоў. Далей можа сфармавацца залежнасць ад пустышкі, і давядзецца вытрымаць бітву каб пазбавіць дзіця некарыснай звычкі. Менавіта пасля двух гадоў смактанне соскі найбольш небяспечна.

A post shared by Ina Kuley (@lagaped_pa_belarusku) on

Месяц таму Іна завяла блог у Instagram «Лягапэд па-беларуску». Падпісчыкаў пакуль няшмат, але сумневаў у яе няма — беларускамоўныя лягапэды патрэбныя. Далей Іна хоча працаваць над мэтадычнымі і дыдактычнымі матэрыяламі.

«Вядома, гэта ня мне ацэньваць, але я думаю, што мне ўдалося нямала зрабіць у грамадзкім жыцьці, — кажа Іна. — А лягапэдыя — гэта не вяртаньне ў тую ж самую раку. Цяпер вельмі шмат рознай інфармацыі, і трэба шмат чытаць і вывучаць, каб разумець маладое, маленькае пакаленьне. Гэта цікава, таму што гэта выклік. Трэба карыстацца тэхнічнымі сродкамі, якімі карыстаецца моладзь. І мне гэта страшэнна падабаецца!»

View this post on Instagram

Сябар і лекар Пра што трэба памятаць, звяртаючыся да лагапеда 1. Ён ня будзе з цябе смяяцца. Павер, у яго практыцы напэўна сустракаліся куды больш складаныя і запушчаныя выпадкі, чым твой. 2. Табе няма чаго саромецца. Ты дарослы чалавек, які хоча палепшыць якасць не толькі сваёй прамовы, але і жыцця. Што ў гэтым дрэннага? Многія вядомыя акцёры і тэлевядучыя, якія нават не маюць відавочных праблем з прамовай, займаюцца з лагапедам і не саромеюцца казаць пра гэта ў інтэрв'ю. 3. Вы-адна каманда. Лагапед ня менш зацікаўлены ў станоўчым выніку заняткаў і зробіць усё, што ад яго залежыць, каб табе дапамагчы. Не забывай толькі, што і ты павінен яму дапамагаць. 4. У цябе ёсць таемная зброя, і імя ёй - ўсведамленне. Безумоўна, перавучваць заўсёды цяжэй, чым навучаць з нуля. Але дзіцяці часта складана зразумець, навошта яго рэгулярна прыводзяць у кабінет да незнаёмай цётачкі, якая прымушае рабіць язык «кубачкам» або паказваць, як «коцік злуецца». Дарослы ж выдатна ведае, да якога выніку імкнецца.

A post shared by Ina Kuley (@lagaped_pa_belarusku) on

«Інтэрнэт цяпер больш напоўнены менавіта расейскамоўнымі прапановамі, але Беларусь па сваёй унутранай сямейнай культуры, культуры асяродзьдзя, узаемаадносінах паміж людзьмі іншая, — кажа Іна. — Ёсьць павага да матчынай мовы, радасьць ад таго, што дзіця працягвае пэўную лінію продкаў, захоўвае карані. Нават у спэцыяльных мэтадычных прапановах, практыкаваньнях і лягарытмічных вершыках варта ўлічваць гэта».

Іна раіць займацца па беларускіх матэрыялах — напрыклад, кнізе Вольгі Кузьміч і Наталкі Харытанюк, вершах Канстанціна Севярынца, Андрэя Хадановіча. «Проста гэты матэрыял абсалютна не выкарыстоўваецца», — кажа яна.

Іна Кулей з сынам Ігарам
Іна Кулей з сынам Ігарам

Але пры гэтым Іна — абсалютная аптымістка.

«Цяпер у нас ёсьць самая вялікая каштоўнасьць — наша незалежная краіна, — кажа Іна Кулей. — І калі мы будзем дбаць пра яе існаваньне, думаць пра яе захаваньне, то на гэтай тэрыторыі ўсё заквітнее і вырасьце. І мова, і гістарычныя веды, і дзеці ў нас тут знойдуць сябе і ня будуць шукаць сябе па сьвеце. На сёньняшні момант гэта падаецца вельмі праблематычным. Але нават за нашую гісторыю мы ведаем: тыя рэчы, якія здаваліся непахіснымі, бывае, абрынаюцца ў адзін дзень».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG