Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён гаспадар, сам усё робіць» — што кажуць у Слуцку пра нібыта затрыманага дырэктара цукровага камбінату


Дом Мікалая Прудніка ў Слуцку
Дом Мікалая Прудніка ў Слуцку

Дырэктар Слуцкага цукроварафінаднага камбінату Мікалай Пруднік можа быць адным з пасажыраў рэйсу «Белавія» зь Менску ў Мюнхэн, якіх зьнялі з самалёта ў Горадні. Што пра яго кажуць у Слуцку?

«Скарбаў у яго дакладна не было»

«Вельмі добры чалавек, што б пра яго ні сказалі, людзі не павераць», — кажа пра Прудніка жыхарка Слуцку. У горадзе згадваюць, што Слуцкі камбінат быў апошнім, які прымусілі перадаць 70% акцый дзяржаве.

Мікалай Пруднік
Мікалай Пруднік

«На камбінаце вельмі моцная сыстэма сацыяльнай абароны. Жанчынам у дэкрэце даплачвае прадпрыемства. Мая дачка ў дэкрэце, як там працавала, атрымлівала да 1000 рублёў», — кажа Жанна са Слуцку.

Людзі кажуць, што заробкі на камбінаце — 700–800 рублёў.

Уладзімер, сусед Мікалая Прудніка, у віну кіраўніка камбінату ня верыць:

«Звышпрыбыткаў я ў яго ня бачыў. Машына ў яго добрая, але ж дырэктар. Скарбаў у яго дакладна не было. Калі ў яго рабілі рамонт, дык мне давалі яго ключы. Былі б якія скарбы схаваныя, дык не пакінуў бы ключоў».

Жывуць Пруднікі тут з 1978 году. Дом прыбудаваны на суседняга.

«Спараныя. Цяпер так ня робяць. Сваімі рукамі будавалі. Ён тады працаваў майстрам на буракапункце. Адтуль дарос да дырэктара. Ён гаспадар, сам усё можа рабіць і робіць. Падымаецца рана і працуе», — кажа Ўладзімер пра Прудніка.

Сам ён працуе сьлесарам на тым жа цукровым камбінаце. Зарабляе недзе 700 рублёў.

У двары дому Мікалая Прудніка
У двары дому Мікалая Прудніка

Тым, як Пруднік абнавіў вытворчасьць на камбінаце, Уладзімер захапляецца. «Плацяць добра, але і пытаюцца з працаўнікоў строга. На прахадных стаяць алькатэстэры, ледзь пах алькаголю будзе — на працу ня ўвойдзеш». Ён згадвае, як летась Аляксандар Лукашэнка прыяжджаў на камбінат, дык быў зьдзіўлены высокім узроўнем вытворчасьці.

«Найлепшых забіраюць. Навошта гэта рабіць, хіба 37 год?» — абураецца магчымым затрыманьнем дырэктара ягоны сусед Уладзімер.

Ён таксама абураны тым, як дзяржава адабрала кантрольны пакет акцый камбінату.

«У мяне было 400 акцый, адзін год быў атрымаў на іх дывідэндаў 4 тысячы даляраў, вокны вунь памяняў. А цяпер дзяржава хітра зрабіла, кантрольны пакет аддалі Менаблвыканкаму, акцыі мае абясцэніліся. Апошні раз, летась, атрымаў на іх недзе даляраў 500», — кажа мужчына.

На ўчастку Мікалая Прудніка
На ўчастку Мікалая Прудніка

«Дырэктар у адпачынку, больш нічога ня ведаю»

«Мікалай Паўлавіч зь пятніцы ў адпачынку, — сказалі Свабодзе ў прыёмнай прадпрыемства. — Ён напісаў заяву на водпуск працягласьцю два тыдні. Гэта ўсё, што я магу вам сказаць».

Намесьнік дырэктара па ідэалёгіі цукроварафінаднага камбінату ў Слуцку Яўген Шапавалаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што ня ведае, дзе цяпер генэральны дырэктар прадпрыемства Мікалай Пруднік.

«Ён у плянавым адпачынку зь пятніцы», — кажа Шапавалаў, але дадае, што на сувязь дырэктар з таго часу не выходзіў. Ці працавала на камбінаце сьледчая група і ці выклікалі супрацоўнікаў на допыты, Шапавалаву таксама невядома.

Яўген Шапавалаў кажа пра Прудніка як пра вельмі добрага кіраўніка, на якім «тут усё трымаецца». Пруднік працуе дырэктарам заводу з 2004 году, раней быў намесьнікам, прыйшоў на камбінат з пасады кіраўніка нарыхтоўчага пункту.

«Такімі людзьмі нельга раскідацца», — лічыць Шапавалаў. Пра сувязі з Гарадзейскім і Жабінкаўскім цукровымі заводамі сказаў, што калегі зь іх часта бываюць у Слуцку, дзеляцца досьведам. Работнікі са Слуцку таксама часта езьдзяць на іншыя цукровыя прадпрыемствы.

Работнікі Слуцкага цукровага камбінату, якіх журналіст сустрэў каля прахадной, размаўляць адмовіліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG