Як паведаміў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, 30 студзеня ня стала Зьмітра Шэвеля — сябра незалежнага прафсаюзу РЭП і сябра БНФ. Яму быў 51 год.
На радзіме яго пазбавілі працы за палітычную і грамадзкую дзейнасьць, ён быў вымушаны шукаць варыянты працаўладкаваньня за мяжой.
«Партыя БНФ, усе мы згубілі сапраўднага змагара за нашу краіну, за нашу Беларусь. Цяжка нават усьведамляць, што Зьмітра больш ня будзе з намі», — адзначыў Рыгор Кастусёў на сваёй старонцы ў Facebook.
15 студзеня ў Зьмітра Шэвеля здарыўся інсульт. У гэты час ён быў у польскім горадзе Торунь, там яму зрабілі складаную апэрацыю. Ад таго часу ён заставаўся ў непрытомным стане.
Зьміцер Шэвель вырашыў шукаць працу за мяжой пасьля скарачэньня на пасадзе сыстэмнага адміністратара ў лагойскім прадпрымстве «Мінаўта». Актывіст лічыў звальненьне палітычным, бо зьбіраў подпісы за апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, быў назіральнікам на выбарах, сам вылучаўся кандыдатам у мясцовыя дэпутаты, неаднаразова быў затрыманы і аштрафаваны за ўдзел у акцыях пратэсту.
У сьнежні 2019 году ён пачаў працу ў клінінгавай кампаніі ў Торуні, але не пасьпеў аформіць мэдыцынскую страхоўку. За кожны дзень лячэньня ў шпіталі налічваліся вялікія грошы. Каб аплаціць лекі, пражываньне жонкі побач з хворым і юрыдычныя спрэчкі з працадаўцам, патрэбна было 4000 даляраў. Быў абвешчаны збор сродкаў. Цяпер яны спатрэбяцца для дастаўкі цела на радзіму.