Сваяк дырэктара Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіла Крыштаповіча Ўладзімер Крыштаповіч таксама «ў адпачынку».
З пачатку тыдня адсутнічае на сваім працоўным месцы дырэктар фірмы «Флексасэрвіс» Уладзімер Крыштаповіч — сваяк і дзелавы партнэр дырэктара Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіла Крыштаповіча. Таго самага, якога, паводле сьведак, 25 студзеня зьнялі з самалёта Менск — Мюнхэн.
«Злучыць з Уладзімерам Уладзімеравічам Крыштаповічам ня можам. Яго няма. Кажуць, што ён у адпачынку з панядзелка, а дзе знаходзіцца — невядома», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў фірме «Флексасэрвіс». Карэспандэнт спытаў у суразмоўцы, ці ня разам са сваім дзядзькам Міхаілам Крыштаповічам паляцеў у адпачынак Уладзімер Крыштаповіч? «Можа і разам, нам ніхто ня кажа. А ягоны тэлефон вам ніхто ня дасьць, бо гэта можа потым яму не спадабацца — і галовы паляцяць...»
Паводле суразмоўцы, у панядзелак і аўторак дырэктар Уладзімер Крыштаповіч у фірму не званіў.
Сумеснае прадпрыемства «Флексасэрвіс» мае офіс у Нясьвіжы, усяго за 15 кілямэтраў ад Гарадзейскага цукровага камбінату. Фірма выпускае папяровую ўпакоўку. Гэта ў пакунках «Флексасэрвіса» прадаецца цукар, выраблены на Гарадзейскім цукровым камбінаце.
На старонцы кампаніі ў інтэрнэце сказана, што яна працуе на харчовым рынку 15 гадоў. Акрамя вырабу папяровых пакункаў, займаецца распрацоўкай макетаў упакоўкі ў фірмовым стылі.
Дырэктар кампаніі Ўладзімер Крыштаповіч вядомы ня толькі як бізнэсмэн, але і як дабрачынец. У 2016 годзе мясцовая газэта «Нясьвіскія навіны» паведамляла, што Ўладзімер Крыштаповіч падарыў Нясьвіскаму шпіталю сучаснае мэдычнае абсталяваньне коштам 28 тысяч рублёў.
Меркаваньне, што Ўладзімер Крыштаповіч мог быць у самалёце, які ляцеў у Мюнхэн, разам са сваяком Міхаілам Крыштаповічам, нам выказаў Леанід Качановіч, былы старшыня Гарадзейскага сельскага савету.
У сувязі зь Міхаілам Крыштаповічам зайшла гутарка пра тое, што пасажыры таго рэйсу згадвалі, быццам разам зь Міхаілам Крыштаповічам і ягонай жонкай у самалёце была яшчэ адна пара зь дзьвюма дзяўчынкамі — 13–16 гадоў. Іх усіх таксама ссадзілі з самалёта.
«У Міхаіла Васільевіча з жонкай дзяцей няма, гэта дакладна. А дзьве дачкі ёсьць у ягонага сваяка Ўладзімера Крыштаповіча, якраз такога ўзросту. Неяк бачыў іх разам з бацькам на стадыёне, на матчы нашага футбольнага клюбу „Гарадзея“.
Можа, яны разам зь Міхаілам Крыштаповічам у Мюнхэн і паляцелі, бо ў нас усім вядома, што Крыштаповіч за мяжу лятаў, каб адпачыць, на лыжах пакатацца, ці што. Але каб зьбегчы — гэтага не дапускаю, людзі прыстойныя. Можа, яны потым далей у адпачынак паляцелі?» — мяркуе Леанід Качановіч.
Каб спраўдзіць гэтую вэрсію, мы наведалі офіс «Флексасэрвіса» на вуліцы Сяргея Лазо ў Нясьвіжы, але далей за агароджу нас не пусьцілі.
«Дырэктара няма, у адпачынку. Ніякіх камэнтароў», — прагучала з апарата гучнай сувязі.
Калі тэлефанавалі туды — пра гэта мы расказалі на пачатку рэпартажу — вынік быў такі самы.
«Мы не камэнтуем сытуацыю», — адказаў прэсавы сакратар КДБ Андрэй Яраш на пытаньне — дзе ж дырэктар фірмы «Флексасэрвіс» Уладзімер Крыштаповіч?
Нагадаем, дагэтуль ніводная зь сілавых структур, у тым ліку і КДБ, не пракамэнтавала і зьвесткі пра адсутнасьць на працоўных месцах іншых «цукровых кіраўнікоў» — дырэктара Слуцкага цукроварафінаднага камбінату Мікалая Прудніка, дырэктара Жабінкаўскага цукровага заводу Віктара Міронава, дырэктара Скідзельскага цукровага заводу Дзьмітрыя Ягорава, а таксама дырэктара Беларускай цукровай кампаніі Дзьмітрыя Кірылава.
