За інфармацыю пра аўтамабіль Чыжа даюць 500 даляраў. Узнагароду абвясьціў былы топ-мэнэджар кампаніі «Трайпл» Мікалай Чукісаў.
Шукаецца аўтамабіль «Мэрсэдэс Бэнц» S500 (W 222) 2015 года выпуску, чорнага колеру, нумар 0708MP5. Аддзел прымусовага выкананьня прыняў пастанову аб затрыманьні і прымусовай адбуксіроўцы «Мэрсэдэса» на стаянку пад аховай. Зроблена гэта паводле рашэньня суду аб спагнаньні зь Юрыя Чыжа на карысьць Мікалая Чукісава больш як 288 тысяч рублёў. На «Мэрсэдэс» Чыжа наклалі арышт 22 лістапада 2019 году. Але, як гаворыцца ў пастанове, месцазнаходжаньне аўтамабіля «ўстанавіць не ўдалося».
Мікалай Чукісаў сьцьвярджае, што апошні раз гэты аўтамабіль бачылі месяц таму ў раёне гарналыжнага комплексу «Лагойск». Аднак тады яго затрымаць не змаглі.
«Я яго ўбачыў пасьля 20 сьнежня, тэлефанаваў у міліцыю, што ў раёне Лагойску езьдзіць такі мэрсэдэс. Але мне сказалі, каб я паведаміў, дзе ён канкрэтна стаіць, і тады яны выедуць дзеля буксіроўкі. Потым аўтамабіль прапаў, перастаў езьдзіць. Апошні раз яго бачылі напярэдадні каталіцкіх Калядаў на мыйцы. Памыў машыну — і капец», — сказаў праз тэлефон карэспандэнту Свабоды Мікалай Чукісаў.
Ён дадаў, што паводле рашэньня суду Юры Чыж вінен яму 288 тысяч рублёў, і гэтай машынай «можна было б закрыць палову доўгу, які Чыж вінен мне».
«Чыж перашкаджае выкананьню судовага рашэньня, хавае гэты аўтамабіль і добраахвотна ня хоча зь ім разьвітвацца. Таму я вырашыў, што ратаваньне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў, бо ніхто гэтага ня будзе шукаць. Я вымушаны рабіць захады, каб самому шукаць гэтую маёмасьць», — сказаў Мікалай Чукісаў.
Ён лічыць, што «Мэрсэдэс» Чыжа можа знаходзіцца як у Беларусі, так і ў Расеі. Напрыклад, у раёне аэрапорту Дамадзедава або Шарамецьева.
Свой зварот аб узнагароджаньні за інфармацыю пра «Мэрсэдэс» Чыжа Мікалай Чукісаў зьмясьціў у інтэрнэце пасьля ўзгадненьня з адвакатам. Пакуль тэлефанавалі толькі людзі з Масквы, якія могуць дапамагчы праверыць запісы на відэакамэрах, таксама зьвярталіся экстрасэнсы.
«Цяпер органы прымусовага выкананьня ўскладняюць жыцьцё гэтай машыне. Таму Чыж, відаць, на ёй ня езьдзіць, а проста схаваў», — сказаў Мікалай Чукісаў.
Мікалай Чукісаў мае доўг перад «Трайплам», які, паводле рашэньня суду, ён выплачвае «ў меру сваіх магчымасьцяў».
«Я вінен „Трайплу“ грошы, яны мелі дакумэнты, права, хоць несправядлівае і бесчалавечнае, але тым ня менш яны ім скарысталіся і падалі на мяне ў суд. А потым так склаліся абставіны, што і Чыж мне вінен грошы. І ў нас узаемны доўг, хоць яго доўг большы, чым мой. Ён вінен мне каля 140 тысяч даляраў, а я, паводле апошняй даведкі „Трайпла“, вінен яму 127 тысяч даляраў», — сказаў Мікалай Чукісаў.
Цяпер у Лагойскім раённым судзе разглядаецца пазоў «Трайпла» да Мікалая Чукісава і яго былой жонкі Іны Чукісавай. Кампанія, асноўны ўладальнік якой — Юры Чыж, паведамляе Tut.by, спрабуе даказаць факт няважнасьці ўгоды па продажы дома ў катэджным пасёлку «Лагожаск» паміж Чукісавым і яго былой жонкай.
Чыж не камэнтуе
Юры Чыж, якому патэлефанаваў карэспандэнт Свабоды, сказаў, што камэнтаваць ініцыятыву Мікалая Чукісава, «відаць, ня варта ні вам, ні мне».
«Давайце ўжо ня будзем апускацца на гэты ўзровень», — сказаў Юры Чыж.
Вядома, што Юры Чыж падчас затрыманьня ў 2016 годзе «на велізарнай хуткасьці, 220 кілямэтраў у гадзіну, накіроўваўся ў бок літоўскай мяжы, потым накіраваўся на берасьцейскую трасу». Як паведаміў тады кіраўнік КДБ Валеры Вакульчык, «мы вымушаныя былі задзейнічаць плян „Перахоп“, каб яго затрымаць і даставіць у СІЗА». Ці той гэта аўтамабіль, на якім «уцякаў» Чыж, высьветліць дакладна не ўдалося.