У швайцарскім Давосе скончыўся Ўсясьветны эканамічны форум. У юбілейнай 50-й сустрэчы ўзялі ўдзел лідэры дзяржаў, прадстаўнікі міжнародных арганізацый і бізнэсу, вядомыя міжнародныя актывісты.
Форум сабраў каля 3000 удзельнікаў з 117 краін, у тым ліку лідэраў больш як 50 дзяржаў. Свабода прапануе некаторыя выказваньні гасьцей сустрэчы.
Пра сакрэт посьпеху ЗША
Мы працягваем укараняць тэхналёгіі. Калі людзі будуць вольныя ў інавацыях, мільёны будуць жыць даўжэй, будуць шчасьлівейшымі і здаравейшымі.
Сьвет ня зробіць ані кроку далей, калі замест таго, каб упэўнена глядзець у будучыню, акунецца ў апакаліптычныя прароцтвы пэсымістаў.
Дональд Трамп, прэзыдэнт ЗША
Пра сьмерць капіталізму
Капіталізм у тым выглядзе, у якім мы яго ведаем, мёртвы. Гэтая апантанасьць максымізацыяй прыбытку толькі для акцыянэраў прывяла да ўзьнікненьня надзвычайнай кліматычнай сытуацыі.
Марк Бэньяф, генэральны дырэктар карпарацыі Salesforce.com
Пра «простых людзей»
Ініцыятывы не павінны прыходзіць толькі ад прасьветленых кіраўнікоў бізнэсу і ўрадаў. Мы павінны прыцягнуць людзей. У іх ёсьць ідэі. Мы павінны даць ім сродкі, каб рэалізаваць свае ідэі.
Кляўс Шваб, заснавальнік форуму і выканаўчы старшыня
Пра дрэвы
Каб уратаваць дрэвы, людзі павінны даваць ім імёны.
Джуд Голэд, эколяг
Пра штучны інтэлект
Штучны інтэлект — гэта адна з самых фундамэнтальных рэчаў, над якімі мы працуем як чалавецтва. Гэта важней, чым агонь або электрычнасьць. Для яго бясьпекі неабходныя глябальныя прававыя рэгуляцыі.
Сундар Пічай, кіраўнік Google
Пра надзею
Я лічу, што найлепшая доўгатэрміновая стратэгія палягае ў доступе да якаснай адукацыі, у прыватнасьці да адукацыі, якая ўзмацняе аўтаномію асобы праз узгадаваньне крытычнага мысьленьня і акадэмічнай свабоды.
Джордж Сорас, мільярдэр
Пра падаткі глябальных карпарацый
Найбуйнейшыя кампаніі ў сьвеце зарабляюць мільярды даляраў. Колькі падаткаў яны плацяць зь іх там, дзе яны знаходзяцца, а ня там, адкуль прыходзяць іхнія даходы? Так быць ня можа. Сёлета тэхналягічныя карпарацыі будуць плаціць у Францыі лічбавы падатак.
Бруно Лё Мэр, міністар фінансаў Францыі
Пра важнасьць інфармацыі
Калі ў вас дастаткова дадзеных, вам ня трэба пасылаць салдат, каб мець кантроль над краінай. Мы знаходзімся ў тым пункце, калі кампаніі або ўрады могуць «узламаць» мільёны людзей. Гэта азначае, што яны ведаюць маю мэдычную гісторыю, асабістыя слабасьці, ведаюць мяне лепш, чым я сам.
Юваль Гарары, ізраільскі гісторык
Пра новую адукацыю
Трэба шанаваць навыкі, а ня толькі дыплёмы. Трэба мець новыя адукацыйныя мадэлі і новыя шляхі, каб перавучваць людзей і вяртаць іх у лік працаўнікоў.
Джыні Рамэці, генэральная дырэктарка IBM
Пра «падатковыя раі»
Ліквідацыі «падатковых раёў» і «гермэтызацыі» ПДВ хопіць для фінансаваньня другога паралельнага бюджэту ЭЗ. Менавіта таму так неабходная падатковая салідарнасьць.
Справаздача Польскага эканамічнага інстытуту
Пра экалёгію
Нам трэба скараціць датацыі на выкапні. Як падаткаплатнік я зусім не магу прыняць ідэю, што мае падаткі ідуць на ўзмацненьне ўраганаў, «адбельваньне» каралаў альбо раставаньне леднікоў.
Антонію Гутэрыш, генэральны сакратар ААН
Пра свабоду перасоўваньня
Мы атрымлівалі прыбытак ад свабоднага перамяшчэньня працоўнай сілы ў ЭЗ, бо ў адваротным выпадку нам у Нямеччыне не ўдалося б задаволіць усе патрэбы ў кваліфікаванай рабочай сіле.
Оляф Шольц, міністар фінансаў Нямеччыны
Пра ўсьведамленьне важнасьці кожнага
Мы ўсе павінны кожны дзень змагацца за роўнасьць, за лепшае жыцьцё. Вельмі важна, каб кожны браў у гэтым удзел, гэта не чужы нечы клопат. Менавіта таму я пайшла ў палітыку.
Сана Марын, прэм’ер-міністарка Фінляндыі
Пра ўсясьветны акіян
Пры цяперашніх тэмпах да 2050 году вага плястыку ў акіяне перавысіць вагу ўсіх рыб у акіяне.
Альбэрт Гор, былы віцэ-прэзыдэнт ЗША, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за 2007 год.
Пра РОЗНЫ актывізм
Мы павінны акунуцца ў сьвет актывізму і розных пэрспэктыў. Калі мы навучым дзяцей толькі аднаму спосабу жыць, толькі пра белых навукоўцаў і белых палітыкаў, яны ня будуць расьці і паважаць чарнаскурых...
Наомі Ўодлер, 13-гадовая актывістка супраць дыскрымінацыі афра-амэрыканскіх дзяўчат
Пра патрэбу асьветы
Я не магу злавацца на неадукаванасьць грамадзтва, калі я не гатовая зрабіць што-небудзь дзеля асьветы грамадзтва.
Молі Бурк, папулярная канадзкая ютубэрка