Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў 26 студзеня, што яго адвакаты «разарвалі на шматкі» аргумэнты дэмакратаў, якія патрабуюць асудзіць яго паводле артыкулаў аб імпічмэнце і адхіліць ад пасады, паведамляе Голас Амэрыкі.
Празь дзень пасьля таго, як яго адвакаты пачалі прадстаўляць аргумэнты ў абарону прэзыдэнта падчас справы аб імпічмэнце ў Сэнаце, Трамп напісаў у «Твітэры»: «сфабрыкаваны імпічмэнт — гэта буйнамаштабнае ўмяшаньне ў ход выбараў, падобнага якому не было ў гісторыі».
Трамп таксама атакаваў галоўнага абвінаваўцу дэмакратаў, кангрэсмэна Адама Шыфа, назваўшы яго «карумпаваным палітыкам і, верагодна, вельмі хворым чалавекам».
«Ён яшчэ не заплаціў за тое, што зрабіў з нашай краінай!» — дадаў Трамп.
Разгляд справы Трампа адновіцца 27 студзеня, калі яго адвакаты працягнуць пераконваць сэнатараў, што прэзыдэнт не зрабіў нічога супрацьзаконнага, калі ў ліпені летась папрасіў украінскія ўлады пачаць расьсьледаваньне ў дачыненьні да аднаго з галоўных супернікаў на выбарах 2020 году, былога віцэ-прэзыдэнта Джо Байдэна.
Трамп абвінавачваецца ў злоўжываньні паўнамоцтвамі і перашкодзе намаганьням Кангрэсу расьследаваць яго дзеяньні, зьвязаныя з Украінай.
Юрысконсульт Белага дому Пэт Сіпалонэ пачаў прадстаўляць аргумэнты ў абарону Трампа 25 студзеня. Ён заявіў, што высунутыя дэмакратамі ў Палаце прадстаўнікоў абвінавачаньні «нават блізка не падыходзяць» пад паняцьце «сур’ёзных злачынстваў або правінаў», якія Канстытуцыя ўсталёўвае ў якасьці стандарту для імпічмэнту.
Раней на працягу трох дзён свае аргумэнты прадстаўлялі дэмакраты.
Для адхіленьня Трампа ад пасады патрабуецца дзьве траціны галасоў у Сэнаце. Пакуль ніхто з рэспубліканцаў, якія маюць у Сэнаце большасьць, не заявіў, што падтрымае імпічмэнт.