Грамадзянка Ізраіля Наама Ісахар зьвярнулася да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з просьбай аб памілаваньні. У кастрычніку 2019 году расейскі суд прыгаварыў Ісахар да 7,5 года турэмнага зьняволеньня за захоўваньне і кантрабанду наркотыкаў, паведамляе «Настоящее время».
Напярэдадні яе адвакаты з Pen&Paper размаўлялі з прэс-сакратаром прэзыдэнта Дзьмітрыем Пясковым, які заявіў, што для памілаваньня неабходны асабісты зварот дзяўчыны да Пуціна.
«У выніку нашага абмеркаваньня Наама прыняла рашэньне зьвярнуцца да прэзыдэнта РФ з хадайніцтвам аб памілаваньні і вызваленьні, і такое хадайніцтва ёю ўжо пададзена ў пісьмовым выглядзе ў вызначаным парадку праз адміністрацыю сьледчага ізалятара, у якім яна знаходзіцца», — гаворыцца ў заяве калегіі адвакатаў.
Папярэдняе пасяджэньне камісіі ў справе ізраільцянкі прызначана на вечар 27 студзеня.
Расейскія мытнікі затрымалі 25-гадовую Ісахар 9 красавіка ў аэрапорце Масквы з 9,6 г гашышу ў багажы — іх унюхаў службовы сабака. Дзяўчына ляцела транзытным рэйсам з Дэлі ў Тэль-Авіў з прыпынкам у Маскве. Яна прызнала, што ў яе багажы сапраўды знаходзіцца наркотык, але не прызнала абвінавачаньня ў кантрабандзе.
Дзяўчыну адразу ж зьмясьцілі ў СІЗА. Пракуратура патрабавала для яе 8 гадоў пазбаўленьня волі, але па такіх артыкулах ёй магло пагражаць да 10 гадоў.
Міністэрства замежных спраў Ізраіля заявіла, што прысуд дзяўчыне «празьмерна строгі». Афіцыйна ў Ізраілі дэкрыміналізавалі ўжываньне марыхуаны ў асабістых мэтах з 2019 году. З 1994 году ў Ізраілі дазволена ўжываць марыхуану з дазволу лекара хворым на рак, хваробу Паркінсона, расьсеяны склероз, хваробу Крона і хранічныя болі.