Паводле крыніц, на якія спасылаецца tut.by, па «цукровай справе» затрымана ўжо 11 чалавек. Ці ёсьць сярод затрыманых, акрамя кіраўнікоў, і іхнія сямейнікі, невядома.
Як выглядае дырэктарскі дом?
У Нясьвіжы на вуліцы Зялёнай карэспандэнты Свабоды адшукалі дом, у якім жыве дырэктар Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіл Крыштаповіч з жонкай Натальляй.
«Звычайны дом, яшчэ ў канцы 1990-х Васільевіч яго пабудаваў. Ён вельмі добры», — сказаў пра Крыштаповіча таксіст Аляксандар, які падвозіў журналістаў.
Дом Крыштаповіча сапраўды ня тых памераў, якімі адзначаюцца катэджы вышэйшых чыноўнікаў ды вядомых спартоўцаў у менскіх Драздах, але зроблены з густам і выдатна дагледжаны.
Але з гаспадарамі дома пагутарыць не ўдалося: пасьля званка ў вароты ніхто з дому ня выйшаў. Праз плот было відаць, што ў двары прыбрана, адчувалася, што гаспадары яўна зьбіраліся вярнуцца — на сасонцы каля плота яшчэ вісяць навагоднія ліхтарыкі. Пад тэнтам стаіць аўтамабіль. Сабакі ў двары не было.
Што казалі ў Гарадзеі пра дырэктара заводу Міхаіла Крыштаповіча?
Ужо знаёмы нам Леанід Качановіч асабліва падкрэсьліваў, што на дырэктару Гарадзейскага цукровага камбінату трымаецца ня толькі вытворчасьць, але і ўвесь лад жыцьця ў пасёлку.
«На ім тут і гаспадарка, і сацыялка, і спорт — каб ня ён, мужыкі б у нядзелю пілі, а так на футбол ідуць. Вось толькі што размаўляў з жыхарамі пасёлку: насамрэч баяцца, што цяпер будзе. Пра Васільевіча ўсе кажуць, што чалавек вельмі добры і не пра сябе найперш клапаціўся, а пра людзей. На камбінаце сярэдні заробак за тысячу рублёў — што тут казаць».
На самім Гарадзейскім цукровым камбінаце з намі пагадзіўся сустрэцца і пагаварыць толькі спэцыяліст аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю Аляксандар Яцук.
Намесьнікі дырэктара, як сказаў спадар Яцук, хто ў ад’езьдзе, хто на вытворчасьці.
Зьвесткі пра сярэдні заробак у больш як тысячу рублёў Аляксандар Яцук камэнтаваць адмовіўся, але сказаў, што працаўнікі атрымліваюць добрыя па пасялковых мерках грошы, прычым трымаюцца за свае месцы ня толькі з гэтай прычыны.
«Тут працуе крыху больш за тысячу чалавек, але праца залежыць і ад сэзону. Клімат у калектыве выдатны, і гэта таксама заслуга дырэктара: просты рабочы для яго такі ж каштоўны чалец калектыву, як і адказны менэджар», — сказаў Аляксандар Яцук.
Паводле суразмоўцы, калі летась у сьнежні камбінат адзначаў 60 год заснаваньня, дык ня толькі працаўнікі, але і тыя, хто ўжо на пэнсіі, атрымалі прэміі і падарункі.
«Нікога пастараліся не забыць і не абмінуць увагай», — сказаў Аляксандар Яцук.
Гэта мы спраўдзілі ў мясцовай краме, дзе жанчыны сталі ў чаргу па каўбасы, крупы ды іншыя прадукты.
«Так і ёсьць. Мне вунь на 60-годзьдзе заводу падарылі грошы — 123 рублі», — сказала былая працаўніца цукровага заводу Галіна.
Паводле Галіны, пэнсіянэры з камбінату атрымліваюць на сьвяты і прадуктовыя падарункі.
«Сокі, павідла, тушонку даюць. Гэта ўсё дзякуючы Крыштаповічу. Не пішыце пра яго дрэнна, усё роўна не паверым. Ён вернецца», — мяркуе Галіна.
Прадавачка крамы «Дуброва» Натальля не такая аптымістка. Яна мяркуе па настроі пакупнікоў, а той апошнімі днямі заўважна зьмяніўся.
«Людзі нейкія засмучаныя, асабліва тыя, хто з заводу. Менш усьмешак, больш пахмурных поглядаў. Відаць, усё ж бянтэжыць іх такая сытуацыя з дырэктарам. Ніхто ж ня ведае, за што», — кажа прадавачка Натальля.