19 сьнежня ў Тэль-Авіве каля расейскай амбасады прайшла акцыя беларускіх ізраільцян супраць імпэрскіх плянаў Расеі ў інтэграцыі зь Беларусьсю, а таксама дзеля падтрымкі Наамы Ісахар, якую арыштавалі расейскія ўлады.
Гучалі лёзунгі на іўрыце і беларускай мове: «Беларусь — гэта не Расея», «Саюз з Расеяй — вайна і галеча», «Вярніце Нааму дадому».
Напачатку пікету з расейскай амбасады выйшлі яе супрацоўнікі, якія мелі прэтэнзіі да пікетоўцаў, паведаміў арганізатар акцыі Барыс-Давід Балтэ:
«Аргумэнтам супрацоўнікаў амбасады было перакананьне, што мы, маўляў, адзін народ, усё жыцьцё жылі ў адной дзяржаве».
Акцыя прайшла пад ізраільскім і беларускім нацыянальным бела-чырвона-белым сьцягамі.
Наама Ісахар — 25 гадовая ізраільцянка. 9 красавіка яе затрымалі ў аэрапорце Масквы, бо службовы сабака ўнюхаў у ейным багажы наркотык — 9,6 грама гашышу. Нядаўна ў Маскве яе асудзілі на 7 з паловай гадоў калёніі за кантрабанду і захоўваньне наркотыкаў. Хоць адвакаты сьцьвярджалі, што падчас перасадкі Наама не магла мець доступу да багажу, таму і ня можа быць гаворкі пра кантрабанду наркотыкаў у Расею.
Міністэрства замежных спраў Ізраілю заявіла, што прысуд «несувымерна строгі». Прэзыдэнт Ізраілю Рэўвэн Рыўлін папрасіў Уладзіміра Пуціна памілаваць асуджаную, бо, «хоць Наама зрабіла сурʼёзную памылку і прызналася ў гэтым, такое працяглае зьняволеньне можа жахліва паўплываць на ейнае жыцьцё». Уладзімір Пуцін да просьбы не прыслухаўся.